25-09-2016, 14:01

Ян Баршчэўскі

Калі б зрабіць храналагічны спіс усіх беларускамоўных твораў XIX ст., то самымі першымі ў ім стаялі б вершы Яна Баршчэўскага. Якраз з іх, вершаў на роднай мове, пачынаў паэт сваю творчую пуцявіну...
Родам Ян Баршчэўскі (1794—1851) з маляўнічай Полаччыны, з вёскі Мурагі над люстранай Нешчардай (цяперашняга Расонскага раёна). Паходзіў ён, як сказаў адзін з яго біёграфаў, «з беднай, але сумленнай шляхты». Дакладная дата нараджэння Яна Баршчэўскага яшчэ не высветлена. Адны біёграфы лічаць, што нарадзіўся ён у 1790 г., другія — у 1794 г., трэція у 1796 ці 1797 гг. Больш верагоднай усё ж здаецца дата, што называе яго сучаснік і блізкі сябра Рамуальд Друцкі-Падбярэскі (Падбярэскі) — 1794 г.
Вучыўся Ян Баршчэўскі ў Полацкай езуіцкай калегіі. Пасля яе заканчэння ён хацеў паступіць у славуты Віленскі ўніверсітэт. Аднак туды не пусціла «сумленная беднасць» бацькоў. Нехта падказаў юнаку дарогу ў іншы бок — у расійскую сталіцу Санкт-Пецярбург, куды ён прыехаў недзе каля 1817 г. Зарабляў там на хлеб рэпецітарствам, гувернёрствам, працаваў выкладчыкам грэчаскай і лацінскай моў у розных навучальных установах сталіцы. Вядома яшчэ, што служыў паэт у марскім ведамстве, і гэта дало яму магчымасць пабываць у Фінляндыі, Францыі, Англіі.
У Пецярбургу сярод землякоў-беларусаў Ян Баршчэўскі арганізаваў літаратурны гурток. У яго ўваходзілі таварыш па Полацкай калегіі паэт Гаўдэнты Шапялевіч, выдавец, літаратар і этнограф Рамуальд Друцкі-Падбярэскі, зямляк-палачанін пісьменнік Вінцэнты Рэут і інш. З іх дапамогай Ян Баршчэўскі ўзяўся выдаваць літаратурны альманах-штогоднік «Незабудка», які выходзіў на польскай мове — тагачаснай літаратурнай мове Беларусі. Апрача названых пісьменнікаў гуртаваліся вакол «Незабудкі» яшчэ літаратары-беларусы Юльян Барташэвіч, Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Аляксандр Грот-Спасоўскі і інш.
У 20-х гадах XIX ст. Ян Баршчэўскі сустрэўся і блізка пазнаёміўся з высланым у Расію «ліцвінам» Адамам Міцкевічам, якому не без хвалявання паказаў свае вершы і які, упадабаўшы іх, даваў паэту-земляку добрыя парады, нават сваёй рукой папраўляў асобныя радкі тых твораў. Важнай падзеяй у жыцці Яна Баршчэўскага таксама было знаёмства з Тарасам Шаўчэнкам, які быў вельмі жаданым госцем у гуртку беларускіх літаратараў. Украінскі патрыятызм Вялікага Кабзара стымуляваў беларускую патрыятычную творчасць Яна Баршчэўскага і ўсіх гурткоўцаў.
Жывучы ў Пецярбургу, Ян Баршчэўскі ні на хвіліну не забываў пра сваю радзіму Беларусь, куды ён наведваўся ў любую вольную часіну.
Як піша «Иллюстрированная газета», «жыццё Баршчэўскага прайшло ў безупынных вандраваннях. Вясною ён штогод накіроўваўся з Пецярбурга на бацькаўшчыну, вандраваў сярод беларускіх сялян у Наддзвінні, прабіраўся ледзь прыкметнымі сцяжынкамі праз глухія пушчы. Баршчэўскі ведаў Беларусь так, як лепш нельга, ён прайшоў яе ўдоўж і ўпоперак разоў трыццаць і, нарадзіўшыся, а не стаўшы беларусам, разумеў усе класы беларускага грамадства і яго ўсе разумелі...»
У сярэдзіне 40-х гадоў паэт змушаны быў пераехаць на Валынь, у горад Чуднаў, дзе жыў у княгіні Ржавускай разам з беларускім мастаком Напалеонам Ордам. Там жа неўзабаве і памёр ад сухотаў.
Літаратурную творчасць, як ужо адзначалася, Ян Баршчэўскі пачаў з беларускамоўных вершаў, першыя з якіх — «Дзеванька» (прысвечаны гожай паненцы Максімавічанцы) і, верагодна, «Гарэліца» — былі напісаны ў 1809 г. Праз тры гады з’явіўся аб’ёмісты вершаваны твор «Бунт хлопаў» (альбо «Рабункі мужыкоў», «Размова хлопаў») пра расійска-французскую вайну 1812 г. на Беларусі. Свае беларускамоўныя творы, якіх, відаць, было нямала, паэт пісаў не для друку, бо добра разумеў, што для іх не прыйшла яшчэ пара. Для друку ён пісаў па-польску — такая была сітуацыя. На першым этапе сваёй творчай дарогі Ян Баршчэўскі трымаўся канонаў класіцызму. У класічным стылі напісаны, напрыклад, паэмы «Пояс Венеры», «Псіхея», якія не захаваліся.
Пад уплывам рамантызму і ў першую чаргу Адама Міцкевіча звярнуўся да беларускага фальклору. На аснове беларускага эпасу, паданняў і легендаў напісаў некалькі балад, якія друкаваў на старонках сваёй «Незабудкі», — «Русалка-чараўніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Зарослае возера», дзе адчуваецца налёт сентыменталізму.
Важнае месца ў творчасці Яна Баршчэўскага займаюць празаічныя творы, у якіх ён хацеў пазнаёміць чытача з Беларуссю, яе вераваннямі, міфалогіяй, характарам народа. У 1843 г. у польскамоўным часопісе «Rocznik Literacki», які выдаваў у Пецярбургу Рамуальд Друцкі-Падбярэскі, быў апублікаваны яго «Нарыс паўночнай Беларусі». А неўзабаве пачаў друкавацца самы буйны і самы значны твор Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», які ў 1844—1846 гг. выйшаў у Пецярбургу ў трох тамах. Уступны артыкул да кнігі напісаў Рамуальд Друцкі-Падбярэскі, які горача вітаў з’яўленне гэтага твора, пранізанага беларускім духам. Крытык Міхал Грабоўскі таксама пісаў, што ў кожным слове «Шляхціца Завальні...» «быццам чуеш беларуса». Асабліва ярка праявілася беларуская нацыянальная ідэя ў вобразе Плачкі. «Забытая амаль усімі, — піша пра гэты вобраз у аўтарэфераце сваёй дысертацыі Мікола Хаўстовіч, — Плачка-Беларусь вымушана адзець сялянскае ўбранне, на якое з пагардай глядзяць прадстаўнікі вышэйшых класаў грамадства. Таму яе Жывая вада, здольная абудзіць нацыянальную самасвядомасць, не трапляе да іх. Паны і шляхта ў адрозненне ад простага народа нічога не жадаюць ведаць пра Плачку. Яны звязваюцца з чарнакніжнікамі, аддаюць свой край ва ўладу Белай Сарокі, валадарніцы паўночнай дзяржавы, а самі ў абліччы мядзведзяў ахоўваюць яе багацці, наводзяць на Беларусь асташкаўцаў, што знішчаюць нашу прыроду і псуюць народныя норавы».
У 1849 г. Ян Баршчэўскі выдаў у Кіеве зборнік «Проза і вершы», куды ўвайшлі аўтабіяграфічная паэма «Жыццё сіраты», аповесць «Душа не ў сваім целе», прататыпам галоўнага героя якой быў, як лічаць, беларускі паэт Франц Савіч.

К. Цвірка

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.