25-09-2016, 14:02

Язэп Лёсік

Празаік, публіцыст, мовазнавец, літаратуразнавец, грамадска-палітычны дзеяч, акадэмік БАН Язэп Лёсік нарадзіўся 6 лістапада 1883 года ў вёсцы Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне ў сям’і сялян-арандатараў блізкай да Якуба Коласа (маці Кастуся Міцкевіча Ганна – родная сястра Язэпа Лёсіка).
Вучыўся Язэп Лёсік у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (дзе настаўнічаў яго брат Антон), здаў экзамен на званне настаўніка народнай школы (1902), працаваў настаўнікам. Актыўна ўключыўся ў нелегальны рух супраць самадзяржаўя, быў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры (1911), у г. Кірэнск (Іркуцкая губерня), затым Бадайбо, дзе пазнаёміўся з Алесем Гаруном. Там з 1912 года і пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Пасылаў з Кірэнска ў «Нашу ніву» свае карэспандэнцыі, апавяданні, публіцыстычныя нататкі з характэрнымі назвамі «Ці запраўды мы ніколі не будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сянкевіча, Талстога?», «Пра лёс беларускага народа і яго мовы». Спрабаваў пісаць вершы.
З высылкі Язэп Лёсік вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Жыў у Мінску, стаў адным з самых дзейсных удзельнікаў нацыянальнага адраджэння: уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў газету «Вольная Беларусь» (1917-1918), прымаў удзел у працы 2-га з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый, быў абраны старшынёй Выканаўчага камітэта Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, ствараў Беларускі настаўніцкі саюз, удзельнічаў у абвяшчэнні БНР, увайшоў у склад яе Рады, з 14 траўня 1918 года быў Старшынёй Рады БНР. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, курсаў беларусазнаўства. Пераклаў на беларускую «Маніфест Камуністычнай партыі» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса.
У 1919-1920-х гадах супрацоўнічаў у газетах «Звон», «Беларусь», працаваў над «Практычнай граматыкай беларускай мовы» і хрэстаматыяй беларускай літаратуры «Наша крыніца». З 1921 года адышоў ад грамадска-палітычнай дзейнасці і цалкам засяродзіўся на педагагічнай і навуковай рабоце: чытаў курс беларускай мовы ў БДУ, на лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме. З першых дзён заснавання Інбелкульта ўдзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі, выступаў на Акадэмічнай канферэнцыі, выказваў свае думкі і меркаванні адносна рэформы правапісу (1926). З 1928 года – правадзейны член Беларускай акадэміі навук, дырэктар Інстытута навуковай мовы, у 1930 годзе прызначаны старшынёй Тэрміналагічнай камісіі. Выходзіць шмат яго навуковых артыкулаў па мове, гісторыі, літаратуры («Наш правапіс», «Родная мова і яе значэнне», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Да «рэвізіі» беларускага правапісу», «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца», «Кароткая гісторыя культурнага жыцця беларускага народа»). Як літаратуразнавец і крытык піша аб творах беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Я. Карскага, Сцяпана Некрашэвіча, Яна Чачота, перарабляе на сучасную беларускую мову «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, напісаную на пінчуцкай гаворцы. Выдаў падручнікі па беларускай мове для школ і тэхнікумаў «Школьная граматыка», «Фанетыка», «Марфалогія», «Сінтаксіс».
Максім Гарэцкі, падкрэсліваючы талент Лёсіка-празаіка, нацыянальны характар яго творчасці, багатую палітру вобразна-маляўнічых сродкаў глыбокае веданне беларускага жыцця, адзначаў што «гэтага слаўнага пісьменніка чакае яшчэ слаўнейшая будучыня».
Але тут Максім Гарэцкі памыліўся. Слаўнага сына беларускай зямлі Язэпа Лёсіка чакала зусім адваротнае. 17 ліпеня 1930 года падчас адпачынку на Каўказе (Мацэста), куды пісьменнік паехаў паправіць страчанае ў сібірскай ссылцы здароўе, ён быў арыштаваны органамі НКУС. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў міфічным «Саюзе вызвалення Беларусі», пазбавілі звання акадэміка, выслалі ў 1931 годзе на 5 гадоў у Камышын, куды да яго ў 1933 годзе прыехала сям’я (Язэп Лёсік быў жанаты з дачкой Ядвігіна Ш. Вандай Лявіцкай), што вельмі рэдка здаралася. У 1934 годзе пісьменнік быў амніставаны, аднак вярнуцца ў Мінск яму не дазволілі. Сям’я Лёсікаў пасялілася на Браншчыне, дзе Язэп Лёсік змог уладкавацца настаўнікам у Малавышкаўскую школу. Хутка яму адмовілі там у працы, давялося пераехаць у в. Дубаўка Саратаўскай вобласці. Восенню 1937 года Лёсікі пераехалі ў г. Аткарск, дзе Язэп Лёсік выкладаў у педгэхнікуме рускую мову і літаратуру і напісаў сваю апошнюю працу «Сінтаксіс рускай мовы» для педвучылішчаў. 25 чэрвеня 1938 года яго зноў арыштавалі і 1 красавіка 1940 года расстралялі. Яму тады было 57 гадоў.


Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.