Адзін з самых выдатных дзеячаў культуры 20-30-х гадоў XX ст., драматург, паэт, празаік, акцёр, рэжысёр, мастак-жывапісец Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб) нарадзіўся 3 (15) мая 1882 года ў сям’і рабочага-чыгуначніка (станцыя Лясная каля Баранавічаў). У хуткім часе сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька ўладкаваўся на працу ў дэпо. Уладзіслаў скончыў царкоўнапрыходскую школу, вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Рана зазнаў нястачы, калі трагічна загінуў бацька і давялося ісці працаваць, каб дапамагаць сям’і. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у магазіне, слесарам у Мінскім дэпо. У 1917-1920 гадах – акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. 3 1920 да 1922 года – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа Галубка», а ў 1932 годзе атрымаў назву БДТ-3.
Ніколі не зарасце, не згубіцца дарога да нацыянальнай святыні, літаратурна-мемарыяльнага Музея-сядзібы аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, пісьменніка, публіцыста, перакладчыка Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.
Францішак Багушэвіч – самы яркі нацыянальны паэт XIX стагоддзя. Талент яго, гэты "Божы дар", дадзены яму ад прыроды, выдатна дачыніўся да станаўлення літаратуры, якую тады не прызнавалі, а калі прызнавалі, дык адгукаліся з вялікаю неахвотаю і пагардаю. Калі да Францішка Багушэвіча беларуская паэзія мела нешырокі рэзананс, дык пасля яго розгалас пра яе пайшоў па ўсім славянскім свеце. Менавіта творчасць Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе), хай сабе і невялікая, аднак яркая літаратурная спадчына, адназначна зацвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг. Францішак Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая "і ёсць адзежа душы", акрэсліваючы межы роднай старонкі: " Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…".

25-09-2016, 14:02

Эліза Ажэшка

Сучаснікі называлі Элізу Ажэшку "жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі". Амаль усё жыццё пражыла яна ў правінцыяльным Гродне, дзе і напісала большасць сваіх празаічных твораў, перакладзеных сёння на шматлікія мовы народаў свету. Літаратурная спадчына пісьменніцы расказвае людзям праўду пра прыроду, звычаі і побыт насельнікаў яе роднай зямлі, колішніх Тутэйшых, якіх сёння называюць беларусамі і якія могуць у творах сваёй знакамітай зямлячкі прачытаць сапраўдную гісторыю роднага краю.
Шлях да сусветнай славы, якую прынесла Э. Ажэшцы не толькі яе літаратурная творчасць, але і грамадская, асветніцкая дзейнасць, быў няпростым і нялёгкім.

25-09-2016, 14:02

Язэп Лёсік

Празаік, публіцыст, мовазнавец, літаратуразнавец, грамадска-палітычны дзеяч, акадэмік БАН Язэп Лёсік нарадзіўся 6 лістапада 1883 года ў вёсцы Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне ў сям’і сялян-арандатараў блізкай да Якуба Коласа (маці Кастуся Міцкевіча Ганна – родная сястра Язэпа Лёсіка).
Вучыўся Язэп Лёсік у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (дзе настаўнічаў яго брат Антон), здаў экзамен на званне настаўніка народнай школы (1902), працаваў настаўнікам. Актыўна ўключыўся ў нелегальны рух супраць самадзяржаўя, быў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры (1911), у г. Кірэнск (Іркуцкая губерня), затым Бадайбо, дзе пазнаёміўся з Алесем Гаруном. Там з 1912 года і пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Пасылаў з Кірэнска ў «Нашу ніву» свае карэспандэнцыі, апавяданні, публіцыстычныя нататкі з характэрнымі назвамі «Ці запраўды мы ніколі не будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сянкевіча, Талстога?», «Пра лёс беларускага народа і яго мовы». Спрабаваў пісаць вершы.

25-09-2016, 14:01

Ян Баршчэўскі

Калі б зрабіць храналагічны спіс усіх беларускамоўных твораў XIX ст., то самымі першымі ў ім стаялі б вершы Яна Баршчэўскага. Якраз з іх, вершаў на роднай мове, пачынаў паэт сваю творчую пуцявіну...
Родам Ян Баршчэўскі (1794—1851) з маляўнічай Полаччыны, з вёскі Мурагі над люстранай Нешчардай (цяперашняга Расонскага раёна). Паходзіў ён, як сказаў адзін з яго біёграфаў, «з беднай, але сумленнай шляхты». Дакладная дата нараджэння Яна Баршчэўскага яшчэ не высветлена. Адны біёграфы лічаць, што нарадзіўся ён у 1790 г., другія — у 1794 г., трэція у 1796 ці 1797 гг. Больш верагоднай усё ж здаецца дата, што называе яго сучаснік і блізкі сябра Рамуальд Друцкі-Падбярэскі (Падбярэскі) — 1794 г.

25-09-2016, 14:01

Янка Купала

У купальскую ноч 7 ліпеня 1882 года ў сям'і беззямельных шляхціцаў Дамініка і Бянігны Луцэвічаў нарадзіўся першынец — сын Янка, якому суджана было стаць вялікім паэтам Беларусі Янкам Купалам, праславіць свой род і край. На той час Луцэвічы жылі ў вёсцы Вязынка, што на Міншчыне, але, як і многія іншыя арандатары чужой зямлі, часта пераязджалі з месца на месца, шукаючы лепшай долі. У 1902 годзе сям'ю напаткала вялікае гора — памёр бацька Купалы і ў адначассе брат Казімір і дзве сястры. Будучы паэт у пошуках працы выпраўляецца "ў людзі": наймаецца хатнім настаўнікам, потым працуе пісарам, пазней — памочнікам вінакура.
Першапачатковую адукацыю Янка Купала атрымліваў у адной з падпольных польскамоўных школ, якія арганізоўвала ў Беларусі наша зямлячка славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка ў знак пратэсту супраць палітыкі расійскага самадзяржаўя. Таму першыя свае творы малады паэт напісаў па-польску, але ўжо 15 мая 1905 года ў газеце "Северо-Западный край" друкуецца беларускамоўны верш Янкі Купалы "Мужык". У 1908 годзе па ініцыятыве і з дапамогай беларускіх адраджэнцаў-нашаніўцаў паэт пераязджае ў Вільню, дзе служыць бібліятэкарам, актыўна супрацоўнічаючы з "Нашай нівай". У гэтым жа годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік "Жалейка", а праз год (у 1909 годзе) Янка Купала накіроўваецца на вучобу ў Санкт-Пецярбург на агульнаадукацыйныя курсы А. Чарняева. У Вільню ён вяртаецца ў 1913 годзе, каб узначаліць рэдакцыю "Нашай нівы". Гэты час быў асабліва плённы ў творчасці паэта: ён напісаў паэмы "Магіла льва", "Бандароўна", "Яна і я", драму "Раскіданае гняздо", надрукаваў кнігу паэзіі "Шляхам жыцця".
Праз некалькі гадоў (у 1919 годзе) Янка Купала піша верш "Мая навука", у якім асэнсоўвае свой лёс і свой шлях ад "яснавалосага хлопчыка", як называлі яго тагачасныя крытыкі, да вялікага песняра.

25-09-2016, 14:00

Янка Маўр

1883-1971

Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) — агульнапрызнаны "Бацька" беларускай дзіцячай літаратуры, прыйшоў у яе ў другой палове 20-х гадоў, і прыход гэты азнаменаваў наспелае ўжо тады вылучэнне яе ў спецыфічную, суверэнную галіну творчасці, звернутую пераважна да чытача дзіцячага ўзросту. Запозненасць такога вылучэння тлумачыцца асаблівасцямі беларускай рэчаіснасці, драматызмам гістарычнага лёсу народа, якія прадвызначылі тую акалічнасць, што беларуская літаратура для дзяцей апынулася сярод самых маладых усходнеславянскіх дзіцячых літаратур.
Маўр працягнуў і замацаваў той працэс "суверэнізацыі" дзіцячай літаратуры, які намеціўся ў пачатку XX ст. Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля служылі як бы мастком паміж "дарослай" і дзіцячай літаратурамі, дык з прыходам Янкі Маўра і А. Якімовіча (Ён быў фактычным рэдактарам часопіса "Беларускі піянер" з 1924 г., аўтарам шматлікіх вершаваных і празаічных твораў для дзяцей.), якія звязваюць свой творчы лёс выключна з літаратурай для дзяцей, апошняя пачынае выходзіць на самастойны шлях. Разам з тым Маўр не быў прыхільнікам самаізаляцыі. Наадварот, адстойваючы самасільнасць, самадастатковасць дзіцячай літаратуры, пісьменнік сцвярджаў агульнасць ідэйна-эстэтычных асноў, што аб'ядноўвае яе з літаратурай "дарослай" і абумоўлена самім жыццём, а таксама няўхільнымі законамі мастацтва наогул.
Творы Маўра падключаліся да агульнай плыні тагачаснай эпічнай прозы, якая была ўжо шырока прадстаўлена імёнамі Якуба Коласа, Міхася Зарэцкага, 3мітрака Бядулі, Цішкі Гартнага.


Назад
только у нас фильмы бесплатно, а так же и шаблоны dle
Вперед
Наверх