T1m Project
30-10-2016, 18:40

ЖАЎРОКОВАЯ ПЕСНЯ - ПАЎЛЮК БАГРЫМ

У горане часу неспапялімыя Над Беларуссю яго жаўрукі.
З.Дудзік У літаратуры кожнага народа есць мастакі слова, у спадчыну ад якіх нам засталося не так і шмат. У беларусаў - Паўлюк Багрым. Цяжкім і няпростым быў лёс гэтага юнака: гаротнае жыццё беднага сялянскага хлопца, рэкрутчына за распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, працяглая служба ў глыбіні Расіі. Але, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні лёсу, ён заставаўся мастаком слова - уладаром чалавечых душ. У творчай спадчыне П. Багрыма было тры вучнёўскія сшыткі, якія бясследна зніклі пры арышце юнага паэта. Напэўна, гэта былі вершы пра цяжкую долю беларускага народа, вершы антыпрыгонніцкай накіраванасці. А можа, гэта былі вершы пра каханне, аб прыгажосці беларускай зямлі. Захаваўся толькі адзін верш "Зайграй, зайграй, хлопча малы...", напісаны паэтам у 15-гадовым узросце. Верш прысвечаны Крошынскаму паўстанню 1828 г. Лірычным героем твора з'яўляецца падлетак-пастушок, уласнасць жорсткага пана, які "кіямі" закатаваў бацьку. Каб пазбегнуць рэкруцтва, хлопчык вырашае пакінуць родны дом і пайсці ў "свет, у бездарожжа". Думкі і пачуцці прыгоннага падлетка, скіраваныя ў бок пошукаў выйсця з безвыходнага становішча, вызначаюцца адчаем і бездапаможнасцю. Падлетак гатовы абярнуцца ў ваўкалаку, нарадзіцца каршуном - тады яго ў "паншчыну б не пагналі, у рэкруты б не забралі і ў маскалі не аддалі". Ён шкадуе, што да яго не дакрануўся сваім крылом кажан - тады б, па народным павер'і, ён навекі застаўся недаросткам і пазбег бы салдатчыны і паншчыны. Асабліва адчайна гучаць радкі, дзе пастушок зусім не хацеў бы нараджацца. Гэту думку ён звязвае з найдаражэйшым чалавекам - маці, якая, напэўна б, была больш шчаслівай і змагла пазбегнуць пакут з-за трагічнага лёсу сына:

Каб ты мяне не радзіла.
Каб ты мяне не карміла,
Шчасліўшая ты бы была!

У вершы П. Багрыма, які І. Навуменка назваў творам "з ліку бязлітасна-адчайных аб нежаданні жыць", матыў безвыходнасці крыху паслабляецца жаданнем героя знайсці выйсце, супрацьстаяць антычалавечым абставінам жыцця, не скарыцца лёсу. Верш кранае сілай пратэсту супраць прыгонніцтва і рэкруцтва, арганічнай спалучанасцю формы і зместу. Цесна звязаны з фальклорнымі традыцыямі (вобразы ваўкалака, каршуна, кажана, народна-песенныя звароты, паўторы), ён выявіў вялікія магчымасці беларускага паэтычнага слова. Вярнуўшыся з рэкрутаў, пастарэлы і знясілены, П. Багрым ужо не наважваўся брацца за пяро. Ён працаваў у Крошыне кавалём. Да нашага часу захавалася металічная жырандоль з арнаментальнымі жаўранкамі, па-мастацку зробленая П. Багрымам. Толькі два адбіткі свайго жыцця - верш і жырандоль - пакінуў нам у спадчыну П. Багрым. Пакінуў дзве жаўруковыя песні.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.