30-10-2016, 18:42

ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ (1807-1884) - ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч закладваў трывалы падмурак новай беларускай літаратуры, быў мастаком арыгінальнай творчай канцэпцыі і адметнага стылю, асобай яркай і каларытнай.

Усё жыццё і творчасць Дуніна-Марцінкевіча ў служэнні грамадзянскім ідэалам, у імкненні ўзвышаць людзей духоўна, маральна. Няхай не ўсе з ідэалаў, якімі натхняўся Дунін-Марцінкевіч, былі самымі перадавымі на свой час, яго творчасць – яркая мастацкая старонка ў адлюстраванні вельмі значнага адрэзку гісторыі беларускага народа. Амаль паўстагоддзя пісаў пісьменнік, а за гэты час Беларусь з феадальнай стала капіталістычнай, перажыўшы ілюзорныя надзеі на вызваленне ад прыгоннага ладу, гераічныя дні паўстання 1863 года і трагедыю яго паражэння, затым першыя два дзесяцігоддзі парэформеннага часу, якія ўнеслі свае драматычныя карэктывы ў жыццё беларускіх гарадоў і вёсак, ахопленых працэсамі шпаркага развіцця капіталізму.

На два перыяды прынята дзяліць творчы шлях Дуніна-Марцінкевіча – дарэформенны і паслярэформенны. Але ўся яго творчасць выяўляе даволі цэльны, аднойчы сфарміраваны і мала крануты іншымі ўплывамі светапогляд. Што ж фарміравала гэты светапогляд, якія акалічнасці жыцця паэта, якія ідэйныя ўплывы, літа- ратурныя плыні, грамадскія сувязі і кантакты?

"Пінская шляхта" (1866)

У фарсе-вадэвілі Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта" сварацца паміж сабой дзве сям'і. І ўсё з-за таго, што Іван Цюхай-Ліпскі назваў Ціхона Пратасавіцкага мужыком. А як можна дараваць такую "смяротную" крыўду пінскаму шляхціцу, як можна пасля гэтага згадзіцца на шлюб дачкі Марылі з сынам Пратасавіцкага Грышкам?!

"Пінская шляхта" - выдатнае дасягненне беларускай нацыянальнай драматургіі. Да з'яўлення "Моднага шляхцюка" К. Каганца і "Паўлінкі" Я. Купалы гэта была першая беларуская камедыя. Яна і сёння не сыходзіць са сцэны прафесійных і самадзейных тэатраў Беларусі. Насычаная камізмам, яна разам з тым вельмі сур'ёзная, як бы працяг, толькі іншымі сродкамі, тае барацьбы, якую вёў Дунін-Марцінкевіч у паўстанні 1863 года.

Даследчыкі звычайна звяртаюць увагу на вострыню крытыкі царскага чыноўніцтва, суда. Не менш вострая гэтая крытыка і ў адрас шляхты.

"Пінская шляхта" пісалася пасля паўстання 1863 года. Паражэнне яго было канчатковым гістарычным паражэннем польскай, у тым ліку і беларускай, шляхты, паражэннем тых ідэалаў, якім сам Дунін-Марцінкевіч сімпатызаваў, якія прапаведваў. Ні польская, ні беларуская шляхта пасля 1863 года на гістарычную арэну як колькі – небудзь значная гістарычная сіла больш ужо не выйшла. Ды будучы грамадскі актыўнай на працягу многіх стагоддзяў, шляхта ў гісторыі польскага і беларускага народа, з аднаго боку, вылучыла яркіх рэвалюцыйных дзеячаў – Т. Касцюшку, А.Міцкевіча, В. Урублеўскага, Я. Дамброўскага, з другога боку, з яе асяроддзя вылучыўся тып фанабэрыстага ганарліўца. Юрыдычна ў Польшчы як дзяржаве шляхецкіх вольнасцей усе дваране былі роўныя: магнат і апошні са збяднелых прадстаўнікоў так званай шарачковай шляхты. Выкарыстоўваючы шарачковую шляхту ў сваіх палітычных інтрыгах, магнаты разбэшчвалі яе палітычна і маральна. У выніку і складваўся тып шляхціца самаўпэўненага, ганарлівага, каставага, ва ўмовах Беларусі – нецярпімага да народнага асяроддзя, грэблівага да ўсяго мужыцкага, хоць у штодзённым жыцці ні побытам, ні працай падобны шляхціц ад мужыка нічым не адрозніваўся.

Дунін-Марцінкевіч адносіўся да народных мас інакш. І таму ён мог не стаць крытыкам таго, чаго ўсёй душой не прымаў у ганарлівай, далёкай ад народа шляхце. "Пінская шляхта" і стала творам, у якім драматург расквітаўся з блізарукасцю шляхты, з яе класавай, палітычнай абмежаванасцю. Дунін-Марцінкевіч высмейваў закаранелае нежаданне шляхты стаць побач з народам, яе самалюбства, каставы эгаізм, фанабэрлівасць, разглядаючы усё гэта як прычыны паражэння паўстання 1863 года. Такім чынам, смех Дуніна-Марцінкевіча нараджаўся з драм 1863 года, з горычы па- ражэння.

Сёння "Пінская шляхта" як фарс-вадэвіль найперш уражвае тым, што на паверхні ў ім, што вынікае з сямейна-бытавой калізіі, з уласцівай толькі жанру вадэвіля лёгкасці, гуллівасці, дасціпнасці. Але жанравая прырода фарса-вадэвіля, яго лёгкасць і нібы павярхоўнасць ніяк не засланяюць у п'есе першаснага, галоўнага – сур'ёзнасці яе сацыяльнага прыцэлу. Адначасова сатырык адкрываў агонь і па антынароднасці шляхты, і па цару, улад якога прадстаўляе ў "Пінскай шляхце" "найяснейшая карона" – судовы чыноўнік Кручкоў.

Дунін-Марцінкевіч – бліскучы, віртуозны майстар фарса-вадэвіля: разгортвання сцэнічнай інтрыгі, выкарыстання сольных спеваў, дуэтаў, танцаў, прыпевак, арганізацыі масавых сцэн. Беларускае слова ў яго поўніцца гарэзнасцю. У вуснах адных персанажаў яно грубавата-простанароднае (Ціхон Пратасавіцкі, Куторга), у другіх – летуцэнна-задуменнае (Марыська, Грышка), у трэціх – абказёненае лексіконам судзейства (Кручкоў, Пісулькін).

Глыбокай індывідуалізацыі характараў у п'есе няма. Гэта такая камедыя нораваў, дзе носьбітамі характэрных заган выступаюць пакрыху ўсе: і пакрыўджаны Ціхон Пратасавіцкі і крыўдзіцель Іван Цюхай-Ліпскі, і Статкевіч і Альпенскі, якіх Кручкоў звёў для чарговай сваркі, спадзеючыся на новае "жніво". Роўным жа чынам норавы шляхты выказваюцца і ў сцэне з пакараннем бізунамі. Кожны з шляхцюкоў апошнюю капейку гатоў аддаць, каб толькі, калі ўжо секчы яго будуць, то хай сякуць, як шляхціца – на дыване, а найлепш, то каб зусім мінуць бізуноў, бо чым жа тады ён, шляхцюк, будзе адрознівацца ад мужыка?! Пінская шляхта ўсё ж улагоджвае Кручкова, грузячы яму поўны воз сушаных грыбоў, кадоўбчыкаў мёду і іншага дастатку. З павагай слухае гэтая шляхта і выкладкі жывадзёра Кручкова, у якога ў сакавіку 69 дзён, у кастрычніку 45, бо за такімі менавіта датамі абвяшчаецца ім спачатку ўказ Пятра Вялікага, які нібыта з'явіўся ў 1688 годзе, калі Пётр быў яшчэ малалетнім, а пасля ўказ "ея вялічаства Анны Іванаўны 1764года", хоць тая царавала на самой справе ў 1730-1740гадах. А чаго вартыя ўказы "Елісаветы Пятроўны ад 49 апрэля 1893 года" і "всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай ад 23 сенцябра 1903 года"?! Пінская шляхта нават не ведае летазлічэння, веку, года, у якім яна жыве! Усім гэтым Дунін-Марцінкевіч з'едліва высмейваў грамадскую інэртнасць, правінцыялізм, невуцтва шляхты.

Большасць шляхціцаў як тыпы раскрываюцца ў п'есе сваёй мовай. Асабліва характэрная мова ў Ціхона Пратасавіцкага – з гэтым дарэчы ў яго гаворцы і недарэчы "хрэн табе ў вочы". Характэрная таксама мова ў яго жонкі Куліны – з пастаянным прыгаворваннем "бойся бога!". Але найбагацей у сваіх камічных нюансах маналогі Куторгі і Кручкова.

Куторга – стары кавалер. Ён заляцаецца да Марыські, хоча адбіць яе ў Грышкі і – галоўнае – выкарыстаць момант: Куторга згаджаецца скрывадушнічаць як сведка перад Кручковым на карысць Пратасавіцкіх, абы толькі яны аддалі за яго Марыську. Аднак сведкам змовы куторгі становіцца сам Кручкоў і запраторвае няўдалага ўхажора ў халодную, а сам, узяўшы хабар, выступае затым у ролі дабрачынцы-свата ў Грышкі і Марыські. У выніку за ўсе свае судовыя згрызоты канфліктныя бакі расплачваюцца немалымі грашыма. Перапшкоды да жаніцьбы закаханых зняты, новы канфлікт паміж шляхтай Кручковым завязаны, і прадстаўнік царскага суда знікае са сцэны з поўнай надзеяй, што ён зноў завітае сюды да шляхты, зноў грабяне чарговы хабар, пап'е хмельнага крупніку, паздзіўляе шляхту сваёй вучонасцю, злосцю і дабратой, непрыступнасцю і згаворлівасцю.

Вобраз Кручкова – вобраз, які пададзены ў п'есе найбольш буйным планам.
" Піскулькін… Тут, брат, нам харошае жніво!" – настройвае Кручкоў свайго пісьмавадзіцеля, не менш ласага на грошы чым сам. Следства ў Кручкова – самае "аб'ектыўнае". Галоўнае, абы было "страшна", і таму ў найяснейшай кароны "вус адзін уніз, а другі ўгору" тырчыць. Ставіцца пытанне, ці ёсць сведкі, а да сведкаў, ці бачылі бойку Пратасавіцкага з Ліпскім, ці не бачылі. І не паспелі адны са сведак сказаць, што бачылі, другія – што не бачылі, адразу ж грыміць: "Ну дык добра! Следства кончана, цяпер будзе суд…".

Але спачатку Кручкоў спаганяе грыўну. Плацяць усе. "Обжалованы Протосавіцкі імее зараз жа ўплаціць пошлін 20, прыгонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуючыся Ліпскі ў палавіне таго; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, - па 9-ці рублёў, а ўсяпрочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла – па тры рублі". Ужо хапіла б, здаецца, гэтага, стаўшага сёння славутым выслоўя "за тое, што не бачыла, - па тры рублі", ды ўсё гэта – яшчэ не апагей кручкатворства Кручкова. Апагей – дэкрат, якому ўся шляхта кланяецца, якім Кручкоў карае, штрафуе, назначае колькасць бізуноў на дыване і без дывана і бярэ, нарэшце, за гербавую і нягербавую паперу. Дастаецца добра "всёй прочэй шляхце, каторая не відзела дракі". "За то, што не відзела, а тым самым не магла і разняць дзерушчыхся", ёй назначаецца таксама па пяць лоз на дыване, па пяць рублёў "в пользу таго ж прысуцвія", гэта значыць, у карысць самой найяснейшай кароны!..

І яшчэ адзін штрых. Шляхта просіць, каб Кручкоў злітаваўся, вызваліў ад лазы. Яна ўжо залагодзіла Пісулькіна, сунуўшы яму ў кішэнь "маляванага госця", і той перадае просьбу шляхты Кручкову. Кручкоў адказвае: "не магу, не магу. Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасудара 1881 года, сенцябра 75-га дня, какой вялікі адказ за паблажку сторанам у ўгалоўным прэступленні? Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнецца апаснасці". І, слухаючы Кручкова, шляхта яшчэ больш раскашэльваецца, каб толькі пазбавіцца наслання-кары, каб не ўвяргаць "у апаснасць" такую высокую "лічнасць", як найяснейшая карона!..

А ў астатнім "найяснейшая карона" – цудоўны чалавек, жартаўнік, і выпіць можа, і патанцаваць, і ў лад сказаць: "Ну, панове, шляхта – браты! Я вам родны, я вам – брат, дык на прашчанне вып'ем яшчэ па кубку крупніку, заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах". Маральная сапсаванасць ў ім пачынаецца з хабарніцтва, а кручкатворам яго зрабіў царызм, бюракратыя, сістэма, якую і выкрываў Дунін-Марцінкевіч вобразам Кручкова. Такім чынам, у цэлым са сваёй задачай камедыёграфа Дунін-Марцінкевіч у абраным жанры бліскуча справіўся.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.