30-10-2016, 18:43

«ГАПОН» ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ - ГУМАНІСТЫЧНЫ ПАФАС ПАЭМЫ

Першыя творы В. Дуніна-Марцінкевіча былі вытрыманы ў духу сентыменталізму. Для іх характэрна ідэалізаванае адлюстраванне жыцця вёскі, пільная ўвага да душэўных перажыванняў герояў, заклік да чалавечнасці, стварэнне вобразаў добрых памешчыкаў. Аб гэтым сведчыць і ранні твор пісьменніка - паэма "Гапон". Заснаваная на праўдзівым здарэнні, паэма раскрывае калізіі кахання маладога селяніна Гапона да Кацярыны. Складаецца твор з 4 раздзелаў-песень, у якіх раскрываюцца разнастайныя аспекты жыцця герояў. Найбольш яркі - першы раздзел, дзе апісваецца вечарынка ў карчме. Сярод прысутных найбольш вылучаецца Гапон, "зух дзяціна", які ўмее не толькі хораша танцаваць, але і "пастаяць за сваіх": ён не хаваецца, а з калом у руках бароніцца ад аканомавых паслугачоў. Гэтым учынкам В. Дунін-Марцінкевіч падкрэсліў смеласць, рашучасць характару Гапона, яго ўменне выступіць у абарону сяброў і сваёй чалавечай годнасці. У другім раздзеле, ідэя якога выказана эпіграфам "над сіратою бог з калітою", расказваецца пра жыццё Кацярыны пасля таго, як Гапона за бунт, непакору і агітацыю сярод сялянскай моладзі супраць рэкрутчыны аддалі ў салдаты. Працавітую, кемлівую, здольную дзяўчыну ўпадабаў аканом - заядлы прыгоннік, хлуслівы і амаральны чалавек. Пра паклёп на Гапона, узведзены бессаромным аканомам, даведваецца старая пані. Яна выганяе аканома з маёнтка і здае яго ў рэкруты, а Кацярыну забірае ў двор пакаёўкай, дзе тая навучылася чытаць і пісаць. У наступных раздзелах расказваецца пра Гапона, прыродны розум, дасціпнасць якога дазволілі яму - сыну прыгоннай сялянкі - даслужыцца да афіцэра і стаць па сутнасці дваранінам. Гэтым самым В. Дунін-Марцінкевіч заклікаў сялян не ўхіляцца ад воінскай службы, паказваў, што кожны сумленны і працавіты чалавек можа дасягнуць высокіх чыноў і званняў. Вярнуўшыся дамоў, герой паэмы просіць у пані блаславення на шлюб. Пані дае сваю згоду:

А пані - не пані, маці!
Маўляў роднаму дзіцяці,
Прыгожы пасаг дала,
Радасна слёзку ўраніла,
Маладых благаславіла,
Сама к вянцу павяла.

Дабро, такім чынам, перамагае зло. Заканчваецца паэма сцэнай вяселля, якое аўтар апісвае дасканала, вельмі каларытна і падрабязна. Канфлікт паміж сялянамі і панамі, як бачна з паэмы, вырашаецца шляхам усталявання гарманічных, гуманных адносін паміж імі. Віну ж за душэўную чэрствасць, жорсткасць, цяжкае становішча сялян аўтар ускладае не на паноў, а на іх паслугачоў - аканомаў (дарэчы, у п'есе "Сялянка" такім з'яўляецца аканом Выкрутач, паўнапраўны гаспадар у маёнтку Лятальскага). Паэма "Гапон" вылучаецца майстэрствам В. Дуніна-Марцінкевіча ў паказе сялянскага побыту, добрым веданнем вуснай народнай творчасці і ўменнем арганічна ўвесці яе ў твор у выглядзе песень, прыпевак, трапных народных выслоўяў.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.