T1m Project
6-10-2016, 20:57

"Ахвяры" Іван Шамякін - Кароткі змест, галоўныя героі

Перад прыходам у зямлянку маёра Золатава камандзір партызанскага атрада Ман выразаў з дрэва міскі. Драўляны посуд ён потым мяняў ў свайго даўняга знаёмага і сябра, цяпер таксама камандзіра, Дзядзюлі на патроны. Начальніка штаба Ман сабе таксама выменяў (на некалькі пудоў сала) у суседа - атраду вельмі патрэбны былі ваенныя спецыялісты, бо складаўся ён з мясцовых, цывільных у мінулым людзей. Не акрыяўшы пасля ранення ў грудзі, Брагінскі цяпер ляжаў на ложку і кашляў, у яго быў жар.

Золатаў з'явіўся ў атрадзе тры месяцы назад. Група НКУС (Народнага камісарыята ўнутраных спраў) атрымала заданне прабрацца ў Мінск, каб весці разведку і рабіць дыверсіі. Аднак яе скінулі не ў патрэбным раёне і замацавацца ў горадзе не ўдалося: два пасланыя туды чалавекі не вярнуліся. Золатаў перастаў давяраць сваім таварышам, бо амаль усе яны былі мясцовыя. Блукаючы па лясах, група выпадкова сустрэлася з атрадам Мана і засталася пры ім.

Партызанскі камандзір досыць хутка зразумеў, што начальнік дыверсійнай групы хоча заняць яго месца. Спалохала аднак не гэта - Ман успомніў, дзе бачыў Золатава перад вайной. У турме, у якой Аляксей Іванавіч правёў больш года як "вораг народа", Золатаў быў следчым.

Стаць камандзірам атрада і гэтым апраўдацца перад Масквой за сваю бяздзейнасць маёру не ўдалося. Аднак Ман баяўся Золатава, ведаў, якая жорсткая і страшная сіла за ім стаіць.

Падпольшчыкаў Стася Шабовіча і Івана Ткачука арыштавалі ў доме паліцая. Шабовіч не аднойчы бавіў час у Чурсіка, гуляючы з паліцаем і яго шваграм Міколам Хацяновічам у карты. Ён меў заданне паспрабаваць схіліць Міколу да змагання з ворагам. Арышт быў не толькі нечаканы, але і незразумелы - забралі як гасцей, так і гаспадара, не даўшы нават апрануцца.

Арыштаваных высадзілі ў турэмным двары, дзе ўжо знаходзілася некалькі дзесяткаў чалавек. Лёгка апранутых людзей пачаў даймаць холад. Стась адчуў, як паралізуецца яго воля, авалодвае абыякавасць. Пад раніцу ў двор уехалі машыны з салдатамі. У святле фар з'явіліся нямецкія афіцэры і чалавек у доўгім паліто з чорным капюшонам на галаве, які закрываў твар.

Чалавек у чорным пайшоў паўз арыштаваных, тыцкаючы пальцам у некаторых з іх. Гэтых людзей адразу ж адводзілі ўбок, падпольшчыкі пазналі некалькі сваіх таварышаў. "Капюшон" спачатку быццам мінуў Шабовіча і Ткачука, але потым ступіў назад і пачаў углядацца ў хлопцаў. Ён не падаў ніякага знаку, толькі крыху даўжэй пастаяў каля іх. Між тым Іван пазнаў правакатара па адсутнасці вялікага пальца на правай руцэ. Гэты чалавек улетку вучыў іх граматна афармляць дакументы для падпольшчыкаў. Не апазнаць іх праз некалькі месяцаў ён не мог, але чаму тады прайшоў міма?
Арыштаваных пачалі заганяць у турэмнае памяшканне. Стася з Іванам прывялі на допыт у пакой, дзе ўжо былі людзі. Адзін з іх сказаў, што пакажа тры явачныя кватэры. Немцы ўсіх загналі ў машыну і павезлі. Зноў "рабілася нешта загадкавае, незразумелае... Навошта ажно восем незакутых чалавек вязуць на глухія начныя вуліцы, дзе адзін здраднік пакажа явачныя кватэры?.." Здраднік дрэнна ведаў камароўскія вуліцы, блукаў. Машыны некалькі разоў буксавалі і арыштаваныя піхалі іх. Урэшце каля нейкага дома спыніліся. Улучыўшы момант, падпольшчыкі вызваліліся з-пад апекі канваіраў і кінуліся бегчы.

Да ранку Шабовіч прабіраўся агародамі. Ці пашчасціла ўцячы Івану, ён не ведаў, аднак узнятая немцамі трывога давала надзею на лепшае. Перабіраючы ў памяці ўсё, што з імі здарылася ноччу, падпольшчык зразумеў, што іх уцёкі - частка нейкай злавеснай правакацыі, - і каб уратавацца самому і ўратаваць таварышаў ад невядомай бяды, яму трэба дзейнічаць нечакана, нелагічна.

Стась вяртаецца на кватэру да Чурсіка (паліцая адпусцілі і ён, перапалоханы і скалелы, вылежваўся на печы). Ен адпраўляе Чурсікаву жонку ў бальніцу перадаць Аксане, блізкаму чалавеку і таварышу па змаганні, умоўленыя словы пра выхад з горада пры магчымасці правалу. Чурсік меў свае рахункі з той уладай, якую абараняў Шабовіч, аднак шкодзіць сваім людзям, забіваць ён не хацеў. Таму, калі праз нейкі час да яго ў дом завіталі знаёмыя паліцаі, ні словам не абазваўся пра падпольшчыка, які схаваўся ў спальні. 3 гаворкі паліцаяў Стась даведаўся, што ім немцы сапраўды далі магчымасць уцячы, а цяпер трасуць горад, шукаюць. Шабовіча здзівіла, што фашысты размножылі яго і Іванаў фотаздымкі, хоць у турме іх не фатаграфавалі. Калі сцямнела, Шабовіч пакінуў горад.

Золатаў папрасіў Мана паслаць сваіх людзей у Мінск, аднак камандзір адмовіўся, матывуючы тым, што не мае сувязі з горадам і не хоча адпраўляць партызан на верную смерць. Сувязь з мінскімі падпольшчыкамі меў Дзядзюля, ад яго маёр даведаўся пра арышт падпольнага кіраўніцтва і што магчымая прычына правалу - здрада аднаго з кіраўнікоў. Аднак у здраду Кавалёва Дзядзюля не верыў, бо ведаў гэтага чалавека да вайны. Былы следчы паверыў адразу, бо ведаў іншае: "як лёгка "расколваліся" такія "бальшавікі" на допытах у іх, а ён шчыра быў перакананы, што асабіста яго допыты былі гуманныя, ва ўсякім разе з фашысцкімі іх не параўнаць".

Ман параіў Золатаву не перадаваць у Маскву неправераныя звесткі пра мінскае падполле. Аднак для пасланца Берыі гэта была сапраўдная знаходка. Акружанае здраднікамі падполле апраўдвала асцярожнасць Золатава, яго знаходжанне ў партызанскім атрадзе, а не ў горадзе.

Разведчыкі прывялі палоннага. Ён быў варты жалю, да таго ж не з'яўляўся немцам. Нічога ад яго партызаны не даведаліся і разгубіліся, што з ім рабіць далей. Золатаў хацеў палоннага застрэліць, аднак партызаны не далі яму гэта зрабіць. Камісар атрада Ігар Кіпень нават абазваў Золатава мясніком. Праз некалькі дзён венгр уцёк, і Золатаў хадзіў пераможцам. "Камандзір не сумняваўся, што пра гэты эпізод ён радзіруе ў Маскву, і, напэўна, не ў партызанскі штаб. А ў тым другім штабе нічога не забываюць".

Аксана сказала гаспадыні, каб растлумачыць прычыну адыходу, што падарваўся на міне дзядзька, і нават зусім натуральна пры гэтым расплакалася. Для пастоў на дарозе ў яе свая версія - ідзе ў вёскі мяняць адзенне на хлеб, так рабілі многія гараджане.

Цётка, у доме якой па дамоўленасці Аксана павінна была чакаць Стася, сустрэла пляменніцу варожа. Яна даўно падазравала, што дзяўчына пакідае Мінск не дзеля харчу, а тут пачала крычаць, што Аксана прывяла з сабой смерць. Ад таго, што дзеелася вакол - арышты знаёмых, расстрэлы людзей, - жанчыну апанаваў дзікі страх, які ўжо не кантраляваўся розумам. Аксана да поўначы мерзла на агародзе, пакуль пачула знаёмыя крокі.

Месца для кароткага адпачынку Стась і Аксана выбралі няўдала. На світанні, едучы па лясной дарозе, іх заўважыў мясцовы паліцай і пачаў страляць. Аксана паранена ў плячо, каб уратаваць яе, Шабовіч вымушаны адкрыцца незнаёмаму чалавеку, дзеду Івану. Той адпраўляе дзяўчыну на фурманцы да сваёй замужняй дачкі Ганны.

Праз некалькі дзён сын Ганны Міколка давёў Шабовіча да атрада Мана, аднак сам у лагер не пайшоў.

Партызаны некалькі дзён назад атрымалі радыёграму начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху, у якой паведамлялася, што "нямецкая разведка ў Мінску арганізавала падстаўны цэнтр партызанскага руху з мэтай выяўлення партызанскіх атрадаў, засылкі ў іх ад імя гэтага цэнтра здраднікаў, правакацыйных дырэктыў і ліквідацыі партызанскіх атрадаў". Панамарэнка загадваў атрадам не ўступаць у сувязь з прадстаўнікамі арганізацый з Мінска.

Ноччу партызаны вярнуліся з рэйда, таму камандзіры дазволілі сабе на наступную раніцу паспаць крыху пазней. У гэты час і з'явіўся ў лагеры Шабовіч, не заўважаны ніводным паставым. 3 першай хвіліны Золатаў убачыў у Шабовічу правакатара і адпаведным чынам павёў допыт. Адчуўшы, што яму не давяраюць, Стась пачаў расказваць пра ўсё, што з ім адбылося, асцярожна, не называючы дакладна імёны і прозвішчы дарагіх яму людзей, вёскі, у якіх яны знаходзяцца, што выклікала насцярожанасць у назіральнага і мудрага Мана.

На ноч Золатаў пасадзіў Шабовіча ў радыёрубку і ўчыніў допыт з прымяненнем фізічных мер уздзеяння. У падпольшчыка ўзнікла думка, што ён трапіў у правакацыйны атрад.

Для высвятлення асобы падпольшчыка Ман хоча адвезці яго да Дзядзюлі. Золатаў абражаны недаверам, адкрыта пагражае партызанскаму камандзіру: "Думаеце, калі схаваліся ў лясах, дык органы да вас не дабяруцца?".

Калі камандзір і камісар пакінулі лагер, Золатаў загадаў Іванову, адзінаму з усёй групы чалавеку, якому давяраў, злавіць і прывесці да яго падлетка з бліжэйшай вёскі. Насмерць перапалоханага хлопчыка пасадзілі разам з Шабовічам. Падпольшчык адразу зразумеў ход і абурыўся ў душы, што для такой справы выкарысталі дзіця. Гэта зноў вярнула Шабовіча да думкі пра правакацыйны атрад.

Але калі спадручны Золатава абвясціў, што хлопчыка адпускаюць, Стась, не бачачы выйсця, папрасіў падлетка папярэдзіць Аксану. Ён назваў пры гэтым і вёску, і прозвішча жанчыны, у якой лячылася Аксана. Выцягнуўшы з Адася, што і каму прасіў перадаць Шабовіч, хлопца ўсё ж адпусцілі. Падпольшчыка Іваноў завёў у роў за лагерам, дзе Золатаў яго застрэліў, адчуўшы пры гэтым задавальненне.

Начальніку штаба Брагіну, які чуў стрэлы, Золатаў сказаў, што правакатар хацеў уцячы. Брагін не паверыў, назваў маёра забойцам і паабяцаў па вяртанні камандзіра дабіцца суда. Золатаў спалохаўся, бо быў упэўнены, што камандзір і камісар падтрымаюць начальніка штаба, не ўпусцяць магчымасці пазбавіцца ад яго. Маёр застрэліў Брагіна і інсцэніраваў самазабойства хворага, спакутаванага чалавека.

Адразу пасля пахавання Брагіна і Шабовіча Золатаў запатрабаваў коней, каб ехаць у вёску за падпольшчыцай. Пачуўшы, у каго хаваецца Аксана, Ман здзівіўся: пра Ганну ведалі ў атрадзе толькі ён, камісар Кіпень і кухарка Матрона, якая трымала сувязь з жанчынай. Ад Дзядзюлі Ман даведаўся, што Аксана Кавалёва сапраўды з'яўляецца падпольшчыцай і што пры пагрозе арышту яна магла прыйсці ў атрад разам з мужам Стасем Шабовічам.

Ман паехаў у вёску з Золатавым. Вяртаючыся назад, камандзір атрада быццам незнарок скіраваў каня ў Каменку, дзе стаяў паліцэйскі гарнізон, і там скінуў з саней маёра. На гнеўнае патрабаванне Аксаны спыніцца, забраць чалавека, Ман адказаў, што Золатаў забіў Стася. .

Эпілог

Аксана Паўлаўна на станцыі чакае мужа. Пасля заканчэння інстытута яна трыццаць пяць гадоў прапрацавала ў гэтым раённым цэнтры ўрачом. Мінскім аўтобусам Ігар Арцёмавіч не прыехаў. Выглядаючы сярод пасажыраў мужа, жанчына звярнула ўвагу на высокага лысага старога ў парусінавым касцюме. Ён "пільна агледзеў яе, ажно неяк нядобра стала ад такой увагі - усё роўна што прасвяціў рэнтгенам".

Ігар Арцёмавіч прыехаў спадарожнай машынай - не змог узяць білет на аўтобус, а пасведчанне ветэрана як заўсёды паказваць пасаромеўся. У сталіцу ён ездзіў па справе Аляксея Іванавіча Мана, хадайнічаць аб аднаўленні былога партызанскага камандзіра ў партыі.

Дома стомлены дарогай Ігар Арцёмавіч непрыкметна заснуў, а калі адкрыў вочы ад нейкай унутранай трывогі, то ўбачыў перад сабой лысага чалавека з маршчыністым тварам. Золатаў з'явіўся да былога камісара атрымаць пацверджанне, што ў час вайны быў у партызанах. Кіпень здзіўлены жывучасці чэкіста: пасля таго, як Ман скінуў Золатава ў паліцэйскай вёсцы, ён трапіў у нямецкі, потым - у савецкі лагер. "На табе ж кляйма няма дзе ставіць, так ты абліты крывёю, - гаворыць былы камісар гэтаму страшнаму чалавеку. - Я апошні, каго ты можаш стукнуць! Цяпер я ведаю, хто пасадзіў Аляксея Іванавіча. Ты! Яго абвінавацілі ў сорак шостым у выдачы немцам атрада НКУС. Каго ён выдаў? Цябе? Ты і адтуль, з лагера, забіваў нашых".

З'яўленне і нахабныя паводзіны Золатава настолькі растрывожылі Ігара Арцёмавіча, што ён страціў прытомнасць. Былы чэкіст непрыкметна, як і зайшоў перад гэтым, пакінуў дом. На крык унучкі з агарода прыбегла Аксана Паўлаўна. У мужа быў інсульт. Пасля ўкола Ігар Арцёмавіч апрытомнеў, але гаварыць не мог, ён толькі паказваў на жончын пярсцёнак.

Унучка, плачучы, паведаміла, што дзеда забіў фантамас - лысы страшны дзядзька, які нядаўна выйшаў ад іх. Аксану Паўлаўну апякла здагадка - Золатаў!
"Праз два дні ў абласной газеце з'явіўся некралог: "Раптоўна памёр персанальны пенсіянер..."
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.