12-10-2016, 16:19

Іван Мележ - Чулае сэрца

У тую восень у дачным пасёлку пад Масквой, на Сходні, упершыню за вайну сабралася прыкладна паўтары сотні дзяўчат і хлопцаў з заняволенай Беларусі. Гэта былі студэнты, – на Сходні пачынаў сваю працу наш універсітэт.
Мужчын было мала, – толькі некалькі зволеных з арміі пасля шпіталяў хлопцаў у армейскіх шынялях ды паранены хлапчук-партызан.
Хлапчук, з адным пустым рукавом, чарнавокі, сталы не па сваіх шаснаццаці гадах, вечарам расказваў нам пра тое, што перажыў нядаўна на сваёй роднай Бабруйшчыне. Гэта былі расказы пра блізкіх, дарагіх людзей, – ён з затоеным болем гаварыў, як спалілі гітлераўцы жывымі яго маці і бацьку, як ён выратаваўся, уцёк у партызаны, як ваяваў у партызанскай разведцы.
За верандай падмаскоўнай дачы, над якой гусцеў змрок, мірна шумелі бярозы, а мы былі думкамі па другі бок фронту, на той зямлі, дзе стаялі іншыя вечары і ночы, дзе людзі выходзілі на справы са зброяй, дзе палалі вёскі і гінулі бацькі, дзе была няволя.
Гэты чарнавокі хлопец і сказаў:
– Днямі гаварыў са мной Кузьма Чорны, пісьменнік. У партызанскім штабе спаткаліся...
– Чорны?.. Які ён сабой? – зацікавіліся слухачы.
– Які? Просты ён, зусім просты. I вельмі дапытлівы. Казаў – кніжку збіраецца напісаць пра тое, што я расказваў... У госці нават запрашаў прыходзіць.
Якім ні цікавым здавалася мне жыццё хлапчука, я тады не паверыў яму. Не проста было паверыць у тое, што гэты мой знаёмы стане героем кнігі, ды яшчэ якой, кнігі Чорнага, і зусім не хацелася верыць, што вядомы пісьменнік так проста запрашаў у госці.
Пазней, пазнаёміўшыся з Кузьмой Чорным, я мог пераканацца, што дарэмна не паверыў партызанскаму разведчыку. Я ўбачыў, які ён цікаўны да людзей, які просты і шчыры ў абыходжанні з імі, як умее радавацца чужой радасці і спачуваць чужому гору.
Няма ніякіх падстаў не верыць, што сярод шматлікіх няспраўджаных задум, ненапісаных твораў засталася ненапісанай і аповесць пра юнага партызанскага разведчыка.
Мне выпала пазнаёміцца з пісьменнікам праз некалькі месяцаў. Яшчэ ў шпіталі на Каўказе, а потым у заволжскім гарадку я напісаў два апавяданні і цяпер, у гуртку таварышаў, наважыўся прачытаць. Калі мы выйшлі пасля чытання на двор, М. Р. Ларчанка, які быў выкладчыкам універсітэта, параіў аддаць гэтыя апавяданні на суд Кузьме Чорнаму.
– Ён мой сусед. У «Якары» таксама...
Чорны жыў тады ў гасцініцы «Якар», што недалёка ад Беларускага вакзала. Там у той час былі многія беларускія пісьменнікі, вучоныя, артысты.
Ларчанка ўзяў сшытак з апавяданнямі і завёз у Маскву.
Праз дзень ці два, спаткаўшы мяне ва універсітэцкім калідоры, ён сказаў трывожна:
– Чулі? Чорны захварэў. Вельмі цяжка... Удар. Кровазліццё ў мозг.
Гэта быў адзін з тых трагічных «удараў», другі з якіх звёў пісьменніка ў магілу.
Сумная вестка ўзрушыла многіх студэнтаў, якія ведалі і любілі пісьменніка па яго творах. Кожны дзень, сустрэўшы каго-небудзь з выкладчыкаў, што жылі ў «Якары», мы пыталіся:
– Як здароўе Чорнага?
Здароўе пісьменніка было вельмі слабае, ачуньваў ён марудна, цяжка. Яму было забаронена працаваць, ды забарона была фактычна лішняй – ён не мог працаваць.
Як жа здзівіла мяне вестка, якую праз некалькі дзён паведаміў Ларчанка:
– Вашы апавяданні Чорны прачытаў. Учора.
– Ён жа не можа чытаць, – не паверыў я.
– Ён папрасіў дачку. Ірына, дачка, чытала, а ён слухаў, лежачы ў ложку.
У такім стане ўспомніў пра рукапіс нейкага студэнта, успомніў, пацікавіўся ім! Як гэта непадобна на тую абыякавасць, з якой часта даводзіцца сустракацца нашым пачынаючым у кансультацыях розных рэдакцый.
Ён тады яшчэ не мог хадзіць. А праз некалькі дзён, ледзьве ўзняўшыся з ложка, пісьменнік напісаў ліст, адказ на сшытак прынесеных яму апавяданняў.
Мне прынеслі ліст на заняткі. З таго, што гаварыў выкладчык, я амаль нічога не чуў – мусіць, дзесятак разоў чытаў і перачытваў радкі, напісаныя на аркушыку паперы.
Я дасюль берагу гэты ліст як адзін з самых дарагіх успамінаў студэнцкіх год. Ён, гэты ліст, напісаны яшчэ не цвёрдай, не акрэплай пасля хваробы рукой: літары ў ім няроўныя, няўпэўненыя, хісткія. I пры ўсім тым ён напісан не абы-як, не для таго, каб адпісацца, – на дзвюх старонках хворы пісьменнік разабраў плюсы і мінусы абодвух апавяданняў, даў некалькі карысных парад, падбадзёрыў, пажадаў поспехаў у літаратуры.
«У Вашых апавяданнях, – пісаў Кузьма Чорны, – правільна дадзен аналіз чалавечай душы і добра нарысавана тыповая абстаноўка, у якой дзейнічаюць Вашы персанажы. I надалей сачыце за псіхалагічным абгрунтаваннем чалавечых учынкаў. У гэтым сэнсе ёсць хіба ў апавяданні «Апошняя аперацыя». Не пададзена псіхалагічная прычына таго, чаму немец так абышоўся з раненай жанчынай. толькі таму, што ён немец? Тут трэба яшчэ нейкая псіхалагічная дэталь. Рэдакцыя, – Чорны працаваў тады ў рэдакцыі часопіса «Беларусь», – возьме на сябе пры друкаванні ў гэтым месцы зрабіць у апавяданні ўдакладненне.
Сачыце за чыстатой свае мовы. Напр, замест пакой Вы пішаце комната і г. д. Займайцеся заўсёды сваёй беларускай мовай. Ведайце, што мова – гэта аснова літаратуры».
Тыдні праз два мне пашчасціла пабачыцца і гаварыць з ім.
Сшытак з апавяданнямі, перададзены Чорнаму, быў у мяне адзіным рукапісам, ніякіх копій я не зрабіў, і я прасіў М. Ларчанку, каб ён зайшоў да пісьменніка і ўзяў сшытак.
На другі дзень М. Ларчанка сказаў:
– Чорны не даў сшытка. Прасіў, каб вы самі зайшлі. Зайдзіце да яго ў рэдакцыю «Беларусь».
Мне, вядома, хацелася ўбачыцца з Чорным, але такое гасціннае запрашэнне зайсці тады ўсё ж здзівіла. Я яшчэ не ведаў, што пісьменнік вельмі любіў знаёміцца з людзьмі, гаварыць з імі, бачыць іх.
У першы ж дзень пасля заняткаў паехаў у Маскву. Рэдакцыя часопіса «Беларусь» у той час змяшчалася на плошчы Пушкіна, у будынку «Известий». Чорны акурат быў у рэдакцыі.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.