T1m Project
12-10-2016, 16:21

Віктар Карамазаў - Маладзічок дэмакратыі

Поўнач была па-зімоваму снежная, сіне-белая і па-вясноваму звонкая, са шкляным лядком пад нагамі. Лейцы календара толькі-толькі перахапіў сакавік, і ўжо іначай, як дагэтуль, па-маладому насцярожана шумеў бор. У зацішку хваёва-яддоўцавага падлеску, спіною прываліўшыся да тоўстага дрэва, стаяў Іван Данілавіч – высокі, круглатвары, з прыгожай, коратка пастрыжанай, абсыпанай срэбрам шасцідзесяцігадовага веку барадою і такімі самымі срабрыстымі вусамі. Трапяткая чуйнасць ночы адпавядала настрою душы, і ў гэтай прыемнай згодзе са светам ён трымаў над галавою, бялейшай за бараду і вусы, пыжыкавую шапку, не зводзячы вачэй з чорнай аўтамашыны пад урадавым нумарам, якая стаяла за першым ад дарогі шэрагам хвой і ў якую толькі што села яна. Яе ён ужо не бачыў, а шапку над галавою трымаў, каб бачыла яна, як ён з ёю развітваецца. Хацелася правесці слаўнага чалавечка да самай машыны, падкрэслена-ветліва, як умеў, пасадзіць, самому зачыніць дзверцы, сказаць «да сустрэчы». Але пэўныя абставіны зрабіць гэта не дазвалялі. Яна была ягонаю сакратаркаю, а ён быў народным дэпутатам парламента, і яе начны прыезд да яго павінен быў выглядаць вялікай службовай неабходнасцю, асабліва ў вачах шафёра ўрадавага гаража. Ён толькі падвёў яе да першых ад дарогі хвой і ў ахове ядлоўцу пад хвоямі яны развіталіся. I ўжо да машыны яна выбегла з-за дрэваў адна з чырвонай службовай папкаю ў руцэ. Машына адразу ўключыла агні, злосна грызянула шыпамі колаў лёд і панеслася ў невідаль ночы.
Іван Данілавіч выйшаў з лесу на раскоўзаны пляц за брамаю, дзе стаяла машына. Высока над дарогаю ззяў вузенькі вастрарогі месячык, а за ім, працягам ягонага паўкруга, можна было разгледзець увесь бляклы круг, адно краёчкам якога і быў яркі месячык. Там, у крузе, угадвалася выява воя на кані, быццам круг быў срэбраным літам Вялікага княства Літоўскага. Святло ад яго лілося на зямлю, на лес, снег і лёд, лёд блішчэў, снег іскрыўся і блішчэлі празрыста-белыя друзкалкі здзёртага шыпамі лёду. У салодкай задуменнасці Іван Данілавіч згроб тыя друзкалкі сукаватым лясным кіем, з якім кожны дзень гуляў па лесе, палюбаваўся імі, раскідаў і зноў згроб у купінку. I гэтая драбяза дала сэрцу свой цёплы праменьчык. Усміхнуўся і задумаўся: вось як неспадзявана мяняецца ўсё у жыцці. Яшчэ ці даўно зласліва глядзеў на чорныя ўрадавыя машыны, у якіх лёталі абраннікі шчаслівага лёсу? Знакаміты вучоны, богам блаславёны талент, ён заўсёды імкнуўся ў круг вялікіх мира сего, бо толькі паміж вялікіх пачуваўся на сваім месцы, але вялікія былі несусветныя эгаісты, пускаць у свой круг не спяшаліся, прапіскі на сваёй тэрыторыі не давалі. Усё гэта магло зацяць сэрца? Яшчэ як! Таму і глядзеў са злосцю на іх чорныя лайбы. А цяпер? Гэтак ужо не глядзіць? Прарваў нарэшце запаветнае кола? I як нечакана! Не навукай, дык палітыкай. Прыйшоў ягоны час – на хвалі перабудовы і маладой дэмакратыі.
Іван Данілавіч нетаропка абышоў тое месца, дзе стаяла машына, кіем па лёдзе і снезе акрэсліў вакол яго круг, стаў у цэнтры круга, задаволена агледзеўся, кінуў светлы позірк у невідаль, куды бегла асфальтоўка, і ўявіў, як у гэтую самую хвіліну ў Мінск імчыць яго машына з працягнутай да ўсяго свету антэнаю і музыкаю японскае магнітолы, з ласкавым чалавечкам на ўтульным заднім, за спіной у шафёра, сядзенні, з чырвонай парламенцкай папкаю на маладых круглых каленках. У годным настроі выйшаў з круга і, высока ўскідваючы перад сабою сукаваты кій, падаўся да адчыненай яму насустрач брамы.
То ішоў, то спыняўся, слухаў зацішак ночы, зноў ішоў. Выйшаў да ляснога дачнага дамочка з ганкам пад вастрапікай стрэшкаю, на ганку выцер аб дыванок ногі, пераступіў парог і калідорчыкам прайшоў да свайго двухпакаёвага люкса. Кій паставіў у кут ля дзвярэй, распрануўся, павесіў паліто ў шафу, зняў шапку і чаравікі, прайшоў у гасцявы пакой і, не ўключаючы святло, апусціўся ў шырокае мяккае крэсла. Побач стаялі канапа і нізкі квадратны столік, на століку – бутэлька з-пад шампанскага з фальгою на шыйцы, пустая, і бутэлька недапітага малдаўскага каньяку. Наліў у чарачку, адпіў глыток. Трымаючы чарачку ў руцэ, задумліва глядзеў у акно. Сам сабе ўсміхаючыся, ціхенька заспяваў сваю любімую:
Сівы конь бяжыць,
На ім бела грыва,
Ой, спанаравілась...

Кульнуў з чарачкі ў рот астатняе, узяў са стала цукерку, адкусіў, і з той самай лёгкай усмешкаю, якая ўжо не сыходзіла з твару, задумаўся. Думаў пра яе. Зноў бачыў яе. Чуў і адчуваў.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.