T1m Project
4-11-2016, 00:06

Віктар Карамазаў - Маладзічок дэмакратыі

Поўнач была па-зімоваму снежная, сіне-белая і па-вясноваму звонкая, са шкляным лядком пад нагамі. Лейцы календара толькі-толькі перахапіў сакавік, і ўжо іначай, як дагэтуль, па-маладому насцярожана шумеў бор. У зацішку хваёва-яддоўцавага падлеску, спіною прываліўшыся да тоўстага дрэва, стаяў Іван Данілавіч – высокі, круглатвары, з прыгожай, коратка пастрыжанай, абсыпанай срэбрам шасцідзесяцігадовага веку барадою і такімі самымі срабрыстымі вусамі. Трапяткая чуйнасць ночы адпавядала настрою душы, і ў гэтай прыемнай згодзе са светам ён трымаў над галавою, бялейшай за бараду і вусы, пыжыкавую шапку, не зводзячы вачэй з чорнай аўтамашыны пад урадавым нумарам, якая стаяла за першым ад дарогі шэрагам хвой і ў якую толькі што села яна. Яе ён ужо не бачыў, а шапку над галавою трымаў, каб бачыла яна, як ён з ёю развітваецца. Хацелася правесці слаўнага чалавечка да самай машыны, падкрэслена-ветліва, як умеў, пасадзіць, самому зачыніць дзверцы, сказаць «да сустрэчы». Але пэўныя абставіны зрабіць гэта не дазвалялі. Яна была ягонаю сакратаркаю, а ён быў народным дэпутатам парламента, і яе начны прыезд да яго павінен быў выглядаць вялікай службовай неабходнасцю, асабліва ў вачах шафёра ўрадавага гаража. Ён толькі падвёў яе да першых ад дарогі хвой і ў ахове ядлоўцу пад хвоямі яны развіталіся. I ўжо да машыны яна выбегла з-за дрэваў адна з чырвонай службовай папкаю ў руцэ. Машына адразу ўключыла агні, злосна грызянула шыпамі колаў лёд і панеслася ў невідаль ночы.
Іван Данілавіч выйшаў з лесу на раскоўзаны пляц за брамаю, дзе стаяла машына. Высока над дарогаю ззяў вузенькі вастрарогі месячык, а за ім, працягам ягонага паўкруга, можна было разгледзець увесь бляклы круг, адно краёчкам якога і быў яркі месячык. Там, у крузе, угадвалася выява воя на кані, быццам круг быў срэбраным літам Вялікага княства Літоўскага. Святло ад яго лілося на зямлю, на лес, снег і лёд, лёд блішчэў, снег іскрыўся і блішчэлі празрыста-белыя друзкалкі здзёртага шыпамі лёду. У салодкай задуменнасці Іван Данілавіч згроб тыя друзкалкі сукаватым лясным кіем, з якім кожны дзень гуляў па лесе, палюбаваўся імі, раскідаў і зноў згроб у купінку. I гэтая драбяза дала сэрцу свой цёплы праменьчык. Усміхнуўся і задумаўся: вось як неспадзявана мяняецца ўсё у жыцці. Яшчэ ці даўно зласліва глядзеў на чорныя ўрадавыя машыны, у якіх лёталі абраннікі шчаслівага лёсу? Знакаміты вучоны, богам блаславёны талент, ён заўсёды імкнуўся ў круг вялікіх мира сего, бо толькі паміж вялікіх пачуваўся на сваім месцы, але вялікія былі несусветныя эгаісты, пускаць у свой круг не спяшаліся, прапіскі на сваёй тэрыторыі не давалі. Усё гэта магло зацяць сэрца? Яшчэ як! Таму і глядзеў са злосцю на іх чорныя лайбы. А цяпер? Гэтак ужо не глядзіць? Прарваў нарэшце запаветнае кола? I як нечакана! Не навукай, дык палітыкай. Прыйшоў ягоны час – на хвалі перабудовы і маладой дэмакратыі.
Іван Данілавіч нетаропка абышоў тое месца, дзе стаяла машына, кіем па лёдзе і снезе акрэсліў вакол яго круг, стаў у цэнтры круга, задаволена агледзеўся, кінуў светлы позірк у невідаль, куды бегла асфальтоўка, і ўявіў, як у гэтую самую хвіліну ў Мінск імчыць яго машына з працягнутай да ўсяго свету антэнаю і музыкаю японскае магнітолы, з ласкавым чалавечкам на ўтульным заднім, за спіной у шафёра, сядзенні, з чырвонай парламенцкай папкаю на маладых круглых каленках. У годным настроі выйшаў з круга і, высока ўскідваючы перад сабою сукаваты кій, падаўся да адчыненай яму насустрач брамы.
То ішоў, то спыняўся, слухаў зацішак ночы, зноў ішоў. Выйшаў да ляснога дачнага дамочка з ганкам пад вастрапікай стрэшкаю, на ганку выцер аб дыванок ногі, пераступіў парог і калідорчыкам прайшоў да свайго двухпакаёвага люкса. Кій паставіў у кут ля дзвярэй, распрануўся, павесіў паліто ў шафу, зняў шапку і чаравікі, прайшоў у гасцявы пакой і, не ўключаючы святло, апусціўся ў шырокае мяккае крэсла. Побач стаялі канапа і нізкі квадратны столік, на століку – бутэлька з-пад шампанскага з фальгою на шыйцы, пустая, і бутэлька недапітага малдаўскага каньяку. Наліў у чарачку, адпіў глыток. Трымаючы чарачку ў руцэ, задумліва глядзеў у акно. Сам сабе ўсміхаючыся, ціхенька заспяваў сваю любімую:
Сівы конь бяжыць,
На ім бела грыва,
Ой, спанаравілась...

Кульнуў з чарачкі ў рот астатняе, узяў са стала цукерку, адкусіў, і з той самай лёгкай усмешкаю, якая ўжо не сыходзіла з твару, задумаўся. Думаў пра яе. Зноў бачыў яе. Чуў і адчуваў.
Яны ўжо каля месяца працавалі разам. Як толькі апошняя сесія Вярхоўнага Савета прыняла пастанову аб правах дэпутатаў, Івану Данілавічу шмат хто рэкамендаваў у сакратаркі сваіх знаёмых, дачок, жонак, але ён, чалавек у жыцці вопытны, ведаў, чым можа закончыцца яго паспешлівы выбар, і адказваў, што сакратарка яму яшчэ не патрэбна. А неяк аднойчы згадаў народнае свята за Мінскам на беразе возера і цудоўную дзяўчыну, з якою там пазнаёміўся. Яна выступала з хорам, спявала, і выглядала вельмі прывабна ў народных строях, высоканькая і зграбненькая, з вяночкам жоўценькіх дзьмухаўцоў на русай галоўцы. Успомніў яе выразныя сінія вочы, цёплую ўсмешку, свой далікатны дотык да яе станіка. I адрасок аказаўся ў блакноціку. Яна рабіла ў раённай бібліятэцы, і ён нават не стаў званіць, паехаў і знайшоў тую бібліятэку. I яна якраз была на рабоце. Не ў тых, вядома, святочных строях, але, як тады, вельмі мілая. Пагаварыўшы з ёю, дазнаўся, што яна скончыла педагагічны інстытут, работу па спецыяльнасці, выкладчыцай мовы і літаратуры, у Мінску не знайшла, а сама была карэнная мінчанка і жыла з мамаю. Убачыў, што чалавек перад ім і сур’ёзны, і разумны, і выхаваны – запрасіў да сябе на службу, на заробак у тры разы большы. Была разгубілася: няўжо ў Вярхоўны Савет? А назаўтра пазваніла, што згодная. I ён не памыліўся. Яна аказалася якраз тым чалавекам, каторага яму не хапала. Усё, што трэба, рабіла старанна, хуценька, ды і не была яшчэ абцяжараная ні сям’ёй, ні бядой. I разумела яго ва ўсім. Калі ён ад’язджаў у гэты лес, каб тут знайсці зацішак і для працы, і для адпачынку, яна, быццам між іншым, прадбачліва сказала, што як толькі яму зробіцца сумна аднаму ў лесе, хай ёй пазвоніць. Пасмяялася з яго верагоднага ляснога здзічэння, але яе прапанову ён запомніў і пазваніў. Яна адразу прыехала аўтобусам, і яны паўдня гулялі па лесе. Дзень выдаўся сонечны, цёплы, з лёгкім марозцам. За рэчкаю яна хацела ўзабрацца на высокі бераг, пакаўзнулася, і ён яе падхапіў, стоячы пад берагам. Яе твар быў такі блізкі да яго твару, такі вясёлы і румяны, мілы, што ён не ўтрымаўся і пацалаваў. Гэта ёй, адчуў, спадабалася, і ён яе цалаваў яшчэ і яшчэ, а пасля, калі вярнуліся ў свае пакоі, ужо трэба было збірацца на апошні рэйсавы аўтобус. Тыя пацалункі грэлі яго усю ноч. I яшчэ два дні пра адну яе думаў. Не мог ні спаць, ні працаваць. А сёння не вытрымаў, пазваніў зноў і сказаў, што ў лесе яму вельмі сумна. Яна ўсё роўна як чакала яго званка: абрадавалася ягонаму суму і заўважыла, што аўтобус ідзе надта марудна і доўга. Дала зразумець, каб быў смялейшы і памятаў пра свае дэпутацкія правы. Ён пазваніў у гараж, каб па яе выслалі машыну, і праз гадзіну яна была ў лесе.
На гэты раз Іван Данілавіч не паўтарыў памылкі, якую зрабіў тады, павёўшы яе ў зімовы, хоць і на пачатку вясны, лес. Цяпер ён адразу выставіў на стол каньяк, парэзаў лімончык і каўбаску, раскрыў вялікую каробку з шакаладнымі цукеркамі, наліў крыштальныя чарачкі, што стаялі ў буфеце люкса, і сказаў тост. За лес, які іх прытуліў, за поспехі ў рабоце, якая іх звяла.
А другі тост сказала яна. За яго. Што ён яе аднойчы заўважыў і не забыў. I што ён яе зразумеў.
Іван Данілавіч задумаўся: што б гэта значыла – зразумеў? Ёй падабаўся начны вясновы лес? I дамок у лесе? Зразумеў, што ўсяго гэтага ёй хочацца не менш, як яму? А ці зразумела яна яго? Яму яе зразумець, вядома, лягчэй, як ёй яго. Ёй усяго дваццаць тры, і ён, шасцідзесяцігадовы мужчына, аналітык і псіхолаг хоць бы ад сваіх прафесійных талентаў, проста не мог не ведаць яе думкі і пачуцці. А яна? Ці магла яна ведаць яго, можна сказаць, старэчае сэрца? Так-так, старэчае – куды дзенешся, галубок? Ён нечакана спалохаўся сваіх пытанняў і, нібы за паратунак, зноў схапіўся за бутэльку. Яна накрыла сваю чарачку далонню і сказала, што ад каньяку ў яе кружыцца галава. I тады ён прынёс бутэльку шампанскага. Яна ўсклікнула хутчэй ад страху, як ад радасці, але калі наліваў у крыштальныя, з тонкім звонам, фужэры, не пярэчыла. I свой фужэр падняла ў самым лепшым настроі.
Адпілі па глыточку. Яна прыхінула галоўку да яго пляча і прашаптала, што ёй добра. Гледзячы адно аднаму ў вочы, адпілі яшчэ па глыточку, і ён, абняўшы яе, дадаў, што ім можа быць яшчэ лепш. На яго таемную ўсмешку яна адказала такой самай усмешкаю, паднесла свой фужэр да ягонага, і яны нетаропка пілі прыемнае салодкае шампанскае. Як толькі яна паставіла фужэр на стол, ён зноў прыгарнуў яе да сябе і цалаваў, зноў шэпчучы, што ім можа быць і яшчэ лепей. Смеючыся, яна адкінулася на канапу, прылегла. Ён дацягнуўся да выключальніка, пагасіў святло і лёг да яе, абдымаючы.
– А табе са мною добра? – спытала яна.
– Я даўно чакаў цябе, – адказаў ён.
– Няўжо даўно? Але ж не так даўно ты мяне першы раз убачыў?
– Я чакаў цябе яшчэ тады, як не ведаў цябе.
– Марыў пра гэтакую жанчыну, як я?
– Пра цябе.
– Чаму ж ты мяне дагэтуль не знайшоў?
– Я раней быў іншы. Шмат чаго баяўся, ад усіх хаваўся. Я хацеў шмат чаго дамагчыся па службе і ў навуцы. А для гэтага трэба было шмат у чым сабе адмаўляць. I ў жанчынах.
– Здраджваў свайму сэрцу?
– Ты маладая і не ведаеш, як яшчэ ўчора жылі людзі. Нават калі іх і не садзілі за калючы дрот, не высылалі на Салаўкі ці Калыму, яны ўсё роўна не маглі жыць, каб не сачыць адзін за адным, не даносіць, не прадаваць адзін аднаго і не пакутаваць ад даносаў і здрады. Яшчэ і цяпер...
– Цяпер дэмакратыя?
– Але людзі тыя самыя. Яны ўжо не будуць іншыя. Іншымі будуць іх дзеці, унукі. Але не яны. I, можа, не мы. Нам, каб нечага дамагчыся, патрэбны быў не толькі розум і талент, але яшчэ і страх, і асцярожнасць, і хітрасць, і хлусня, і крывадушнасць.
– I дзеля гэтага ты адмаўляў сабе ў каханні?
– Чаму ж? У мяне былі жанчыны. I ёсць жонка, дзеці. Але... як тут табе сказаць? Ці была свабода кахання? I ці можна кахаць, калі не свабодны? Калі на кожным кроку вымушаны хавацца, ілгаць, маўчаць?
– А мы з табою не хаваемся? Ты сказаў, што нас звяла дэмакратыя, што калі б не дэмакратыя, то ты не быў бы народным дэпутатам, а значыць, мы не былі б тут, у гэтым лесе і доме. Дык што ўсё гэта? Свабода ці яшчэ не свабода? I ці сапраўды ўжо дэмакратыя?
Ён ляжаў, трымаў яе ў руках і адчуваў, як халаднеюць рукі, як яна выплывае ў яго з рук. У дыялогах, спрэчках, пошуках інтэлектуальнай ісціны ён не быў безгалосы, нямко, а цяпер замоўк, не ведаючы, што адказаць на яе пытанні. Штосьці, вядома, мог адказаць і цяпер, але на мове высокага парламенцкага стылю гэта быў бы далёка не канструктыўны і не адназначны адказ дэмагога, па-простаму – брахуна, якога сцерпіць парламент, прэзідэнт, але не прыгожая жанчына. Зноў палітыка? Ужо тут – што ёй рабіць? Навошта ўся гэтая размова пра свабоду і несвабоду, пра дэмакратыю, калі ў руках цудоўная маладая жанчына?
Ён адкінуўся ад яе на спіну, расплюшчыў вочы і ўбачыў у пакоі нешта дзіўнае. Па сценах, столі, акне шугала чырвань, гуляў незразумелы чырвоны вецер. Штосьці адбывалася за акном? Ускочыў з канапы. Усхапілася і яна.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.