4-11-2016, 00:14

Цішка Гартны - Сокі цаліны

Эпічны твор «Сокі цаліны» — першы беларускі раман, які складаецца з чатырох квадраў-кніг: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы».
«Сокі цаліны» — гэта раман пра вялікія працэсы абуджэння чалавека, пра выспяванне рэвалюцыйнай свядомасці, пра той час напярэдадні Кастрычніка, калі «багатая сокамі цаліна агромністай краіны расціла маладыя пасынкі» — стойкіх і мужных барацьбітоў за новы грамадскі лад. Пісьменнік прасачыў не толькі шляхі рэвалюцыйнага пралетарыя, ён разгарнуў шырокія малюнкі завадскіх будняў, местачковага побыту, закрануў многія праблемы грамадскага і палітычнага жыцця Расіі, што было новым для беларускай прозы.
У цэнтры рамана «Сокі цаліны» вобраз Рыгора Нязвычнага, які выйшаў з местачковага сялянскага асяроддзя і стаў рабочым — прафесійным рэвалюцыянерам. У асобе Нязвычнага Цішка Гартны паказаў кіруючую ролю партыі ў збіранні і гартаванні рэвалюцыйных сіл, самаахвярную адданасць яе лепшых сыноў вялікай справе вызвалення працоўных. Рыгор — натура валявая, арганізатар народных мас, чалавек, поўны бурлівай энергіі; ён заўсёды наперадзе, у самым віры падзей, там, дзе найбольш цяжкі і адказны ўчастак барацьбы.
Рыгор Нязвычны — гэта чалавек з непахіснай верай у перамогу народа, верай, якая акрыляе яго, памагае пераносіць цяжкасці, адольваць перашкоды: «Хто спаў — прачынаецца, а хто маўчаў — пачынае гаварыць: хто цярпеў — пратэстуе, хто паддаваўся — змагаецца, песні жалю змяняюцца песнямі перамогі... Наперад да боек!». Дзе б ні быў ён — сярод сілцоўскіх сяброў, рыжскіх ці пецярбургскіх рабочых, у турме ці ў высылцы,— рэвалюцыйны аптымізм не пакідае Рыгора, які сваім асабістым прыкладам уздымае «новыя парасткі» на змаганне.
Аднак, паказваючы некаторыя тыповыя рысы новага чалавека, Гартны не змог яшчэ стварыць яркі і жывы вобраз рабочага ва ўсёй глыбіні і складанасці яго характару. Справа ў тым, што пісьменнік не пазбавіўся канчаткова той схемы паказу прадстаўніка пралетарыяту, калі рэвалюцыйныя і сацыяльныя рысы засланялі ў ім звычайныя чалавечыя пачуцці. З другога боку, аўтар паставіў перад сабою складаную і адказную задачу — стварыць не проста вобраз радавога барацьбіта, а правадыра, трыбуна рэвалюцыі, што яшчэ больш прымушала «гераізаваць» Рыгора Нязвычнага, адрываць ад рэальных абставін, усяляк і ўсюды падкрэсліваць яго незвычайнасць.
Цішка Гартны шукае і выбірае толькі такія дэталі, якія, на яго думку, павінны падкрэсліваць і сведчыць пра высокую рэвалюцыйную свядомасць Рыгора. Але пісьменнік часам не раскрываў у ім самага важнага — тых непаўторных індывідуальных рыс чалавечага характару, без якіх персанаж не можа стаць тыповым. Таму атрымлівалася, што Рыгор Нязвычны мясцінамі паказаны ў рамане вельмі ілюстрацыйна і статычна, а плакатнасць і ненатуральная выключнасць не ўзвышаюць, а, наадварот, збядняюць яго як мастацкі вобраз.
Але пры ўсіх пэўных недахопах Рыгор Нязвычны з’яўляецца даволі цікавай і каларытнай фігурай. У апошняй кнізе рамана пісьменнік ставіць свайго героя ў такія сітуацыі, якія больш раскрываюць яго пачуцці, чуласць і таварысцкую ўвагу. Нарастанне велічных грамадскіх падзей прымушае Нязвычнага задумацца над чалавечым лёсам, бліжэй адчуць людское гора. Ён балюча перажывае трагічную смерць Гэлі, забойства Рудольфа Шульца, памагае ўладкавацца даўняму сябру — Сёмку, дбае пра долю бежанцаў.
Сярод шматлікіх жаночых вобразаў найбольш удаўся вобраз Зосі, яна вабіць шчырасцю і хараством сваёй душы. Але яе лёс і хвалюе нас сваім драматызмам. Яна, дачка даволі заможных местачковых сялян, сябруе не з багацеямі, а з тымі, хто спачувае «дэмакратам». Шчырая і працавітая Зося пакахала ўсім сваім сэрцам сына беднай удавы — Рыгора Нязвычнага. У гэтым каханні раскрыліся і лепшыя рысы яе характару і з другога боку — яе слабасць, нерашучасць ісці супроць бацькавай волі. У Зосі з’яўляецца нават думка кінуць бацькаву хату і паехаць з Рыгорам У горад. Яна на раздарожжы, не ведае, што выбраць: «Там каханне і разам — беднасць, недахваты, праклёны бацькоў; а тут — дастатак, багацце і нялюбы чалавек». Прыйшлося выбіраць апошняе — багацце і нялюбага, бо ніхто не падтрымаў дзяўчыну, не памог ёй вырвацца з местачковага балота, да канца пастаяць за сваю чалавечую годнасць.
У рамане «Сокі цаліны» створаны каларытныя і яркія вобразы местачковых багацеяў. Вось самавіты местачковец Васіль Бераг. Скупымі, але яркімі мазкамі даецца ў рамане яго партрэт: «Сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары». Яшчэ лепш відаць яго аблічча ў такой дасціпна выпісанай сцэнцы: «У цэркві ж ён любіў стаяць ад пачатку да канца службы, і кожны чалавек, хто толькі калі ні заходзіў у цэркву, заўсёды мог бачыць Васіля Берага, які стаяў ля правага кліраса, прычэсаны, прылізаны, і шчыра жагнаўся на кожнае слова папа і дзякана, а затым голасна падводзіў дзяку» . Тут, як на далоні, увесь Васіль Бераг са сваёй кулацкай фанабэрыяй, паказным выхваленнем багацця і «бацюшкавай ласкай». Ён самаўпэўнена лічыць, што ніхто з местачковых хлопцаў яму не роўня, тым больш лапатнік і галадранец Рыгор, Васілю Берагу здаецца, што кожная дзяўчына паквапіцца на яго гаспадарку, у тым ліку і Зося. А што яна яго не кахае, дык гэта справа малаважная... Лагічным завяршэннем жыццёвай дарогі местачковага багацея з’яўляецца сцэнка ў чацвёртай кнізе: паліцэйскі Васіль Бераг конна гарцуе на вуліцах у Петраградзе, разганяючы дэманстрацыю рабочых.
Яшчэ больш яркімі сатырычнымі фарбамі акрэслены вобраз дзядзькі Васіля — Хлора Берага, якога ў мястэчку лічаць разумным і хітрым чалавекам. Чаго варты толькі яго партрэт: «Хлор, важна седзячы, закаціўся бесклапотным задаволеным смехам, ажно яго маленькія, кноразавы вочкі, упаўшыя глыбока ў тоўсты сыты твар, заплылі вільгаццю слёз і брыты гладкі падбародак заварушыўся, а на шчоках заметна абмаляваліся роўныя круглыя ямачкі». Для Хлора сватаўство пляменніка звычайная чарговая камерцыя; як пры куплі каня, ён заядла таргуецца за пасаг. З выглядам знаўцы жыцця ён нахабна і цынічна выкладае свае погляды на людскія пачуцці: «Каханне як туман: перад вачыма стаіць, а збоку зірні — пуста...» У яго ёсць свой погляд на грамадскія падзеі, на іх вытокі: «Усюды пайшлі розныя сацыялісты, басяччо, галадранства — усё з нянавісцю на знатнейшых людзей, з зайздрасцю — узяць чужое, спаганіць, згнюсіць людскую чэсць».
Прага да багацця вызначае ўчынкі і паводзіны Міколы Прыдатнага. У яго свая «мерка» на людзей, варты ўвагі толькі той, хто мае шмат грошай і зямлі, астатнім грош-цана: «Тады я за цябе аддам сваю дачку, калі ты будзеш мець у тры разы больш, чым яна мае». Ён прагне парадніцца з заможнымі і знатнымі людзьмі і тлумачыць сваёй дачцэ: «Падумай толькі, нябога! Берагі. Жарты сказаць! У адным гэтым слове хаваецца столькі паважнасці, столькі самавітасці, што ўсім на завіду...».
Увогуле, трэба сказаць, што ў рамане «Сокі цаліны» вобразы местачковых людзей паказаны ярка і жыва. Пісьменнік знаходзіць трапныя бытавыя дэталі, надзяляе сваіх герояў жывой народнай гутарковай мовай. Сілцы і сілцоўскія жыхары — гэта родны Капыль і дарагія капылянцы. Тут Цішку Гартнаму было з каго «спісваць»; як жывыя, стаялі ў яго перад вачыма землякі.
Іншая справа, калі ён ствараў вобразы рабочых. У распрацоўцы рабочай тэматыкі, у раскрыцці вобраза новага героя Цішку Гартнаму выпала быць першапраходцам, прыйшлося першаму пракладаць сваю сцежку ў беларускай прозе. Гэта, зразумела, надало наватарскі характар раману «Сокі цаліны». Але гэта абумовіла і пэўныя слабасці.
Ідучы ад рэальных падзей, жыццёвых назіранняў, Цішка Гартны не заўсёды, на жаль, выбіраў найбольш істотнае і важнае, без належнага творчага асэнсавання, а падаваў некаторыя падзеі ў «сырым» выглядзе. У рамане побач з яркімі жанравымі малюнкамі местачковага побыту, паказам масавых сцэн (дэманстрацый і мітынгаў у сталіцы напярэдадні рэвалюцыі, паэтычнымі карцінамі вясковай працы — касьбы і жніва) ёсць, на жаль, малавыразныя і прыземлена-хранікальныя старонкі. Гэта ў сваю чаргу абумовіла кампазіцыйную рыхласць рамана, вяло да аслаблення ўнутранага драматызму і напружанасці дзеяння.
Калі ў кнізе «Бацькава воля» недахопы ў кампазіцыі рамана выявіліся не так выразна, бо ў аснову твора пісьменнік узяў востры сацыяльны канфлікт, дык адсутнасць вострай сюжэтнай калізіі ў другой і трэцяй кнігах зрабіла іх вельмі хранікальнымі, апісальнымі. Многа траціць раман (асабліва кнігі «На перагібе» і «Крыжавыя дарогі») ад таго, што, апрача вобразаў сілцоўскіх багацеяў, свет, варожы народу, паказаны чамусьці ў безасабовым, абагульненым выглядзе. Гэта акалічнасць значна абмежавала магчымасці аўтара драматызаваць дзеянне, сутыкнуць характары і паказаць бурлівыя сацыяльна-гістарычныя падзеі праз лёс герояў, праз абвастрэнне класавых супярэчнасцей.
Наватарскі па задуме раман, у якім пісьменнік смела ўзяўся за асэнсаванне новага жыццёвага матэрыялу для беларускай прозы, вызначаўся яркімі рэалістычнымі малюнкамі, публіцыстычнай завостранасцю. Звяртаючыся да багатых жыватворных крыніц народнай мовы, Цішка Гартны ўмела карыстаўся бытавой лексікай з выразным дыялектным каларытам роднага Капыля. Вось жывая мова местачкоўцаў: «Няўжо ж ты думаеш, што Рыгор табе раўня? Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, ушчаміў капялюх, дык ужо, думаеш, і паніч. Невялікая мацыя, невялікі хвэрт, нябось Мікола зразу раскусіў — калі і заікнуцца не дае аб’ём...».
З сапраўдным майстэрствам выпісаны пейзажныя малюнкі. Вось пачатак касьбы: «Перш рэдкія нясмелыя стукі паляцелі з аднаго двара, адгукваючыся праз вуліцу ў другім, а пасля часцей і часцей, пераскокваючы з двара на двор, з вуліцы на вуліцу, пакаціліся яны срэбным шротам усцяж вуліц, праз гароды і сады, па ўсім мястэчку... Птушкі, што не паспелі вылецець у поле, гавяда, што асталася пры доме, дзеці і старыя, што не адлучаліся з мястэчка — усе замоўклі і прыслухоўваліся да ўрачыстых зыкаў кляпання кос. Нават дзярэўцы ў садах настаражыліся і не трапяталі лісцем; нават ветрык, зранку павяваўшы, прыціх паміж платоў... Толькі цёплае паветра, раскалыханае самым стукам, нервова трапяталася пад асвечанымі капяжамі хат, над зелянінаю гародаў, у шчылінах загарадзі. Мэрам бы ўцякала кудысь к лесу, за мястэчка, на прастор, дзе б не гудзелі гэтыя сталёвыя восы». Удаліся Цішку Гартнаму і урбаністычныя замалёўкі: «Вось ён, Пецярбург! Горад камення і жалеза! Горад палацаў ды фабрык. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Кузня культуры і засценак сярэдневякоўя... Пецярбург гудзеў кіпучым жыццём. Адзін за другім праносіліся стройныя вагоны трамвая, свісталі аўтамабілі і траскацелі рамізнікі. Паводкаю ліліся людзі ў адзін бок вуліцы і ў другі, насустрач і ў бакі». Трапна перадае Цішка Гартны ў рамане грамадскія падзеі: «Расія жыла пад знакам вайны. З усіх канцоў краіны накіроўваліся да яе заходняй граніцы сотні эшалонаў салдат, аружжа, адзення, ежы. Па асірацелых сёлах затупала апусценне, заняпад. На свежых пожнях глыбей у зямлю палезлі карэнні былля, дзікатраўя. Загойсала здань недастач, разладдзя ў хатах. Настаражыліся сірочыя сэрцы ў чаканні вестак з франтоў чынных армій. Зацяжна, кружнымі шляхамі паўзлі яны, акрываўленыя, авеяныя смерцю, у белых канвертах, з няроўна выведзенымі літарамі да закінутых вёсак, у сумныя хаты. Цёплыя прывітанні бацькам, жонкам і дзецям з далёкіх мясцін стылі ў непрагляднай жудзе, енках і жалю».
Крытыка 20—30-х гадоў высока ацэньвала першы беларускі раман «Сокі цаліны», а Гартнаму-раманісту адводзіла адно з першых месц сярод беларускіх белетрыстаў. З вышыні ідэйна-мастацкіх дасягненняў сучаснай прозы відаць пэўная ўмоўнасць і перабольшанасць такой ацэнкі, але «Сокі цаліны» займаюць значнае месца ў гісторыі развіцця беларускага рамана.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.