6-11-2016, 23:51

Я. Баршчэўскі. “Вужыная карона”.

У нешчаслівы час выйшаў Сямён на паляванне. Не могучы выканаць строгі наказ пана ўпаляваць дзічыны, што б там ні было, даведзены да адчаю, ён падумаў, што пакланіўся б і нячысціку, абы толькі той паспрыяў яму ў ловах.
І толькі ён так падумаў — выбег аднекуль велізарны чорны сабака і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Неспакой і страх ахінуў Сямёна. А тут яшчэ і нейкі дзіўны пажылы чалавек выйшаў з гушчару і сеў на пень ля паляўнічага.
І расказаў яму Сямён пра сваю бяду. Супакоіў Сямёна чалавек і параіў яму ісці заўтра вечарам на Ласіную гару, што стаіць сярод цёмных лясоў, а схілы яе пакрыты вужамі. Сустрэўшы Вужынага Караля, хай пасцеле перад ім Сямён белую хустку, укленчыць і паклоніцца. І дасць тады Сямёну Вужыны Кароль сваю Залатую Карону. Здабыўшы яе, стане Сямён шчаслівым на ўсё жыццё, бо чорны сабака будзе яму служыць заўжды і павядзе туды, дзе зможа ён настраляць дзічыны, колькі пажадае.
І толькі пра адно папярэдзіў дзіўны чалавек Сямёна: ніколі не баяцца нічога. Ні тады, калі ўсю ноч будзе ісці да Ласінай гары, ні пасля, калі атрымае Залатую Карону. «Але ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам — будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці», — сказаў так і знік...
І Сямён пайшоў на Ласіную гару. Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага; потым велізарны мядзведзь на задніх лапах набліжаўся да яго; зграя ваўкоў ляскала перад ім крывавымі пашчамі; вышэйшы за лес Волат заступаў яму дарогу, але Сямён смела ішоў далей.
І на світанні выйшаў ён да чароўнага сада, у якім палац золатам свеціцца, а ў садзе гулялі дзяўчаты і вабілі яго да сябе. Але Сямён спяшаецца да Ласінае гары.
А далей было ўсё так, як паабяцаў яму дзіўны незнаёмы. І разнеслася па ўсёй ваколіцы пагалоска пра Сямёна, быццам ён — чараўнік. Сябар яго Акім бачыў праз акно Сямёнавай хаты, як той кукобіць чорнага сабаку, а сабака глянуў на Акіма крывавым вокам і знік.
І закахаўся Сямён у прыгажуню Марысю, дачку пабожных бацькоў, і запытаўся ў яе, ці ўзаемнае яго пачуццё. Дзяўчына ж адказала, што ходзіць пагалоска, быццам ён чараўнік. Не вагаючыся, пацалаваў ён Марысін крыжык, даводзячы тым, што ніякі ён не чараўнік.
І толькі ён гэта зрабіў, як з травы падняў галаву велізарны вуж. Закрычала спалоханая Марыся. Сямён схапіў камень і выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве, але тут раптам чорны сабака з'явіўся і загаўкаў, а потым таксама знік. І на ловах Сямёну перастала шанцаваць. І безліч вужоў, сыкаючы, паўзлі пад лаву і пад печ, калі ён вяртаўся дахаты. Доўга яшчэ дакучалі яны небараку Сямёну. Адчыніў ён скрыню, выняў Вужыную Карону, а яна ўжо і не залатая...
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.