9-11-2016, 10:20

Пятрусь Броўка - Канец лета

Жнівень выйшаў. Восені пачатак.
I па ўзлессі жоўтыя сляды.
Сілы правяраюць птушаняты –
Б’юць па голлі крыллем маладым.
Правяраюць хорам галасістым
Крылляў адгадованых узмах,
Значыць, першы вецер ледзяністы
Ім другі пакажа сёння шлях.
Там на поўдні – сонца і крыніцы,
Дзень пагодны, цёпел і вялік,
Толькі верабейчыкі-тубыльцы
Разважаюць ціха: чык-чырык...
Па дарогах зярняты збіраюць,
Што схаваны пылам і жарствой.
Племя вераб’інае! Ты знаеш:
Тут зімой таксама хараство.
А пакуль на небе многа сіні,
Як ты, вецер, хмары ні гані...
А пакуль – лістота на асінах
Гулкімі шархоткамі звініць,
Сонца па-ранейшаму няспынна
Раскідае стрэлы па зямлі,
Як дзяўчаты, стройныя рабіны
Чырванню адменнай зацвілі.
Мы яшчэ з лясамі пагаворым,
Арахоў насыплем у прыпол,
Хай сабе, што восеньскія зоры,
Як апорты, падаюць на дол.
Хай сабе,
Што птушак будзе меней,
Мы і самі добра запяём!..
Нам дзяўчаты песнямі заменяць
Самых галасістых салаўёў.
Прыйдуць ветры,
Разгайдаюць струны,
Раскалышуць нетравыя сны,
Пройдзе сонца па гусцейшай руні,
Будзе ўсё падобна да вясны.
І калі часамі дождж заплача,
Шэрым зайцам скочыць па двары...
Не сумуйце, мы яшчэ паскачам
Да апошняй ранішняй зары.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.