П'еса «Звар'яцелы Альберт, або Прароцтва шляхціца Завальні» (1991) – рымейк фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага. Асноўны канфлікт п'есы – гэта канфлікт паміж светлымі і цёмнымі сіламі, паміж Дабром і Злом за чалавека, яго душу, яго лёс. У цэнтры твора – жыццёвы лёс пана Альберта, уладальніка маёнтка, які ў пагоні за нажывай фактычна прадаў душу д'яблу, ролю якога ў п'есе выконвае Чарнакніжнік. Жыццё Альберта цяпер падпарадкавана розным пачварным і агідным істотам, якія падштурхоўваюць яго на самыя нягодныя ўчынкі. Ён становіцца чалавекам без радзімы, выракаецца Бацькаўшчыны. Ён гатовы за ўласны дабрабыт прадаць чалавечую годнасць, грэбуе гісторыяй і культурай свайго народа, гандлюе памяццю продкаў. Аўтарскія ідэалы Дабра, маральнай чысціні ў творы ўвасабляюць мудры шляхціц Завальня і шчырая ў сваіх пачуццях Амелія. Імкнучыся пераканаць Альберта ў неабходнасці жыць па маральна-этычных законах продкаў, Завальня асуджае тых паноў, хто гатовы на здраду Радзіме, на ганьбаванне яе народа, на ашуканства і падман, якія «толькі і дбаюць, каб застацца пры багацці і раскошы...»
Вельмі сімвалічна, што аўтар завяршае свой твор «Малітвай за Беларусь», у якой просіць Бога не караць «нас бяспамяцтвам», каб не забыліся мы «святое мовы беларускае, гісторыі і традыцый нашых...»

У п’есе Сяргея Кавалёва «Драўляны Рыцар» малюецца ідэалізаваны вобраз – узор прадстаўніка рыцарскай культуры. Носьбіт найлепшых якасцей – звычайная драўляная цацка, якая характарызуецца недасягальнай для большасці людзей ступенню чалавечнасці.
Адначасова ў канву твора ўключаюцца міфы пра фей, міфалагічныя істоты Зморы, Скныра, Здані, Цмока, Дамавічка.
З аднаго боку дзеянне адбываецца ў рэальным свеце, у «старым драўляным доме на ўскрайку лесу», дзе «недарэчны замок на дзвярах вартуе цішу, пустэчу і змрок», дзе «некалі жылі людзі, гарэў агонь у печы, спяваліся песні». З другога – казачны свет, Каралеўства Сноў, дзе ёсць месца фантастычным персанажам і незвычайным учынкам. Такім чынам ствараецца асобы каларыт блізкасці дзеяння твора да рэальнасці.
Полюс святла – гэта маленькі Драўляны Рыцар, які здольны на вялікі ўчынак. Ён падобны на герояў фальклорных чарадзейных казак, якія выконваюць сакральны рытуал ініцыяцыі, і адначасова гэты персанаж уяўляецца шукальнікам унутранай гармоніі, таму ад самага пачатку з’яўляецца адзінокім. Драўляны Рыцар блізкі да рамантычных герояў, якім уласціва трагічнае падваенне ўнутранага свету, ён дзейнічае ў адпаведнасці з ідэальнымі рыцарскімі законамі ахвярнасці, чым здзіўляе ўсіх. Драўляны Рыцар не можа здрадзіць сваім ідэалам і тады, калі даведваецца, што ён будзе нікому не патрэбны праз пяць гадоў, і тады, калі будзе ведаць, што загіне.

У апавяданні «Трэскі на хвалях» пісьменнік заўважыў і стварыў праўдзівую і палемічна завостраную сітуацыю з жыцця местачковай інтэлігенцыі ў першыя пасляваенныя гады — першыя гады мірнага будаўніцтва. У апавяданні добра перададзены суровы подых часу: мітынгі і сходы ў халодных і пракураных памяшканнях, вострыя дыскусіі і спрэчкі ў вузкім коле сяброў. Гэта быў складаны і цяжкі для некаторых перыяд ломкі старых поглядаў, станаўлення новых перакананняў, класавага размежавання інтэлігенцыі.
Галоўны герой апавядання — былы настаўнік Сідор Браварка, які яшчэ да рэвалюцыі «выбіўся» ў людзі і трапіў у вышэйшае, як ён думае, «кола грамадскага жыцця». Пра той час у яго засталіся ружовыя ўспаміны: «Гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балы, вечарыны. Прамільгнулі палкія летуценні, жаданні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем». Але рэвалюцыя разбурыла гэты «рай», і Сідор Гарасімыч страціў колішні спакой і раўнавагу. Усё гэта зрабіла яго лютым ворагам Савецкай улады, ненавіснікам усяго новага ў жыцці. У пошуках сяброў і аднадумцаў прыехаў ён у сваё роднае глухое мястэчка Вікуры, спадзеючыся адпачыць тут ад мітынгаў і дэманстрацый. Але новае жыццё прыйшло і ў мястэчка. Яго былы сябра Андрэй Камель, цяпер загадчык аддзела асветы, у брудным пакойчыку з разбітымі вокнамі і пашарпанымі шпалерамі займаецца школьнымі справамі. Нават звычайная вечарынка, на якую Сідор ішоў з надзеяй адвесці душу, ператварылася ў вострую дыскусію пра ролю інтэлігенцыі ў грамадскім жыцці.
Вуснамі настаўніка Андрэя Камля пісьменнік выносіць прысуд мяшчанскаму свету, тым людзям, якія сталі нікчэмнымі трэскамі на бурлівых хвалях новага жыцця: «Сідор астаўся тым, які і восем гадоў таму назад пяяў на клірасе «Спасі, госпадзі», а ў станавога «Божа, цара храні!»... Ён, пэўна, думаў, што гэты матыў шуміць і над усімі Вікурамі. Дзеля таго і трапіў сюды, але памыліўся. Мы выйшлі з-пад гэтага матыву. Нам звіняць новыя песні». Сімвалічны сэнс мае канцоўка апавядання «Трэскі на хвалях»: Сідор, як «нацкованы воўк, безаглядна бег у цемнату вуліцы».

Эпічны твор «Сокі цаліны» — першы беларускі раман, які складаецца з чатырох квадраў-кніг: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы».
«Сокі цаліны» — гэта раман пра вялікія працэсы абуджэння чалавека, пра выспяванне рэвалюцыйнай свядомасці, пра той час напярэдадні Кастрычніка, калі «багатая сокамі цаліна агромністай краіны расціла маладыя пасынкі» — стойкіх і мужных барацьбітоў за новы грамадскі лад. Пісьменнік прасачыў не толькі шляхі рэвалюцыйнага пралетарыя, ён разгарнуў шырокія малюнкі завадскіх будняў, местачковага побыту, закрануў многія праблемы грамадскага і палітычнага жыцця Расіі, што было новым для беларускай прозы.
У цэнтры рамана «Сокі цаліны» вобраз Рыгора Нязвычнага, які выйшаў з местачковага сялянскага асяроддзя і стаў рабочым — прафесійным рэвалюцыянерам. У асобе Нязвычнага Цішка Гартны паказаў кіруючую ролю партыі ў збіранні і гартаванні рэвалюцыйных сіл, самаахвярную адданасць яе лепшых сыноў вялікай справе вызвалення працоўных. Рыгор — натура валявая, арганізатар народных мас, чалавек, поўны бурлівай энергіі; ён заўсёды наперадзе, у самым віры падзей, там, дзе найбольш цяжкі і адказны ўчастак барацьбы.
Рыгор Нязвычны — гэта чалавек з непахіснай верай у перамогу народа, верай, якая акрыляе яго, памагае пераносіць цяжкасці, адольваць перашкоды: «Хто спаў — прачынаецца, а хто маўчаў — пачынае гаварыць: хто цярпеў — пратэстуе, хто паддаваўся — змагаецца, песні жалю змяняюцца песнямі перамогі... Наперад да боек!». Дзе б ні быў ён — сярод сілцоўскіх сяброў, рыжскіх ці пецярбургскіх рабочых, у турме ці ў высылцы,— рэвалюцыйны аптымізм не пакідае Рыгора, які сваім асабістым прыкладам уздымае «новыя парасткі» на змаганне.

Я стаяў на вузкай-вузкай мяжы, абросшай рэдкай высокай травой; а абапал яе, крышку шырэйшыя за мяжу, цягнуцца мужыцкія шнуркі жыта. Круг-кругам – зялёнае, пекнае, як дарагі аксаміт, – мора зелені. Пахне нечым свежым, лёгкім!..
Пад самым недзе небам, чыстым, ясным, пяе-заліваецца рэзвы звонкі жаваранак, верціцца, як лёгкае пёрка ў паветры, і быццам весяліцца. Унізе ж над жытам цэлыя мільёны мошак, жучкоў, матылькоў!
Якая свабода, як лёгка!..
Чаму ж, нягледзячы на ўсё гэтае хараство, агарнулі мяне вялікія, цяжкія, вострыя думкі, каторыя разам заўладалі маю душу і сэрца? Я бязвольна схапіўся за галаву, апусціў яе к зямлі, прыплюшчыў вочы і пачаў думаць...
«Вось гэтыя палоскі, гэныя вузкія шнурочкі – гэта багацце мужыка; яны кормяць і гадуюць яго, сям'ю, даюць хлеб усяму свету. Гэта ж тая самая зямелька, палітая крывёй і гарачым потам мужыцкім, на каторай бачыў я сам, як леташняй восенню, хмурным, сумным днём, – калі сыпаў малюсенькі, дробненькі дожджык, што прамочваў суконную світку мужыка-хлебароба, наскрозь дабіраўся да яго потнага худога цела, пускаў па ім дрыготку, – калі к яго шырокім патрэсканым, апэцканым нагам прыліпала цяжкая, ліпкая зямля, – ён, гэны цёмны, гаротны мужык, цягнуўся разорай за плугам, каторы цягнула яго худая, змардаваная Буланка, – сцёбаў свайго супрацоўніка вернага канаплянай пужкай, панукаў яго і пяяў сабе пад нос нудную, жаласлівую песню, поўную слёз і гора!

Пасвячаю Януку Купалу

Цяжка жыць без долі,
Што рабіць — не знаю;
Хіба на свет выйду,
Долі пашукаю.
Выйду пад гаёчак,
Крыкну на ўсё поле:
Гдзе так запрапала
Ты без сэрца, доля?!.
Можа, ты, зялёны,
Родненькі гаёчак,
Схаваў маю долю
Ў цёмны вугалочак?
Эй, скажы, мой мілы,
Пашкадуй дзяціну,
Памажы ты гору,
Паймі сіраціну!
Дарма я пытаю:
Шуміць лес няміла...
Не пачула доля,
Эх, пачуй, магіла!..

Капыль, 1909

Чырвонаармеец з апавядання «Панкел Ліпа» вытрымаў многа выпрабаванняў. Ён восьмы год знаходзіцца на фронце, пяць разоў быў паранены і ўвесь гэты час не бачыў ні жонкі, ні дзяцей. Чарговы раз вярнуўшыся пасля шпіталя ў сваю часць, герой перажывае душэўную скруху, бо, паводле яго слоў, «чалавек не сталь – не можа трываць бясконца». Панкелу здаецца, што калі б толькі ён даведаўся, дзе яго сям'я, угледзеў жонку, дзяцей, то «больш нічога не трэба», тады б ён зноў «гадзіўся на справу». Але вярнуўшыся са шпіталя, перад чарговай адпраўкай на фронт ён каторы раз чуе ад сваіх камандзіраў пра «святую павіннасць кожнага з чырвонаармейцаў забыць ўсё, што злучана з прыватным жыццём», пра самаахвярнасць у імя рэвалюцыі.
Другі галоўны персанаж апавядання Проў знаходзіцца ў Чырвонай Арміі з мэтай агітацыі чырвонаармейцаў перайсці змагацца ў стан казацтва. Адчуўшы настрой Панкела Ліпы, ён распальвае ў яго свядомасці незадавальненне сваім становішчам, уладай бальшавікоў. На супрацьстаянні гэтых герояў і пабудавана апавяданне.
Цішка Гартны псіхалагічна тонка і дакладна перадае ўнутраную барацьбу, што адбываецца ў душы Панкела. 3 аднаго боку, герою агідна сама думка аб здрадніцтве, ён разумее, што гэта «брыдка, непачэсна» і нічым такі ўчынак не апраўдаць. Разам з тым Панкел ловіць сябе на тым, што на першым плане ў яго «неадчэпная думка – думка аб доме, аб родных, і толькі за ёю ўкрадкаю, нічога супольнага не маючы, ганялася балючая непрыемная другая думка – ужо аб фронце».

Шмат супярэчлівых думак выклікае вобраз галоўнай гераіні апавядання «Спатканне». Дачка заможных сялян Агапа кахае камандзіра Чырвонай Арміі, бальшавіка Костуся Акрайца. Бацькі супраць, каб іх дачка звязала лёс з гэтым чалавекам. Дзяўчына ж ўсёй душою рвецца да каханага, нават хоча паехаць на фронт, стаць «чырвонаю сястрою», каб толькі быць побач са сваім абраннікам. На гэтым пабудаваны сюжэт апавядання. Можна зразумець захопленасць дзяўчыны Костусем, якога яе багатае ўяўленне малюе такім чынам: «Вось Костусь на кані, у элегантным, з іголачкі, гарнітуры, з буйною звяздою на левым баку грудзей, з рэвальверам. Ён вядзе цэлы полк чырвонаармейцаў. Чутна музыка, якая грае «Інтэрнацыянал»...».
Бянтэжыць іншае. Дзяўчына захоплена думкай аб тым, што яе Костусю ўсе падпарадкоўваюцца, а што яшчэ будзе, калі ён стане начальнікам гарнізона! Ёй і самой хочацца з вінтоўкай і кулямётам разам з Костусем «біцца супроціў паганых шляхтаў ды паноў».
«Эх, змяць бы іх усіх, – думае Агапа. – Костуська, удар на гэту сволач і раздаві шляхту у шпэлах».
Паўстае пытанне: чаму Агапа не адчувае горычы, сумнення, што яе каханы забівае (і не толькі легіянераў)? У гэтай вясковай дзяўчыне прыглушана спрадвечнае жаданне, уласцівае жанчыне любой нацыянальнасці, веравызнання, сацыяльнага паходжання, спыніць кровапраліцце, якое нясе з сабой вайна. Страчаны жаноцкасць і міласэрнасць. Вядома, нянавісць дзяўчыны да акупантаў сацыяльна апраўдана, але чаму варожасць і ваяўнічасць у адносінах да сапраўдных ворагаў ператвараецца ў варожасць амаль да ўсіх людзей?!

У цэнтры апавядання «Свае блінцы» (1926) былы чырвонаармеец Вінцусь Шавель, які ў мірных абставінах адстойвае інтарэсы сялян. Усе яго намаганні скіраваны на тое, каб адрамантаваць стары млын, наладзіць там танны памол. Герой лічыць гэта надзвычай важным, бо «хлеб – бліжэйшая справа».
Сарамлівы па натуры, Вінцусь тым не менш настойлівы ў імкненні рэалізаваць сваю задуму. Пісьменнік паказвае свайго героя ў роздуме, выяўляе яго багаты ўнутраны свет, гарачае жаданне быць карысным людзям, тым, з якімі некалі абараняў заваёвы рэвалюцыі і якія марылі пасля вайны пажыць па-чалавечы. Вінцусь адчувае асабістую адказнасць у распачатай ім працы: «Кожны павінен дасканала ведаць, павінен настойна дбаць аб тэй справе, на якую ён пастаўлены. Калі ўручаная справа патрабуе таго ці іншага вырашэння, то ці павінен яе кіраўнік маўчаць? Гэта значыла б, што кіраўнік не адпавядае свайму назначэнню...».
Апавяданне «Свае блінцы» вызначаецца нетрадыцыйным падыходам да праблемы «чалавек і калектыў». Цішка Гартны парушае агульнапрынятае ўяўленне адносна таго, што калектыў у адрозненне ад асобнага чалавека, які можа памыляцца, заўсёды прадвызначае правільную лінію ў вырашэнні важных пытанняў. Вінцусь Шавель перакананы ў сваёй праўдзе. Ён ведае патрэбы сялян. «Трэба прыслухоўвацца да іх голасу – то голас зямлі», – гаворыць герой.

Каля бору сонца ходзіць
На высокіх ценкіх дыбах,
Чарадою цені водзіць
Па кустох – густых сядзібах –

Даўгакосых,
Таўстаносых,
Цемнатварых,
Грозных, ярых
Лесуноў.
З-пад кустоў,
З тайных сховаў,
Вабам, зовам
На палянкі,
На гулянкі,


Наверх