T1m Project
17-01-2016, 18:20

Кароткі змест Бандароўна

У народзе засталася песня з давен-даўна пра жорсткага бесчалавечнага пана Патоцкага і прыгожую Бандароўну.

«У слаўным месце Берастэчку» жыў Бандарэнка. У яго была дачка-прыгажуня Бандароўна:

Хараства такога ў свеце
Не было, не будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.

У карчму, дзе гуляла моладзь, прыблукаўся пан Патоцкі.

Банкятуе з казакамі,
Мёд, віно п'е квартай,
К маладзіцам і дзяўчатам
Лезе смоллю ў жарты.

Бандароўна за нахабныя жарты выцяла пана па твары. Патоцкі пачаў пагражаць «усёй казачай брацці». Бандароўна кінулася ўцякаць ад панскай помсты. «Дзікая пагоня» адшукала дзяўчыну і прыцягнула ў панскія харомы.

I стаіць яна прад панам,
Як калінка тая,
Што у лузе над ракою
Вецер пахінае.
...Глядзіць смела, ані моргне,
Ворагу у вочы.

Пан Патоцкі загадаў накрыць «стол дубовы сытаю ядою», прынёс з бакоўкі стрэльбу. Спытаў у Бандароўны, што яна выбірае: з ім «піць, гуляці, ночкі каратаці ці навекі косці парыць у зямельцы-маці?» Бандароўна выбрала апошняе:

Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсць і славу
Прадаваць з табою.
Пан застрэліў Бандароўну.

Але праз нейкі момант пачаў праклінаць сябе.

Бацькі забралі мёртвую дачку, дома яе «прыбіралі, як да шлюбу».

Пан хацеў неяк загладзіць сваю віну. «шоўкам кажа абіваці гроб той дзераўляны», загадаў музыкам граць сумную мелодыю.

Бандароўну пахавалі, але вестка пра смерць дзяўчыны разляцелася па ўсёй Украіне. «Задымелі у пажарах панскія сялібы», пайшла крывавая бітва.

«З долі горкай Бандароўны» засталіся песні і ўспаміны.

Мастацкія асаблівасці

У аснову сюжэта паэмы (1913) лягла народная песня пра Бандароўну, вядомая на Украіне і Беларусі. Купала заглыбіў сюжэт фальклорнага твора сацыяльна і псіхалагічна: канфлікт у паэме не паміж Бандароўнай і панам, а паміж народам і прыгнятальнікамі. Дзяўчына гаворыць Патоцкаму: «За мной праўда і народ мой». Смерць Бандароўны стала той кропляй, што перапоўніла чашу народнага цярпення.

Вобраз Бандароўны ў паэме ідэалізаваны, падаецца аўтарам як сімвал дзявочай прыгажосці, знешняй і ўнутранай. Яна гордая, смелая, незалежная, гіне, духоўна перамагаючы пана-спакусніка.

У абмалёўцы вобразаў герояў, узнаўленні падзей побач з фальклорнымі сродкамі аўтар выкарыстоўвае рамантычныя. Так, рамантычная выключнасць, гіпербалізацыя, арганічна спалучаная з фальклорнымі параўнаннямі, эпітэтамі, прысутнічае ў партрэтнай характарыстыцы Бандароўны:

Хараства такога ў свеце
Не было, не будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.
Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі, яе вочкі,
Гляне — свет яснее.

У плынь аб'ектывізаванага апавядання ўведзены радкі суб'ектыўнага аўтарскага перажывання за гераіню, выяўлення адносін да пана Патоцкага. Купала адкрыта спачувае Бандароўне («Ой, няшчасна Бандароўна, адпачні часіну, памаліся за сябе ты, за сваю Ўкраіну!»).

Падзеі ў паэме развіваюцца імкліва, канфлікт востры і напружаны. Паэма «Бандароўна» мае падзагаловак «з народнай песні». Купала выкарыстаў у творы некаторыя кампазіцыйныя элементы песні, напрыклад, паралелізм.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.