T1m Project
17-01-2016, 18:19

Кароткі змест Аблава

Раздзел першы

Чалавек на імшарыне

«Чалавек... адчуваў сябе неспакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы. Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы...» Хведар Роўба запаволіў хаду, пазнаўшы знаёмую з дзяцінства мясцінку, ледзь не заплакаў. Адсюль да роднай вёскі заставалася тры вярсты.

Праз тры месяцы «неверагоднага шляху пакут і цярпення» ён дабрыў да радзімы. Ні хаты, ні забудоў на котлішчы ён не ўбачыў. Калі поле схавалася ў змроку, Хведар пайшоў на свой былы двор, які застаўся неўзараным.

Успомніў, як памерла пад сцюдзёным Котласам жонка. Прыйшла з дзялянкі і не ўстала. З маці засталася малая Волечка, а яго пагналі на работу. Дачушка то плакала, то «тоненькім дзіцячым галаском пяяла маці ўлюбёную ёю «Вутачку». Мабыць, так яна і адышла з гэтага свету пад жаласны спеў дачушкі...» Назаўтра яго на паўдня вызвалілі ад працы, каб пахаваў жонку.

Дзесьці тут, дома, застаўся сын Міколка. З ліста швагра Тамаша ён ведаў, што сын вярнуўся з арміі і стаў нейкім начальнікам. З высылкі Роўба Міколку не пісаў, баяўся яму нашкодзіць.

Хведар ішоў па вёсцы, прыслухоўваючыся і прыглядаючыся да знаёмых хат, падворкаў, вуліцы. Ён баяўся і ноччу, каб з кім не сустрэцца, каб хто яго не пачуў. Потым нетаропка абышоў магілкі дзядоў, бацькоў, малодшых сястры і брата. Падумаў, «было б добра і яму прымасціцца побач, ...можа ...ён найбольш за тым і імкнуўся сюды — за тысячу кіламетраў, праз пяць гадоў выгнання».

Раздзел другі

Ноч і спакой

У лесе прачнуўся ад холаду. Калі крыху пасвятлела, пайшоў шукаць бульбянае поле. Капянуўшы нагой баразну, адразу знайшоў некалькі ладных бульбін, адзначыў сабе, што выбіралі бульбу дзеля прыліку. У гушчары расклаў цяпельца, а сам сеў воддаль — трэба было асцерагацца.

Усе пяць пакутных гадоў Роўбу тачыла пытанне « Завошта?» «Завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу?.. У чым яго віна?»

Яму вельмі хацелася паглядзець на. поле. Замест дружнай, вясёлай, як Хведару ўяўлялася, працы, ён убачыў з дзесятак босых, у тоўста накручаных на галовах хустках, жанчын, якія капалі бульбу ў вялікія кашы. Коні ледзьве клыпалі ад ператомы.

На дарозе ён угледзеў фурманку, пазнаў мужчыну на ёй. Гэта быў Мікіта Зыркаш, які напісаў пра яго малатарню. З малатарні і пачаліся ўсе Роўбавы беды. Яе ён купіў па сынавай парадзе, малаціў усім, нікому не адмаўляючы. Плату браў вельмі памяркоўна, але Мікіта падаў так, што Роўба абірае сялян. Калі сталі размяркоўваць цвёрды падатак, успомнілі пра малатарню. Той падатак — семдзесят пудоў збожжа — ён неяк сплаціў, вымеўшы з засекаў усё. Прынеслі новы, намнога большы. Стары яўрэй Наэм тады параіў яму кідаць усё, забіраць дзяцей і жонку і ўцякаць. Хведар яго не паслухаў. Пражыў у Нядолішчы яшчэ дзесяць месяцаў. Зміцер Цыпрук,які вінен быў за малацьбу грошы, на пасяджэнні камбеда прапанаваў раскулачыць Хведара Роўбу.

Ноччу Хведар зноў хадзіў па роднай вёсцы.

Раздзел трэці

Поўня

У лесе, куды ён адправіўся начаваць, страшэнна даймаў холад. Задрамаў толькі пад ранак і прачнуўся ад нейкай трывогі. Насупраць у хмызняку ўбачыў кароўскую пысу, побач другую. Заліўся брэхам сабака, і Роўбу давялося ўцякаць.

Сабачы брэх гнаў чалавека, і ён апынуўся далекавата ад вёскі ў страхавітай мясціне, якую называлі Багавізна. Толькі надвячоркам ён рушыў назад, Зноў зайшоў на могілкі, агледзеў свежыя магілы. Нечакана ў месячным сяйве прачытаў на белай дошчачцы «Сокур Іван». Як высылалі Хведараву сям'ю, гэты Сокур памагаў начальнікам. Адзін з іх угледзеў на Волечцы новыя валёначкі, нешта загадаў Сокуру. Той трохі памяўся і сказаў малой скінуць абутак. Душа-чыся слязьмі, маці прынесла дачцэ старыя палапленыя валёнкі. У іх яна і хадзіла дзве зімы, прастуджвалася, пакуль не прастудзілася ў апошні раз.

Пасля смерці жонкі не было на каго пакінуць дзесяцігадовую Волечку. Нечакана брыгадзір плытагонаў, дзе тады працаваў Хведар, злітаваўся і дазволіў узяць яе з сабой. Дзяўчынка чым магла дапамагала маўклівым дзядзькам. Сярод плытагонаў быў нервовы, зласлівы Рагаўцоў, які з прычыны і без прычыны брыдка лаяўся. Роўба неяк папрасіў яго не рабіць так пры дзіцяці. Той паабяцаў «стукнуць» у бліжэйшым пасёлку. Брыгадзір загадаў у час праверкі хаваць дзяўчынку пад плытом.

Калі Хведар выцягнуў Волечку з вады на бярвенне, тая была сіняя і не магла вымавіць ад здранцвення ні слова. Праз тры дні Волечка памерла. Пахаваў Роўба дачку на беразе рэчкі, нават не паспеў паставіць крыж, бо трэба было даганяць плыты. Пасля таго брыгадзір даў яму даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, з якой ён і дабраўся дамоў.

На світанні Хведар выйшаў на вясковую вуліцу і раптам згледзеў нейчыя вочы. Ён пазнаў жанчыну, гэта была яго равесніца Любка. Жанчына дзіка закрычала і кінулася ў хату.

Раздзел чацвёрты

Радасць зямлі

Пакуль развіднела Хведар быў у лесе. Скурчыўся пад кустамі на дробнай траве, увабраў галаву ў каўнер світкі, засунуў рукі за пазуху — так было цяплей. Шукаў адказ, «чаму ён стаў тут для ўсіх жахлівым чужынцам».

Выйшаўшы са свайго сховішча на схіле дня, ён сустрэў старога, які пасвіў у лесе карову. Жывёлу даводзілася хаваць дзеля малых дзяцей, бо амаль усё малако забірала дзяржава. Ад старога Хведар даведаўся пра жыццё ў калгасе і, нечакана, пра Міколку, сына. «Цяпер жа ён парцейны сакратар. Малады, а нібы той цівун! Ад бацькі адмовіўся... Казалі, і прозвішча меўся мяняць, каб анізвання...» Вестка настолькі ўразіла, што Хведар ні пра што не мог больш пытацца.

Успомніўся выпадак, калі сын настояў, каб лепшага сябра выключылі з камсамола за тое, што ён пашкадаваў маці і пакінуў дома адзін абраз. Хведар імкнуўся неяк зразумець сына: «....Дабрыня, мусіць, там, дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэйшых да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня!.. Ягоны разумны Міколка, мабыць, хутка засвоіў тое. Калі ён цяпер стаў такі, значыць, такім стаць было трэба. Асабліва, калі ён не па сваёй злосці, а з дзяржаўнай патрэбы...»

На бульбяным полі на гэты раз яго ўгледзелі і, што самае страшнае, пазналі. Крычаў Зміцер Цыпрук, які, па ўсім было відаць, стаў брыгадзірам. Самы няўдалы гаспадар у вёсцы, у якога некалі здохла ад бяскорміцы кабыла, які за сваё жыццё не навучыўся нават плесці лапці.

Раздзел пяты

Аблава

Ноччу ўсчаўся дождж і ў лесе было мокра і няўтульна. Але тут можна было не баяцца. Душа Хведара жыла ў трывожным чаканні дня.

На золаку голад выгнаў яго з ельніку і ён падаўся на ўзмежак поля, дзе раслі грушкі. Чуйны слых Хведара ўлавіў нейкі рух — там былі людзі, Роўбавы аднавяскоўцы. «...Яму як бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны — па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне». Хведар павярнуў у глыб лесу, хацеў выйсці з яго з другога боку. Але з узлеску ўбачыў, што на дарозе стаялі машыны і ад іх ішлі людзі. Выйсця яму не пакінулі і спераду — там былі пагранічнікі. У чацвёртым баку быў тупік — «Багавізна, дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся». Хведар бег туды, бо ззаду чуў галасы, брэх сабакі. «...Ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут — праз тысячу вёрст да роднай зямлі... Такі яго лес! Пракляты лес, які на-канаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам».

Роўба бег, ногі да каленяў правальваліся ў чорную гразь, наперадзе блішчэлі чорныя вочы прадонняў. Хутка дол знік з-пад ног і Хведар шуснуў з галавою ў багністую прорву. Але вынырнуў і ўхапіўся за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Ён быў увесь у багне, толькі галава на паверхні. Цяжкая суконная падзёўка і пасталы ўладна цягнулі ўніз.

Яму загадвалі вылазіць, папярэджвалі ад «ліца Савецкай улады», потым палезлі ў балота, пачалі апорваць купіны. Хведар пачуў голас сына. Хацелася зірнуць астатні раз і развітацца. «Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі — ён змушаны. Можа, яму загадалі?.. I паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, то тады як жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам?..» Цвёрдым начальніцкім голасам Міколка загадаў парануць купіну, суседнюю з той, за якой тырчала паміж тым і гэтым светам Роўбава галава.

Хведар іх апярэдзіў, выпусціў з рук корань і цяжкія ногі ў сырамятных пасталах адразу пацягнулі яго ў глыб багны. Шукалі яго доўга, ды так і не знайшлі. Багна спрадвеку умела хаваць свае таямніцы.

Мастацкія асаблівасці

На старонках аповесці «Аблава» імкліва разыгрываецца адна са страшных трагедый XX стагоддзя, у выніку якой «распадаліся сем'і, нішчылася людская роднасць, спрадвечная вясковая крэўнасць». Сумленны шчыры працаўнік у адначассе мог згубіць усё, зрабіцца для іншых «жахлівым чужынцам», выгнаннікам, беглым катаржнікам, на якога не распаўсюджваюцца чалавечыя правы і законы. У гэтым на ўласным вопыце пераконваецца галоўны герой аповесці Хведар Роўба.

Хведара, высланага гвалтам за тысячу вёрст, прывялі да роднага селішча вялікі адчай і вялікая любоў. Са смерцю Волечкі «жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху... уласнае існаванне траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным». Калі што і трымала Роўбу на свеце, дык гэта жаданне пабачыць родны кут. Пасля перажытых пакут Хведар лічыць шчасцем памерці на сваёй зямлі.

Нікому Роўба не пагражае і не замінае, нікому з аднавяскоўцаў, нават Мікіту Зыркашу і Зміцеру Цыпруку, з-за якіх пачаліся яго пакуты, не жадае дрэннага. Аднак няма яму месца сярод блізкіх і знаёмых людзей. Ён можа толькі ноччу, як здань, прайсціся па вёсцы, хаваючыся, зазірнуць у акно былога сябра ці сваяка. На радзіме Хведар горшы за звера, за злачынца і за шпіёна, бо столькі самых розных людзей сышліся яго лавіць у лесе.

I — ужо апошняя кропля ў бязмернай чалавечай трагедыі — сын, бацькаў гонар і надзея, старанна абшуквае балотныя купіны, палюе разам з іншымі на бацьку. Роўба ўвесь час хоча неяк апраўдаць Міколку. Сумныя думкі з'яўляліся яшчэ там, пад Котласам. Роўба-малодшы ніяк не нагадаў пра сябе, не пацікавіўся лёсам бацькі, маці, сястрычкі. Гэта яшчэ неяк можна было зразумець. Дапамагчы родным Міколка не мог, а нашкодзіць сабе — вельмі проста. I Хведар не пісаў яму, як ні прасіла аб гэтым жонка. Вельмі ўразілі Роўбу словы старога чалавека.пра адносіны сына-начальніка да калгаснікаў, пра тое, што ён хацеў змяніць прозвішча: «Ну хай адмовіўся ад раскулачанага бацькі, навошта ж так да людзей? I яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага. Як тады жыць у будучым? Што ён скажа сваім дзецям, калі тыя будуць у яго?» Бацька імкнецца зразумець, адкуль жорсткасць у сына, калі яна выявілася ў яго характары, бо малым Міколка быў жаласлівы да ўсіх.

Камсамолец-Міколка сказаў пра лепшага сябра, які не змог пераступіць праз матчыны слёзы, не выкінуў з хаты абразы: «Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок». Тады бацьку падумалася, што гэта па моладасці, падрасце сын — паразумнее. З таго часу Міколка «паразумнеў», але не так, як хацелася бацьку.

Ці змог дараваць, ва ўсім апраўдаць Роўба сына? Не! Пачуўшы цвёрды начальніцкі голас, які ён набыў ужо без бацькі, Хведар пазайздройсціў жонцы, што яна не бачыць усяго і не чуе.

У аповесці В. Быкава знайшла адлюстраванне балючая, страшная праўда пра рэчаіснасць 30-х гадоў, пра падзеі калектывізацыі. Кароткімі, энергічнымі мазкамі малюе празаік вёску ў перыяд карэннай ломкі адвечнага укладу, жыццё перасяленцаў на поўначы. Ён, як амаль заўсёды ў сваіх творах, паказваючы перажыванні і адчуванні чалавека, нешматслоўны і стрыманы, што яшчэ больш падкрэслівае трагізм становішча Хведара Роўбы, нялюдскасць яго лесу. Для В. Быкава мала ўзнавіць — ярка, запамінальна, дакладна, — што і як адбывалася. Праз увесь твор праходзіць пытанне-роздум: чаму такое здарылася з чалавекам, віна якога адно ў тым, што ён нарадзіўся, як і бацькі, дзяды яго, як увесь ягоны род, селянінам, любіў зямлю, працу, быў руплівым, дбайным гаспадаром. Адказы пісьменнік шукае ў грамадска-палітычных варунках таго часу.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.