31-01-2017, 09:21

Алесь Разанаў - Упоцемках, з ліхтаром

I

Слалася на лугі,
на сцежкі
белае мліва.
У снега прысмак тугі:
ён мамаю асаблівы.

Ён асаблівы мной:
блукаю ў яго завеі...
Снег –
скрушнаю навіной.
якою –
не разумею.

Якою... –
растануць сябры:
стану для іх старонні,
быццам збаяцца пары –
разгойданага прадоння.

Снег –
проста снег –-
быў наш,
луг –
толькі луг –
агульны...
Завея – развадыяш:
мне ў ёй асабліва ўтульна.

Даверуся –
замяце,
засцеражэ ад злуды...
Заклятая ў немаце,
што выкажа –
не забуду.

(Птушкі –
падзёрты шнурок,
а пакідалі ззянне
і неба, як шаргунок:
пакінулася запытанне...)

Водгалас...
водспеў...
уздых
з-за разнасцежанай брамы...
Я быццам ведаў іх:
а найглыбейшы – мамы.

Поры людскія – ў век:
якая пара –
зімою?!.
Мама ля мёртвых рэк:
я асаблівы ёю...

Мама ля зябкіх лоз,
як вываратняў калекіх,
ля насцярожаных лёз –
мроіцца –
небяспекі.

Прадбачу яе –
маю,
у вечнай пары –
такую...
Сюды настае:
стаю –
мама ўва мне смуткуе.

(Кветкі,
а касмылі
завейныя:
не адбалела
лета,
калі цвілі...
Узор дасканалы: – белы.)
Што болей мне:
я сустрэў –
і болей мне лес не пагрозны...
Ад невідушчых дрэў
ужо сябе не адрозню.

Снежыцца ў вочы, ў твар...
Сутонне... Абсяг жабрачы...
Блякла мільгне ліхтар:
мама ідзе –
пабачу.


II

Пракінуся:
ў цёмныя рамы
узбуджаны перапад...
Выходзіць за дзверы мама –
мама, калі назад?!
Адна яна...
ўвек...
надзея –
без роздыху,
без пары
(дзень нараджэння днее)
на вёскі і хутары.

Што люба –
на свет,
што не люба –
прытояць рака і лаўжы...
(Згушчаецца ноч загубы):
спяшаешся –
памажы!..

Ці вытчацца з лет і зім
кілім,
нібы сненне,
пухам –
найроднейшая ўсім:
доктарка-павітуха...

Табою споўніўся лёс,
мной –
вострае паўтарэнне:
палохае скрыгат калёс...
цяжыць тваё карэнне...

Час завязаўся ў паўтор:
жорстка зацягнуты прэнзлі...
Воз уязджае ў двор –
бацьку майго
прывезлі.

Самі сабе свой суд
прытоім:
прапойца... пустэльга...
Дарога звязалася ў скрут,
а развязацда нельга.

Сціснецца выйсце ў сіло,
сцежка ўпадзе на схіле...
Коратка лета цвіло:
плачацца –
у бяссіллі.

Плачацца: вечны раз...
З пагубных рук бацькі
таропкі
гарлач...
над табою...
ў абраз:
абрынуцца ачаропкі.

Ні меры ім, ні цаны:
маленькія людзі –
суддзі:
якімі будуць яны?!. –
вязні:
што з імі будзе?!.

Далеччу дол акрыты,
і неба, нібы гаpа...
Мамачка... ма... –
куды ты?!
Цёмна без ліхтара.

Сонца высокага –
досць...
Нізкае –
на расстанне...
Віною мне –
мама ёсць,
большаю –
што не стане.

Табою жыву ў зямлю...
Неба не свеціць –
засціць...
Навучаны, не дзялю:
надзелена стратай шчасце.

Мама,
наведаем снег,
барвовую аблачынку...
Закружаны кругабег:
мару аб адпачынку.


ІІІ

Вострая зорка весніць
заплаканую зіму...
Ціхія скаргі весніц
настойлівыя –
каму?!

Ужо ад зямнога злёку
не вылечыдца:
гібей...
Спіцца –
бы скон, глыбока,
не спідца –
яшчэ глыбей.
Штыкеты брыдуць мяжой,
трызніць асвер пры хаце...
У студні –
тады чужой –
ўтапілася маміна маці.

Нібы прадказала двор –
сюды
пераедзем потым...
(...Пнуцца звяры ў калідор...
Бандыты
стаяць за плотам...
Схавацца –
у цёмную печ,
шапа глухая –
прытулам...
Дочачка, не пярэч:
я бачыла іх,
я чула...)

Балесная,
у жары,
сышла з-пад нагляду –
ў нябыту
ратунку прасіць:
звяры
не трапяць...
не знойдуць бандыты...

Лёс... –
не пазбыцца... –
шчыт... –
бароніць... –
гняце... –
каменны...
Сумеецца варажбіт:
заклён на чатыры калены.

Не вывялі... –
у віну:
маўчаць сваякі па-сваяцку.
З хатаю...
хворы...
ў вайну
звуголіўся мамін бацька.

Клікалі –
бы здалёк
зірнуў,
не падаўся ўпрочкі...
Хлеб ля яго, збанок,
ліст ад Надзеі –
дочкі.

Ля жорсткіх дзвярэй
(на вякі
клямка на іх наклана)
прыпыніцца...
Сваякі
забудуцца – дзе пахаваны...

Які ён, падземны гай?!.
Адзіны:
бяздонна...
плытка...
Мама, не ўспамінай:
не мецьме яна забытку.

Штодня –
па бяду ад бяды,
па каласы ад пожні –
ці выйдзем адсюль куды?!.
Я пасля мамы –
апошні.


IV

Свет разнасцежаны – дом...
Сцежка заціснута ў тронках.
Лета цвіце,
ідзём –
мама, куды?! –
ў рамонках.

Пачуецца – а не ўслых:
бы адазвуцца бомы...
Мы – ад усіх...
да ўсіх...
Мама, куды?!. –
дадому.

Воблакі ўсё гусцей,
ветрыцца пацяруха...
Дзеці малююць дзяцей –
я намалюю скруху.

Вялікі расці!..
Куды?!. –
у ростань...
надзею...
страту.
Каменныя гарады
зачыняцца ў інтэрнаты.

Сумесна –
а чужакі,
агулам –
а разнародна,
людзі і глыжакі:
пагодненыя нязгодна.

Староннія манастыры...
Далечыня – распяцце...
Быў юны, не быў стары:
не будзе мяне на свяце.

Хто іх саджаў...
Хто сек?!. –
вязы паўстануць струнка.
Не выкажашся праз век:
...марна, няма ратунку.

Сустрэліся на зямлі...
Уцягнутым у вандроўку
ці здарыцца дзе калі –
найродным –
сустрэцца зноўку?!

Сцежкі залом і звіх...
А побач,
надзейней, чым сковы,
адзіныя – удваіх:
хто побач абавязковы?!.

Суцішны яе адказ
(што я даводзіў маме?!.):
хочуць рамонкі і вяз –
як мы імі –
споўніцца намі.

Задумаюся –
няўцям...
Сцежка цішком звузее...
Мама,
чаму я сам?!.
Вырасту – зразумею...

У агонь апраметны –
з агню...
Не хопіць сябе –
ў падучым
моманце прысягну
душою тваёй:
ці балюча?!.

Спаборнік мой спор нажу:
сам ранюся...
родных раню...
На споведзь –
адной –
скажу –
я маме –
прыеду –
ўранні.

У дзённым пярэдыху –
шляк
вярэды...
Ад’еду пад вечар...
Выведзе моўчкі на шлях:
што скажа, што не –
дарэчы.

Атручанае сцябло...
Дрэвы лясам зайздросцяць...
На зное... на праспект... –
што было
па чалавечым росце.

Звіхнуліся пазванкі –
дыскрэтныя кіламетры...
бяссувязныя званкі:
цэнтр чалавечых нетраў.

Губляюцца адрасы...
Ціша плыла – здранцвела...
Бы трэшчыны, галасы:
моўчкі –
незразумела.

Ноч выб’ецца з чарады,
сонца заледзянее –
з чым правядзеш тады,
мама мая –
надзея?!.

Апошні крок
зойме змрок,
першы –
ў параненым ранні...
Задзівімся ў пасмы аблок -
рамонкамі
ў дні прыстанем.



V

На момант –
а прыпыню...
З’яснелае лісце гаю
глыбока,
нібы радню,
маму маю ўхінае.

Мама,
у той старане
плачацца і нішчымна...
Мама...
Яна зірне
так раптам –
адтуль –
вачыма.

Надзея Іванаўна... – дзе?!
Надзея –
атрутны трунак.
Птушкі пільнуюць людзей:
дам зерня –
хто паратунак?!.

Неба не праміне:
будзь – моцнаю,
будзь – слабою...
А рысы твае пры мне
жывыя перад табою...

Воблакі – уваччу,
адчулі бяздонне вены...
Мама,
я не хачу
табе заступаць
узамену.

Птушка хісне крылом,
кінецца ўгору матлошна...
Весткаю –
першы гром,
дрэва ўпадзе –
апошні...

Хто завязаў трывала
роды людскія
ў чаргу?!.
Мама –
уберагала,
маму –
не ўберагу...

За рамаю –
год пярэсты:
ветах вісіць труной...
Якіх не хапіла вестак?!..
Ад мамы...
пра маму... –
адной.

Двояцда людзі –
зрэдзь
спаткаемся,
а найболей –
адзінства не зразумець:
рамонкам цвіцецца ў полі.

Двояцца... –
для пары,
а век паяднаны разам...
Пахмурыцца – угары...
Крамяна яснеецца вязам.
З сабой не бярэш –
сама:
абое – да раздарожжа...
Буду чакаць...
Няма...
Мамы не быць не можа.

Мама!.. –
яна між стром.
Мама!.. –
між буралому...
Упоцемках, з ліхтаром...
Мама, куды?!. –
дадому.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.