31-01-2017, 09:22

Ларыса Геніюш - Мы – народ

Агонь душы не паканаюць сцюжы.
Марозамі агню не пагасіць.
З цярпенняў – веліч, як на цернях – ружы...
I з болю родзіцца дзіця, каб жыць.

Адважна лёсу камяні ўспрымаю.
Баліць душа, але ў душы спакой.
Пячэ душа агнём, але стрываю,
не перашкодзяць раны выйсці ў бой.

Не быць начы! Няма жыцця без сонца,
яно узыдзе, азарыць акно.
Мана хлуслівых страціць абаронцаў
і волавам апусціцца на дно.

А праўда – то не кліч, штыком падпёрты,
прыгодны злыдням для нячыстых спраў.
А праўда – з лёсаў, з душ, з народных нетраў,
з цярпення, што народ ператрываў.

Ліхой хлусні бяссільны крык варожы.
Да дзён прыгону страшны паварот.
А праўда ўсё ж жыве і пераможа!
Мы вам не слугаў племя –
мы народ!
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.