Душа баліць
Зусім не так, як сэрца,
Той боль не ўтаймаваць нічым,
Няхай маўчым,
Няхай крычым –
Душу праверыць боль-зняверца.

Той светлы боль
Нічым не ашукаць:
Ні шэптам, ані гаманою,
Той боль
Не тушыцца маною,
Бо ўмее полымем шугаць.

А ў полымі бязлітасным згарыць
На прысак марната любая.
Душы, што боль упадабае,
Захочацца загаварыць
Як на духу
З другой пакутацерпцай,
Зноў боль адчуць,
Нібы спярша...

Пакуль баліць душа,
З надзеяй
Можа біцца сэрца.

Апошні дзень вясны закрэслю
У перакідным календары,
А ты мне за любоў і песню
Усмешку толькі падары.

Нас грэлі цёплыя пракосы,
Над намі воблакі плылі,
Як з келіха, ад смагі росы
З лілеі белае пілі.

На досвітку шаптала вецце
Нам зачарованыя сны,
Нібыта у дзівосным свеце
Былі з табою мы адны.

А тое лета так далёка,
Што нават не хапае слоў,
I толькі не сціхае клёкат
Шчаслівых, як і мы, буслоў.

Успамінаю і не веру:
Было яно ці не было –
Лілеяў водар і аеру,
I бусла белае крыло.

Навошта патрывожыў сёння
Расінку, што сплыла з павек?
Мінае лета. I на сконе
Шчаслівы наш і горкі век.

1995

Хай робіцца наш свет усё люцей
І ў заўтра пазірае з недаверам,
Для беспрытульных, стомленых людзей
Не зачыняйце адвячоркам дзверы.

Ім сёння выпаў незайздросны лёс,
І доўгі шлях,
І золкі злосны вецер,
Што ў торбачку заплечную натрос
Не каласоў,
А палявога смецця.

Іх крыўдзіла балюча
Шмат разоў
Нядоля вераломная, цяжкая…
Не папракайце іх скупой слязой –
Хто ведае,
Што заўтра вас чакае.

Не прывыкайце да чужой бяды.
Для спачування,
Літасці
І веры
І ў навальнічны дождж,
I ў халады
Не зачыняйце ў вашай хаце дзверы!

1999

Нікуды не варта такая работа: пачынаць з надвор’я, з ветру, з дрэў, абсаджаных навакол дзеі. Але хто мне казаў, што я лепшы за іншых? I цвёрда трымаючыся гэтага пераканання – што не лепшы за іншых, – смела пачну яшчэ горш: з пазалеташняга снегу.
Яго помняць гразкога, мурзатага ад даўнасці, што летась пазавуголлю ад сонца, як прыйшоў на яго звод, як усім дадзеў, прыглядзеўся. А мне ў памяць не ён, а пазалеташні, 1930 года, снег, што тую восень на першы, на кароткі – і таму прыгожы – час быў за навіну.
З гэтага і пачну. Спынюся перад маладосцю, перад момантам – зменным, імклівым. Ступлю шырэй, абмінаючы акамянелую старасць, бо няма калі, бо далі вабяць. I адна ў мяне надзея на шырокі крок.
– Брыдка, дзядзька Адась, – казала Волька Лысаковічаўна. – А яшчэ – калгаснік... з прыціскам выгаварыла яна гэта апошняе слова, бо з Банькоускіх хаты адзін ён з сваёю кузняю ў калгас запісаўся.

Каб дайсці да казкі,
Трэба развітацца
З дарогамі езджанымі,
Дарожкамі ходжанымі,
Дарожанькамі грыбнымі
I ягаднымі...
А даверыцца – сцежкам
Ласіным і заечым,
Мураўіным і яшчаркавым,
Слімаковым і вожыкавым...
I даверыцца –
Карчам асінавым,
Святаянскім агеньчыкам,
Вачам савіным,
Слязам жывіцы,
Што ў змроку цепляцца...
I даверыцца –
Травам непрымятым,
Галасам непуджаным,
Шорахам неразгаданым...
I даверыцца –
Зелені найзелянейшай,
Цемені найцямнейшай,
Цішыні найцішэйшай,
У якой нават сэрца стук
Громам здаецца.

1965

Агонь душы не паканаюць сцюжы.
Марозамі агню не пагасіць.
З цярпенняў – веліч, як на цернях – ружы...
I з болю родзіцца дзіця, каб жыць.

Адважна лёсу камяні ўспрымаю.
Баліць душа, але ў душы спакой.
Пячэ душа агнём, але стрываю,
не перашкодзяць раны выйсці ў бой.

I

Слалася на лугі,
на сцежкі
белае мліва.
У снега прысмак тугі:
ён мамаю асаблівы.

Ён асаблівы мной:
блукаю ў яго завеі...
Снег –
скрушнаю навіной.
якою –
не разумею.

Я зноў прыйшоў у наш зарослы сад,
Дзе пахне зазімкам і лісцем прэлым.
Ён не такі, як дваццаць год назад.
Ён,
як і я,
здаецца пастарэлым.

Мне вусцішна між яблыняў ступаць,
Страсаць з галін абуджаныя згадкі.
I за спіной не веснічкі рыпяць,
А памяці разгойданыя кладкі…

Непагодныя дні.
Ні прасвету, ні сонца,
Толькі вецер гудзе і гудзе увушшу,
I пякельным туманам нябачаны стронцый
Раз’ядае істоту маю і душу.

Я ніколькі наступнай вайны не баюся,
Не, у атамным пекле Зямля не згарыць,
Не дрыжу перад будучай бойкай у скрусе,
Бо ніхто і нікога не зможа скарыць.

Хоць не будзе вайны, не ўзарвуцца ракеты,
А жыццё не ўратуе ніхто і нідзе:
Смерць ідзе па Зямлі, выбіраючы мэты
У паветры, на сушы, у мёртвай вадзе.

Мы патруцім сябе радыяцыяй, газам,
Выесць вочы і душы настылыя дым.
Смерць нячутна ідзе, каб не згінулі разам,
A знікалі павольна адзін за адным.

У нябыт адыходзяць счарнелыя пушчы,
Самагубствам канчаюць маржы і кіты.
Акіяны і рэкі дзівак невідушчы
Вынішчае ў прыпадку сваёй слепаты.

За мільёны гадоў не здалелі скалечыць
Так Зямлю, як яе пакалечылі мы.
I сябе і яе давялі да галечы,
А яна ўсё маўчыць, як цярплівы нямы.

А каб мела язык, як яна б закрычала:
«Пашкадуйце, няшчасныя, хоць бы сябе.
Ці не бачыце вы, што «вучонасці» джала
I бяздумная пыха ўсё жывое заб’е.

Знікнуць людзі і рэкі, салавей адспявае,
I, магчыма, з галактык убачаць здаля,
Як павольна плыве, у Сусвеце нямая,
У адвечнай жалобе пустая Зямля».

Уратуйце Зямлю, апантаныя людзі.
Можа, шчасце хоць вашым
прапраўнукам будзе!

I
Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх
Пачаўся свет – ласкавы і пакорны.
А што было, скажыце мне, да іх
У заінелай з нелюбі прасторы?

Як грэліся б ад позіркаў цяжкіх
Мужчыны у сваім мужчынскім горы,
Калі б цябе не выснілі вякі –
Цябе, што гэтак шчодра ўсіх адорыць.

Прыйшла ты – кветкі выраслі ля хат,
I гнёзды нараджалі птушанят,
I цёпла стала ўсюды, нібы ў леце.

Мужчына усміхнуўся сам сабе,
Бо зразумеў, самотны, – за цябе
Няма нічога ласкавей на свеце!

II
Няма нічога ласкавей на свеце,
Як чуць тваё святочнае імя,
Цябе, яшчэ нядократкаю, стрэціць
I позірк сарамлівы пераняць.

I са спакусаю змаганне весці,
I зразумець, што свет твой – чысціня.
I лаяць вусны – іх жа не адвесці,
Іх, нібы хваляванне, не суняць.

Шаптаць у радасці «Кахаю» – як замову,
I цалаваць у лёце твае словы –
Мой дзень пагодзіцца ад іх, ад іх.

I, несучы святло тваё праз годы,
Да ісціны дайсці, што назаўсёды
З’яднала нас прырода удваіх.

III
З’яднала нас прырода удваіх,
Як два крылы – свайго палёту прыклад,
Як два вечназялёныя гаі,
Як хвалі дзве, што абняліся звыкла.

Я да цябе, сасмаглы ўвесь, прынік,
Ты да мяне, шчаслівая, прынікла,
I радасная тоеснасць, бы крык,
На ўсе вякі адна – адна! – узнікла.

I хто сказаў, што наш саюз – палон,
Што, нібы крыж, цяжкі і сумны ён?
Я ўсё жыццё яго гатовы несці!

З табою не цяжкі ніякі крыж:
На нас, сівых, ты строга паглядзіш –
I мы дабрэем пры табе, як дзеці.

IV
І мы дабрэем пры табе, як дзеці,
I галаву кладзём табе ў прыпол.
Мы, неслухі, даёмся нават песціць
I зла не заўважаем навакол.

I супакойваемся ў ціхай песні
Ад свету тлумнага, што меле нас на змол.
I нават чуем, як далёка дзесьці
Спадае ліст, бы мятлушка, на дол.

Калі ж ты і параніш нас, бывае,
Сама і лечыш – хутка зажывае,
Як ты душы кранешся, ран саміх.

I зноў ля нас засвецяць шчодра промні,
I мы тады з удзякаю успомнім:
Тваё жыццё – як бліскавіцы міг.


Наверх