Дагараюць кастры…
I як доўгая дзедава казка,
Абзываецца ноч
Таямнічасцю гукаў і слоў.
Я не сплю.
Дзесьці коні жалезнымі путамі ляскаюць.
Месяц з неба,
Бы спуджаны лебедзь,
Вось нырнуў і пагас
За далёкім заснулым сялом.

Кажуць,
Рана да ўсходу
Выходзіць русалка-дзяўчына
I збірае ў прыпол квець апалую, ліст.
З кашміровай касою,
Залатымі вачыма…
Толькі гэта ўсё ў песні.
Пра дзявочую долю і весну
Мне спявала,
Расказвала маці калісь.

Высь, далёкая высь,
I прасторы, прасторы…
Вечна б так –
Маладосць і жыццё,
Вечна б сэрцам палаць,
Як вясновыя зоры,
Каб ніколі не гас
Запаветны касцёр.

Чарадзейныя мары
Наплываюць,
Мяняюцца.
Вось даносіцца з вёскі
Першы пеўневы ўскрык.
Хутка раніца,
Свежая, золкая раніца.
Туманом малачаевым
Без трывогі адчайнае
Незабыўная, ціхая ноч дагарыць,
Дагараць і кастры.

Затрапеча лістамі асіна
I прачнецца,
I болей ужо не засне.
Ёй адной, толькі ёй
Я даверу ўспаміны,
Сваю першую казку
Аб начлежнай вясне.

1929

Тут белы дзень і белы цвет
палотнаў у каморах.
У белай світцы белы дзед,
а ўнук бялявы поруч.

Бярозаў белым-белы стан,
ля іх красуня ў белі,
звісае белая каса,
як белы лён з кудзелі.

I белы сыр і белы стол
паважныя, аж люба.
Уся сямейка навакол
сядзіць ля белай бульбы.

Над імі маці са збанком
і дочкі, як галубкі.
Струменем белым малако
паволі льецца ў кубкі.

Абраз пад белым ручніком,
бялявыя дзяўчаты
і белы бэз, што пад акном,
як снег, буслы над хатай.

I вішні бела зацвілі,
і з белай грывай коні.
Чарнелі толькі мазалі
рубцамі на далонях.

Дык, значыць, восень зноў брыдзе разлогамі.
Ля печы сушацца з цыбуляй разам
Вянкі грыбоў – лясныя анталогіі
Неверагодных, фантастычных казак.

Вось гэты баравік рос там, дзе забалаць
(Пад лён зязюльчын нават шапкі колер).
Ён можа расказаць, як шуміць папараць
I ваўчанят вядзе ваўчыца борам.

А гэты жыў, дзе ягаднікі сінія.
Прапах увесь п’янічнікам, ядлоўцам.
Ён знае закуткі цецеравіныя,
Нябачныя для воч людскіх і сонца.

А гэты быў прысыпаны ігліцаю
На верасам расквечаным пагорку.
Ён знае баравыя таямніцы ўсе
Пра барсука, пра дзятла, пра вавёрку.

Я іх збіраў. I мо’ таму да раніцы
Прыпамінаюцца мне ўсе грыбныя сховы.
Дык, значыць, восень зноў, калі ўрываецца
I ў сон і ў сэрца пах баравіковы.

1964

Ліловым дымам сцелюцца па ўзгорках
I шапацяць таемна верасы,
Мільгаюць у арэшніку вавёркі,
На дол сцякаюць кропелькі расы,

Сівы туман курыцца над лугамі,
Дзяўбе далёкі дзяцел цішыню,
Буслы плывуць шырокімі кругамі
I плаўна набіраюць вышыню.

На хвоі дагарэў вішнёвы промень,
I небасхіл паволі дагарыць,
Рабіна ледзь трымаецца на строме
I золатам, і полымем гарыць.

Далёкі пах бярозавага дыму
I развітальны голас журавоў
Мяне заўсёды клічуць на радзіму,
I я
спяшаюся дамоў.

Я шчыра люблю
Неспакойных і смелых,
I тых,
Што сабе не даруюць віну,
Люблю маладых
I люблю пасівелых,
Вясёлых люблю,
А кахаю адну.

Каханне не мае
Ні межаў, ні стажу,
Каханне прыносіць
Заўжды навіну.
I, мабыць, ніколі
Ніхто не адкажа,
За што ён кахае
На свеце адну.

1964 г.

Ты мне за ўсё найдаражэй,
о, край садоў, палотнаў белых!
Ты макаў цвет, клёк ніваў спелых,
ты мне за ўсё найдаражэй.
Нішто раслінам не бліжэй
вясны й пітва крыніц брынелых, –
ты мне за ўсё найдаражэй,
о, край садоў, палотнаў белых!

Адным з найлепшых паэтаў старэйшага пакалення, якія пакінулі Беларусь напрыканцы Другой сусветнай вайны, быў Рыгор Крушына (сапраўднае імя Рыгор Казак). Нарадзіўся ён на Случчыне ў сям’і паштовага служачага, правёў дзіцячыя гады ў Вільні, але на летнія вакацыі прыязджаў на Радзіму. У 1914 годзе ягоная сям’я пераехала ў Разань, але пасля Першай сусветнай вайны вярнулася на Случчыну. У 1925 годзе Крушына вучыўся ў Менскім палітэхнічным інстытуце, дзе сустрэў шмат пісьменнікаў; у 1927 годзе ён далучыўся да літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а ў 1935-м скончыў Маскоўскі кінематаграфічны інстытут. Вярнуўшыся ў Беларусь у час нямецкай акупацыі, ён застаўся на захопленай тэрыторыі, працаваў у шэрагу беларускіх выданняў, а ў 1944-м, перад наступленнем Чырвонай арміі, перабраўся ў Нямеччыну. Рэшту жыцця ён правёў у Нямеччыне і ЗША. Свой першы верш Рыгор Крушына надрукаваў у 1927 годзе, а ў 1930-м у Гомелі выйшаў калектыўны зборнік «Разгон», куды таксама ўвайшлі вершы Крушыны – як на тэмы сацыялістычнага пераўтварэння краіны, так і пейзажная і любоўная лірыка. У 1931 годзе ён сабраў свае творы ў зборнік пад назвай «Паэзія чырвонаармейца», а ў 1930-х зрабіў шмат перакладаў рускай, грузінскай, украінскай і польскай паэзіі. Спроба выдаць напрыканцы 30-х другі зборнік «Шкумат пачуцця» не ўдалася. Падчас нямецкай акупацыі Крушына пісаў збольшага лірычныя вершы, і ягоны наступны зборнік «Лебедзь чорная» пабачыў свет, калі паэт ужо быў у эміграцыі. Па эмігранцкіх мерках, пладавіты (а эмігранты не атрымлівалі шчодрых дзяржаўных датацый, што выдзяляліся як на добрыя, так і на кепскія кнігі савецкіх пісьменнікаў), Рыгор Крушына апублікаваў у Рыме эпічную паэму «Калыханка» (1953), а выдавецтва «Бацькаўшчына» ў Мюнхене і Нью-Ёрку надрукавала ягоныя выбраныя творы (Крушына 1957). Пазней ён выдаў яшчэ пяць кніг уласнай паэзіі: «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974) і «Сны і мары» (1975).
Лёс Алеся Салаўя адрозніваецца ад лёсаў іншых паэтаў эміграцыі, бо ягоны шлях з Беларусі ў Нямеччыну працягнуўся, каб знайсці сваю канцовую кропку ў Аўстраліі. Аднак, што тычыцца ўсяго астатняга, Алесь Салавей падзяляў іхнюю адданую любоў да Беларусі, тугу і пакуты, і для яго, гэткім жа чынам, эміграцыя была амаль невыноснай. У перыяд творчага станаўлення, знаходзячыся пад уплывам Максіма Багдановіча, Алесь Салавей ствараў вершы ў класічных формах і выявіў сябе як старанны, уважлівы і часам тэхнічна бліскучы майстар.
Да таго ж ён быў выключна шчырым, пачуццёвым паэтам: многія з ягоных вершаў – палымяныя і поўныя пакутаў сведчанні пра тое зло, якое яму давялося пабачыць у бурныя гады юнацтва. З 1949 года да самай смерці ён жыў у Мельбурне. Спадзеючыся вярнуцца на Беларусь, ён, тым не менш, лічыў для сябе прарочымі словы з уласнага ранняга верша «Ты» (1937-42):

за любоў да Цябе – непакорнаму – крылы, –
за разлуку з Табой – вінавайцу – труна.

Алесь Салавей (асноўны псеўданім Альфрэда Радзюка, які ў эміграцыі змяніў імя на Альберт Кадняк) нарадзіўся 1 траўня 1922 года ў вёсцы Крысава ў Койданайскім (пазней Дзяржынскім) раёне Менскай вобласці. Яго сям’я не аднойчы мяняла месца жыхарства ў сувязі з тым, што, пакуль А. Салавей быў яшчэ дзіцём, яго бацька шмат разоў уладкоўваўся на розныя сельскагаспадарчыя працы. Скончыўшы ў 1929 годзе пачатковую, а ў 1933 - сярэднюю школу, А. Салавей паступіў у Менскае педагагічнае вучылішча (1937), але быў вымушаны пакінуць навучанне менш чым праз два гады, каб клапаціцца пра сваіх малодшых братоў і сясцёр пасля арышту бацькоў і канфіскацыі ўсёй маёмасці спецслужбамі. Падчас нямецкай акупацыі ён працаваў наборшчыкам у «Менскай (Беларускай) газэце», а затым – служачым у Іллі, мястэчку ў цэнтральнай Беларусі.

1
Цвіці, вясна мая, цвіці!
З табой парываў пошуг поруч.
Няхай знікае ў нябыцці
глухіх часін туга і горыч.

Бязмежжа ніваў калыхай,
пашлі ім веслівыя сокі –
зямлі і неба дар – няхай
узносіць іх узрост высокі.

З тваёй ацвеценай красой
насіцьму ўсцешаную мрою:
на луг, аздоблены расой,
ступлю з праддзёнаю зарою.

Прайду па ім гаспадаром,
паклон пашлю багаццю ніваў,
сустрэну песняю свой дом –
вяшчуняй спору й плённых жніваў.

Цяпер-жа – немань, ноч над ім,
тугой засмучаным харомам,
ахутаў далі зманны дым,
спакой трывожаць высі громам.

Жуда над вокнамі брыдзе,
круччо сядзіць на шэрых стрэхах...
Ты засталася у бядзе,
мая пакіненая ўцеха!

2
А з тым харомам-домам я
маленькі дом успамінаю:
над самай Свіслачай стаяў,
ці сёння ён стаіць – не знаю.

Я ў ім пражыў аднюткі дзень
і ёй у ім глядзеў у вочы.
З вакна зайздросціў нам прамень,
як мы, на розвіт неахвочы.

Я голас ейны ў доме чуў –
той звон крыніц, нібы срабрысты.
Я з насалодаю адчуў
ягоны спеў крыштальна-чысты.

Пабачыў працу ейных рук
на ўзорах, ёю вышываных.
Я чуў – на вулцы голскі брук
змаўкаў, нібы зачараваны.

Мне помніць доўга дзень у тым
у доме простым, а раскошным.
Я мілым быў і дарагім
ягоным госцем – мо й апошнім.

Бязмежна ўдзячны дому й дню –
няўтоме рук і сціплай працы:
пазнаў я з імі прасціню
пышнейшай над усе палацы.

3
Мы нарадзіліся наўзбоч
здаволлем выпешчаных сцежак.
Сляпіла вочы цемра-ноч,
святлом нам быў маленькі ўзмежак.

Мы працярэбвалі шляхі
да межаў дзён, заўсёды ясных, –
ды адшпурляў віхор ліхі
да ночаў вечных і заўчасных.

Не песціў зваблены пагляд
зарніцаў ранніх і вячорных –
хмурнеў суровы гул гармат
сцяной дымоў – густых і чорных.

Нязгаснасць радасці здалёк,
як зніца, клікала, будзіла –
ды прыбліжальны мужны крок
гняла антыхрыстава сіла.

Мы не спыняліся, яе
вось-вось імкліва дасягалі...
Нястомна зло ланцуг куе
і не сціхаюць штормаў хвалі.

Куды ні глянь – на растанёх
прапекла крыж пакут прыгнула.
I тое, чым-бы жыць я мог, –
адным-аднюткім днём мільгнула.

Душа баліць
Зусім не так, як сэрца,
Той боль не ўтаймаваць нічым,
Няхай маўчым,
Няхай крычым –
Душу праверыць боль-зняверца.

Той светлы боль
Нічым не ашукаць:
Ні шэптам, ані гаманою,
Той боль
Не тушыцца маною,
Бо ўмее полымем шугаць.

А ў полымі бязлітасным згарыць
На прысак марната любая.
Душы, што боль упадабае,
Захочацца загаварыць
Як на духу
З другой пакутацерпцай,
Зноў боль адчуць,
Нібы спярша...

Пакуль баліць душа,
З надзеяй
Можа біцца сэрца.


Наверх