T1m Project
23-09-2016, 18:15

Янка Сіпакоў - Хлеб

Чэшская балада. Дахрысціянскія часы

Як палохаць сталі далі –
Апусцелі спрэс палі,
Людзі нівы пакідалі,
Людзі хлеб нашчэнт звялі.

І шукаючы метала,
Разрывалі хціва спрат.
Стала хлеба дужа мала,
А метала стала шмат.

Рудакопамі усе сталі.
Ява скінулася сном,
А палі пазарасталі
Бадзякамі, бур’яном.

I схаваўшыся ў зацішку,
Людзі млелі над дабром:
Багацелі залацішкам,
Багацелі серабром.

Думка. кажуць, узнікала
I трывожыла падчас:
Вельмі многа ў нас метала,
Вельмі мала хлеба ў нас.

А была б якая радасць
На няўтоленым стале,
Каб не грэбліся ў пакладах,
А спялілі людзі хлеб!

І ўладыкам страшна стала –
Ехаць трэба ў Вышаград:
Стала хлеба дужа мала,
А метала стала шмат.

Зразумелі, як надзею,
Гарыміраў запавет:
Не металам багацее,
Багацее хлебам свет.

I ў палац павезлі клопат –
Хай паможа князя раць
Самаробных рудакопаў
Зноў па нівах разагнаць.

Але князь іх не паслухаў –
Сам металам багацеў,
Тым, што, чорт, ярчэй ад плуга
У руках заўжды зіхцеў.

А калі да рудакопаў
Гэты водгалас дайшоў,
Загулі шуканцы скопам
Ля шатроў і шалашоў.

– Гарымір пра хлеб якоча,
А наш коўкі хлеб на смак...
Што ён хоча, што ён хоча,
Неумецельскі дзівак?!

Мы ж здружыліся з металам,
Не бядуем ад таго,
Што у княстве хлеба мала,
Што няма ў рудзе яго.

Зато золата і ў штольнях
Вочы крадзе –
ззяе так.
З ім і раб –
адразу вольны,
Багацее з ім бядак.

Яму ж мала, чулі, хлеба,
Бы за ўсё хлеб залацей.
Напіхаць у глотку трэба –
Хай ім давіцца, зладзей.

I ў Няўмецелі пабеглі,
Зло гадуючы ў крыві,
А з сабой бухонкі цеглі –
Хлебам здрайцу падавіць.

Як на ведзьміным ігрышчы
Вар’яцелі –
проста жах.
I ламалі гарадзішча,
Хлеб камкуючы ў руках.

I ўжо колюць Гарыміра
Вочы ў ночы –
як агні.
Шматгаловага вампіра,
Ён убачыў, не спыніць.

I – ў канюшню што ёсць сілы,
Крыкнуў там на ўвесь адчай: –
Выручай, мой Шэмік мілы,
Конь мой верны. Выручай!

I чапляліся за ногі,
I ўдагонку слалі гнеў,
Але Шэмік для падмогі
Нібы крылы ўлёт займеў.

Сігануў ён над усімі
Праз галовы і платы.
Дзякуй, Шэмік, дзякуй, сівы,
Што шануеш хлеб і ты!

А ў іх кідаліся хлебам.
Хлебам білі іх усе.
Хлеб жа між зямлёй і небам
Самародкамі вісеў.

Скамянелі землякопы,
Як рукой зняло іх шал:
– Што ж мы робім, што мы робім
Самі нішчым свой метал.

I ламалі хлеб адчайна,
Каб метал з яго здабыць...
Хлеб рабіўся зноў звычайным –
Тым, якім і трэба быць.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.