25-09-2016, 13:56

Янка Сіпакоў - Хата

У кожнага чалавека, які мусіць жыць на зямлі, павінна быць свая хата.
У яго ж ніколі не было сваёй хаты.
У кожнага чалавека павінна быць свая жанчына, якая б кахала яго,
і свая сям’я, якая б радавала яго.
У яго ж не было ні сваёй жанчыны, ні сваёй сям’і.
У кожнага чалавека, які хоча назаўсёды астацца сярод жывых,
павінны быць свае дзеці.
У яго ж не было сваіх дзяцей.
Кожнаму чалавеку, здаецца, наканавана мець харошых і шчырых сяброў.
Сябры ў яго, праўда, былі. Але яшчэ болей было ворагаў.
Усё жыццё ён шукаў сяброў, а знаходзіў часцей за ўсё ворагаў.
Кожны чалавек нараджаецца вольны і шчаслівы.
Ён жа нарадзіўся ў гэты свет рабом.
Рабом быў яшчэ і не народжаны, бо маці яго Кацярына Якімаўна,
бацька Рыгор Іванавіч адвеку ведалі сябе прыгоннымі сялянамі.
Яны яшчэ толькі цалаваліся, яны яшчэ толькі мілаваліся,
а ён ужо – навырост!– быў рабом!
Так і памёр ён нявольнікам.
Бо хіба можна адчуваць сябе вольным, калі твае браты і сёстры – прыгонныя
і ты не можаш іх выкупіць.
Яны – рабы, і ты, кроўны ім, хоць і адпушчаны, – таксама раб...

Цяжкое, свінцовае неба над укрытаю лёгкім і светлым снегам зямлёю.
Нават праз тоўстыя мікрапорыстыя падэшвы адчуваеш, якая яна, карміцелька,
цёплая пад снегам, якая шчодрая і ласкавая напярэдадні свайго свята – вясны.
Канеў.
Чарнечая гара.
Самая высокая і самая святая гара Украіны.
Свой Казбек, свой Арарат, свая Джамалунгма.
Свае Альпы, свае Кардыльеры, свае Гімалаі.
Джамалунгма Украіны, што завецца так проста і так звыкла – Тарасова гара.
Халодныя, заінелыя прыступкі, адарваныя ад зямлі, вядуць на вяршыню...
Ідзеш над зямлёю – як па небе...
Гэта ж трэба: столькі на яго любай Украіне было хат, – беленькіх, чысценькіх,
светленькіх, дагледжаных, мазанак, святліц ля стаўкоў і рэчак, між мора збажыны
і край стэпу, пад таполямі і з садкамі вішнёвымі пад вокнамі, – столькі гасцінных і
зычлівых хат!
А ў яго не было сваёй хаты.
Сёння любая хата была б рада стаць ягонаю.
Была б шчаслівая, каб ён толькі адчыніў дзверы, каб толькі ўважыў яе.
А ў яго не было сваёй хаты.
Неба над галавою было, а хаты не было.
Страха над галавою была, а хаты не было.
Была, праўда, бацькава хата – падслепаватая, цесненькая халупка, што гаротліва
насунула на самыя вокны страху-кучомку і, нібыта прыжмурыўшыся – адно акно
меншае, другое большае, – думала сваю нялёгкую долю –
яна таксама была прыгоннаю.
I слухала, як стогнуць грэчкасеі і хлебажнеі, з якіх розгамі ды бізунамі
здзіраюць скуру.
Тая хата, з якой ён, самотны хлопчык, збягаў далёка ў стэп –
шукаць вялізныя жалезныя слупы, што падпіраюць неба, –
і адкуль яго ўжо ноччу прывозілі дадому чумакі –
стомленага, уражанага і разгубленага: дык а слупоў жа, ці ведаеце, нідзе няма!
Была яшчэ страха над галавой, калі пасля смерці бацькоў хлапчаня –
адзінаццаць гадкоў і ўжо круглы сірата – наймаецца да дзяка-п’яніцы Паўла Рубана,
крывога Саўгіра, шкаляром-папіхачом. Дзяк змушаў яго насіць ваду,
змушаў чытаць псалтыр над нябожчыкамі, вучыў нават красці.
Але ж ён вучыў хлопчыка і яшчэ сяму-таму – даваў яму чытаць
перапісаныя ад рукі крамольныя вершы Скаварады!
I ўсё ж аднойчы, калі дзяк напіўся з панамаром Іонаю Лымарам і спаў п’яны,
Тараска звязаў яго – самага першага, як яму тады здавалася, дэспата роду чалавечага,
адсцябаў розгамі і ўцёк.
Хіба ж гэта была хата, калі з яе ўцякаць захацелася?
Былі ў яго яшчэ і харомы.
Халодныя, гулкія апартаменты памешчыка Паўла Энгельгардта,
у якога прыгонны Тараска служыў казачком.
У халодным Пецярбургу, куды маленькі раб разам з чэляддзю
прыйшоў пехатою аж з Вільні зімою, па лютаўскіх снягах і маразах –
услед за кібіткаю і вазамі пана.
Але хіба могуць харомы стаць сваімі, калі ў іх табе нічога не належыць,
а твой крык і плач, калі пан б’е толькі за тое, што ты ўмееш і хочаш маляваць,
рэхам адбіваецца ад нямілых сцен?
Праўда, б’юць часцей за ўсё розгамі і не ў харомах, а на стайні, але ўсё ж...
Э не, харомы – канечне ж, не хата: у іх холадна і няўтульна.
Як і ў тых сценах Сената і Сінода, якія ён потым распісваў.
Была ў яго і казённая хата, пра якую ён усё жыццё не мог успамінаць без жаху і
фэблівасці, – задушлівая казарма ў стылых стэпах Заўралля,
куды яго, «як надзеленага моцным складам цела», схаваў ад любай Украіны
сам цар Мікалай Першы, з пісьменніка і мастака зрабіўшы радавога салдата
Арэнбургскага асобнага корпуса і сваёю рукою напісаўшы:
«Трымаць пад найсуровейшым наглядам, забараніць пісаць і маляваць».
Гэтую сваю «хату», дзе амаль нічога не відаць ад дыму, дзе чад, здаецца, і зараз,
калі і мы глядзім, выядае да слёз вочы, ён, расхінуўшы, як занавеску, сцяну,
паказаў нам на сваёй сепіі – карычневата-пыльным малюнку,
фарбу для якога яму, здаецца, аддавала са свайго чарнільнага мяшка каракаціца.
Вунь у паўзмроку сядзяць і ляжаць, як нявольнікі, салдаты,
вісяць шынялі і штаны, стаяць чаравікі і боты, а збоку журбоціцца і ён –
самотны і задумлівы салдат Шаўчэнка.
Здаецца, адсюль, як сцяг ярэмніка, перанесена ў музей і вось гэтая
салдацкая сарочка – яго сарочка, якая прапахла потам і шматлікімі фортамі,
дзе яму давялося гібець.
Але ў яго ж была і ласкавая хата, дзе яму аддалі ў расхваляваныя рукі радасць –
яго вольную:
«1838 г. Красавіка 22 дня, я, ніжэйпадпісаны звольнены ад службы гвардыі палкоўнік
Павел Васільеў сын Энгельгардт, адпусціў вечна на волю прыгоннага мне чалавека
Тараса Рыгорава сына Шаўчэнку, які дастаўся мне па спадчыне пасля нябожчыка бацькі
майго Сапраўднага тайнага саветніка Васіля Васільевіча Энгельгардта,
запісанага па рэвізіі Кіеўскай губерні, Звенігародскага павета ў сяле Кірылаўка,
да якога чалавека мне, Энгельгардту, і нашчадкам маім наперад спраў няма і ні ў што
не ўступацца, а вольны ён, Шаўчэнка, выбраць сабе род жыцця, які пажадае».
Хата, якая яму гэта сказала, і праўда была ласкавая, але яна таксама была не свая:
то была хата Карла Брулова.
Аднак была ў яго і свая хата.
У сэрцы. У душы. Ва ўяўленні.
Намаляваная. Белая-белая. З разнасцежанымі вокнамі – і таму як крылатая.
Вокны, праўда, былі зачыненыя, але яна як бы ўзмахнула невідомым крыллем –
каб іх адчыніць.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.