17-10-2020, 00:41

Аналіз вобраза Францыска Скарыны у беларускай літаратуры

Калі нарадзіўся Францыск Скарына?
Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. I наш славуты зямляк Францыск Скарына, - у гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу. Гэты час называюць Адраджэннем, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры, рабіліся вялікія геаграфічныя і творчыя адкрыцці. У эпоху Адраджэння Калумб адкрыў Амерыку, а Магелан здзейсніў першае кругасветнае падарожжа. Сучаснікамі Скарыны былі Капернік, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Петрарка, Шэкспір, Дантэ, Сервантэс і іншыя волаты духу — вучоныя, мастакі, пісьменнікі. Беларускія землі ўваходзілі тады ў склад Вялікага княства Літоўскага, дзе беларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай мовы (афіцыйна да 1696 г.). Эпоха Адраджэння нарадзіла і Ф. Скарыну — чалавека невычэрпнай энергіі і ініцыятывы, першадрукара, вучонага-энцыклапедыста, асветніка-патрыёта і гуманіста, паэта, медыка, батаніка, астранома.
Аналіз вобраза Францыска Скарыны
Нарадзіўся Ф. Скарына ў апошняй чвэрці XV ст. (каля 1490 г.) у Полацку, закончыў Кракаўскі універсітэт і ў 1506 г. быў удастоены вучонай ступені бакалаўра вольных мастацтваў. У далейшым лёс звязвае яго з Італіяй, дзе ў 1512 г. у Падуанскім універсітэце ён бліскуча вытрымлівае экзамен на годнасць доктара медыцыны. Але не вольныя мастацтвы і не медыцына сталі сэнсам яго жыцця. Скарына «избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и памэть свою». Кнігі на роднай мове сталі для Скарыны той паходняй, якая ўказвала людзям сапраўдны шлях у будучае, тым знічам, які саграваў і асвятляў людское жыццё ў непагадзь і завею. Першая з кніг — «Псалтыр» — была надрукавана ў Празе ў 1517 г. Услед за гэтым выходзяць яшчэ 22 кнігі Бібліі, пера- кладзеныя на зразумелую тады для большасці жыхароў старабеларускую мову. У 1522 г. выйшла ў свет першае віленскае выданне Скарыны — «Малая падарожная кні- жыца», якая паклала пачатак кнігадрукаванню ў нашай краіне. Праз тры гады (у 1525 г.) была надрукавана апошняя кніга Ф. Скарыны «Апостал».

Чаму вучаць кнігі Францыска Скарыны?
Усе свае кнігі Ф. Скарына прысвяціў «людем посполитым к доброму научению». Ён хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць і навуку. З гэтай мэтай кожную з кніг Скарына суправаджаў прадмовамі і пасляслоўямі, дзе тлумачыў незразумелыя словы, выказваў свае грамадскія і асветніцкія погляды, змяшчаў рэлігійныя „легенды, а таксама розныя звесткі па гісторыі, філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, астраноміі. Так, у «Малой падарожнай кніжыцы» Скарына змясціў розныя каляндарныя і астранамічныя звесткі (беларускія назвы месяцаў, знакаў задыяка) — усё тое, што неабходна было чалавеку ў дарозе. «Псалтыр» Скарына адрасаваў «детям малым як початок всякое доброе науки грамоты, еже добры чести и мовить учит». Па «Пеўніцах», лічыць Скарына, можна было навучыцца музыцы. Засвоіць арыфметыку можна па кнігах Майсеевых, геаметрыю і астраномію — па кнізе Ісуса Навіна.

Любоў да Радзімы у творах пісьменніка Скарыны
Немалаважнае значэнне ў кнігах адводзілася тэме любові да роднай зямлі. Асветнік быў патрыётам Айчыны, роднай мовы, таму і праславіў ён біблейскую гераіню Юдзіф, якая выратавала свой народ, адсекшы галаву начальніку чужаземнага войска Алаферну. У сувязі з гэтай легендай Скарына выказвае свае думкі пра патрыятычны абавязак кожнага чалавека перад сваім народам, пра глыбокую прывязанасць чалавека да зямлі, на якой нарадзіўся. Да свайго роднага кутка, да свайго народа, які называў «братня моя, Русь, люди посполитые», Скарына заўсёды ставіўся вялікай пашанай. У прадмове да кнігі «Юдзіф» ён выказвае гэтыя ўзнёслыя думкі: «Звери, ходящие в пустыни, знают ямы своя; птицы, летающине по воздуху, ведают гнезды своя; рыбы, плывущие по морю и в реках, чуют виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». У сучаснай інтэрпрэтацыі С. Панізніка гэтыя цудоўныя словы гучаць так:

Ад нараджэння звяры, што ў
чашчобах блукаюць —
ведаюць ямы свае;
Птушкі, паветра свідруючы,— гнёзды свае
не губляюць; Рыбы ў морах бурлівых —
чуюць свой вір без памылкі;
Пчолы і
іншая жыўнасць — вуллі бароняць
заўжды. Гэтак і людзі: дзе нарадзіла іх
маці, на шчасце
ўскарміўшы,— Ласку да
месца таго берагуць заўсягды!

Асаблівасці кнігадрукавання Францыска Скарыны
Выданні Ф. Скарыны з боку тэхнічнай дасканаласці, з боку мастацкасці апрацоўкі выкананы на ўзроўні лепшых еўрапейскіх выданняў XVI ст. Высокі паліграфічны ўзровень кніг доўгі час не маглі пераўзысці галандскія і германскія друкары. Ф. Скарына ўводзіць у свае выданні ілюстрацыі як сродак раскрыцця ў мастацкіх вобразах зместу кнігі. Усіх ілюстрацый (акрамя арнаментыкі і ініцыялаў) — 51. Гэта — гравюры, партрэты, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі і ілюстрацыі прыкладнога характару. Скарына выкарыстоўваў гравіраваны тытульны ліст, увёў прамежкі паміж словамі, абзацы. Па гэтай прычыне кнігі шырока распаўсюджваліся ў Еўропе і мелі вялізны ўплыў на чытачоў у многіх краінах свету.

З якой мэтай Скарына друкаваў свае кнігі?
«Напісанае застаецца», — гаварылі старажытныя рымляне. Скарына пакінуў нашчадкам кнігі, у якіх засталіся самыя патаемныя, выпакутаваныя яго думкі. Гэтыя кнігі вялікага беларуса ўспрымаюцца сёння як самая дарагая нацыянальная рэліквія, як духоўны скарб, нацыянальная святыня, як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры. Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVI стагоддзя пранікнёныя і мудрыя словы Ф. Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы».
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Имя:*
E-Mail:
Комментарий:
Полужирный Наклонный текст Подчеркнутый текст Зачеркнутый текст | Выравнивание по левому краю По центру Выравнивание по правому краю | Вставка смайликов Вставка ссылкиВставка защищенной ссылки Выбор цвета | Скрытый текст Вставка цитаты Преобразовать выбранный текст из транслитерации в кириллицу Вставка спойлера
Введите код: *