T1m Project
17-01-2016, 18:20

Кароткі змест Курган

У пачатку твора апісваецца старажытны курган. З ім звязана наступнае паданне.

Шмат гадоў назад «на гары на крутой» стаяў «белы хорам», у якім жыў князь «недаступны і грозны». Ён «спуску і ласкі не знаў непакорам».

Аднойчы была ў князя вялікая бяседа. На вяселле князевай дачкі з'ехалася шмат знатных гасцей. На трэці дзень «князь прыдумаў адну для дружыны пацеху-забаву», загадаў паклікаць старога гусляра.

Пасадзілі гусляра «на ганку, між клёнаў і ліп».
Невыдумная світка — убор на плячах,
Барада, як снег белы — такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.
Князь загадвае гусляру іграць:
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату.

Заіскрыліся вочы гусляра і заплакалі пад яго рукамі «струны жывыя». Гусляр гаворыць, які ні моцны князь, а дум ланцугамі не скуе. Ён нагадвае князю, колькі людзей стогнуць і плачуць вакол яго харомаў і ў лёхах пад імі. На золаце князя блішчыць чалавечая кроў, а брыльянты — «цёртая сталь ад кайданаў».

Князь нейкі час маўчаў, думаючы, як пакараць гусляра. Загадаў:
Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!

Закапалі старога гусляра. «Не часалі дамоўкі яму сталяры, не заплакалі бліжнія вочы». А хорам князя «гудзеў, не маўчаў, шалы, музыка ў такт рагаталі».

На тым месцы, дзе быў закапаны гусляр, вырас дуб.
Людзі кажуць, што раз у год выходзіць з кургана з гуслямі Дзед
I ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
I на месяц глядзіць, як сам, белы.
Калі б хто зразумеў тую песню, то не зазнаў бы гора ніколі.

Мастацкія асаблівасці

«Курган» (1910) адкрываў цыкл фальклорна-рамантычных паэм Я. Купалы. Аднак у адрозненне ад «Бандароўны» і «Магілы льва» ў аснове твора — прыдуманая аўтарам легенда пра гордага непакорлівага гусляра і жорсткага князя. Тэма паэмы — лес мастака ў класавым грамадстве. Гусляр гіне, але маральная перамога застаецца за ім. Жыве ў народзе памяць пра яго ўчынак (сімваламі памяці выступаюць у творы курган на месцы смерці, дуб, што вырас на кургане).

Канфлікт паэмы звязаны з вобразамі Гусляра і Князя, якія з'яўляюцца антыподамі. З аднаго боку — незалежнасць, непадкупнасць, свабодалюбства («Гуслям, княжа, не пішуць законаў: небу справу здае сэрца, думка мая, сонцу, зорам, арлам толькі роўна»), з другога — самаўпэўненасць, пыхлівасць, уладарнасць («Знаеш славу маю, знаеш сілу маю... Князь умее плаціць незвычайна!»). Гусляр і Князь — сканцэнтрыраванае выяўленне класавых супярэчнасцей у грамадстве. Гусляр выступае прадстаўніком народа, увасабленнем яго маральнай прыгажосці, высакароднасці. Вобраз яго ў паэме выразна ідэалізаваны, рамантычна абагульнены. Князь — носьбіт заган эксплуататарскай вярхушкі. Кантраснасць вобразаў выяўляецца праз апісанне знешняга выгляду, паводзін герояў.

Паэма «Курган» стройная па кампазіцыі — як агульнай, "страфічнай (складаецца з 12 раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу мае 4 катрэны), так і звязанай з развіццём дзеяння. Першы раздзел экспазіцыйны, аўтар апісвае курган, «памятку дзён, што ў нябыт уцяклі». У заключным раздзеле-эпілозё гаворка зноў вяртаецца да кургана: на ім раз у год з'яўляецца «белы, як лунь», стары з гуслямі. Легенда пра гусляра расказваецца ў асноўнай частцы твора.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.