T1m Project
17-01-2016, 18:19

Кароткі змест Лірыка

У вершы «Мая дудка» Ф. Багушэвіч выказаў свае бачанне месца паэта ў жыцці — гэта быць з народам, стаць выразнікам яго шчасця і гора.

Напачатку дудка, ліра паэта, настройваецца на вясёлы лад: .

Ну, дык грай жа, дудка...
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Зайграй так васола,
Каб усе у кола,
Узяўшыся ў бокі,
Ды пайшлі ў скокі.

Лірычны герой верша хоча граць на «радаснай дудцы» доўга, аддаючы ўсе сілы. Граць насуперак уласнаму лесу:

...як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што як хто нап'ецца,
Дык вольным стаецца.

Аднак у карціну вясёлага грання аўтар уводзіць вобразы і параўнанні, якія ніяк не стасуюцца з радасным, шчаслівым настроем: віхор, што вые ад болю, слёзы, хата п'янага селяніна. Весялосць усё больш пачынае здавацца штучнай, прымусовай, і ўрэшце аўтар заяўляе, што грання не атрымалася, што дудка «енчыць безумолку».

Другая дудка, «жалейка смутная», узяла праўдзівы тон — пачала плакаць «над народу доляй». «От то мая дудка!» — гаворыць пра яе паэт. Яна грае суладна яго настрою і адчуванням, расказваючы пра народнае жыццё, дудка плача, «грае слёзным тонам», галосіць, «як матка, хаваючы дзеці». Такую мелодыю падказвае рэчаіснасць:

Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам —
Не слязой — заплачыш,
Як усё абачыш.

Верш «Смык» працягвае гаворку пра тое, якім павінна быць мастацтва. Лірычны герой просіць даць яму такі смык, «каб усюды граў», каб на яго адгукалася і прырода і чалавечая душа.

Каб той голас чуць
Па усёй зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі!

Вершы «Мая дудка» і «Смык» праграмныя, адзін і другі адкрываюць зборнікі Ф. Багушэвіча.

У вершы «Ахвяра» («Афяра») выявілася маральна-этычнае крэда паэта. Ф. Багушэвіч называе тыя прынцыпы, якімі ў жыцці павінен кіравацца чалавек: ніколі не жадаць чужога, перад моцным не гнуць спіны, а перад слабым не ганарыцца, быць добрым бацькам і сем'янінам, любіць сваю зямлю і «не прагнуць айчызны чужой» і г. д.

Лірычны герой твора вельмі набліжаны да асобы аўтара. Свайму герою Ф. Багушэвіч перадае і ўласную непавагу да паноў. Тое, што яму бачыцца як самае вартае, самае каштоўнае — справядлівасць, праўда, роўнасць, узаемапавага, сумленнасць, любоў да бліжняга і да роднай зямлі — ніяк не стасуецца з паводзінамі, з поглядамі на жыццё прадстаўнікоў пануючага класу. Таму верш пачынаецца і заканчваецца зваротам:

Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі не быў.

Для многіх беларускіх пісьменнікаў XX ст. як запавет гучалі наступныя радкі верша «Афяра»:

Каб людзей прызнаваў за братоў...
Каб за край быў умерці гатоў,
Каб не прагнуў айчызны чужых...
Каб не здрадзіў за грошы свой люд.

. «Як Аляксандр Ельскі, мінчук, Багушэвіч у нашай старонцы слыў знаўцам і самым палымяным аматарам беларушчыны. Перакладчык «Пана Тадэвуша» (маецца на ўвазе В. Дунін-Марцінкевіч. — Т. Г.) ... з'яўляецца суровым маралізатарам; для Багушэвіча ж галоўнае было раскрыццё бытавога характару жыцця народа на падставе яго ўласных легендаў і скаргаў...»

Сучаснік Ф. Багушэвіча Люцыян Узембла

Галоўным героем твораў Ф. Багушэвіч зрабіў беларускага селяніна, мужыка. Можна сказаць, паэт даў магчымасць селяніну самому расказаць пра свае жыццё. Лірычным героем многіх вершаў з'яўляецца мужык, а вершы часта напісаны ў форме маналогу ці дыялогу.

Рэалістычнымі дакладнымі фарбамі малюецца жыццё народа ў вершы «Бог не роўна дзеле». Аўтар гаворыць пра тое, як апрануты мужык, дзе ён жыве, што есць, як выглядае:

...аж на дзесятак
Працуючы, лье свой пот,
А высахшы, як аплатак,
Цянюсенькі, як той кнот.

Убогасць сялянскага жыцця падкрэсліваецца параўнаннем з жыццём пануючай часткі грамадства:

Гэты хлеба і не знае,
Толькі мяса ды пірог.
I сабакам выкідае
Усё тое, што не змог.


А той хлеб жуе з мякінкай,
Хлебча квас ды лебяду,
Разам жывець і есць з свінкай,
З канём разам п'ець ваду.

Здаецца, Ф. Багушэвіч проста паставіў побач багацце і беднасць, поўніцу і нястачу. У вершы няма прамых асуджэнняў, ацэнак, не даецца адказ на пытанне — «Чым то дзеецца на свеце, што не роўна дзеле Бог?» Аднак змест твора нараджае думку пра несправядлівасць, якая пануе ў свеце, у жыцці людзей.

Герой вершаў Ф. Багушэвіча разумее, што яго існаванне нявартае чалавека. «Нашто ж мне дана тая мова», гаворыць ён у вершы «Праўда», калі немагчыма сказаць так, каб пачулі і слова праўдай назвалі. Навошта вочы і вушы, калі ён толькі бачыць, чуе тое, над чым варта плакаць. Лірычны герой просіць Бога, «покі не прыйдзе Праўда», парабіць усіх глухімі і сляпымі. Ён звяртаўся да суседзяў «памагчы крыж несці», падтрымаць у нядолі.

Абсмяялі людзі мяне, як дурнога,
Да цябе паслалі, да самога Бога,
...Даўней, кажуць, праўда па свеце хадзіла,
Жабруючы ж, змёрла, а людцы схавалі,
Каменем накрылі, зямлю пааралі,
Каб не чуць, не ведаць аб ёй ані весці,
Ды цяпер і кажуць: «Праўда ў небе гдзесьці!»

Гаворачы пра несправядлівасць у чалавечым свеце, лірычны герой згадвае Ісуса Хрыста, якога «мучылі за праўду, сілай пакаралі», просіць Бога паслаць «цяпер Духа... без цела, каб уся зямелька адну праўду мела!»

З дапамогай сімвалічных фальклорных вобразаў у вершы «Гора» Ф. Багушэвіч гаварыў пра немагчымасць змен у жыцці селяніна ва ўмовах існуючага ладу. Гора, як нейкую жывую істоту, лірычны герой спрабуе ўтапіць у рэчцы, звозіць у лес, у труне закапвае «ўвелькі роў», нават, паклаўшы ў торбу, адвозіць у Амерыку, але з ім кладзецца спаць і ўстае. Яно жывучае і нязводнае. З горкай іроніяй мужык у канцы верша канстатуе:

Мусіць, Бог яго з душою
Разам возьме, разам даў!

Мужык Ф. Багушэвіча — не слабая, бязмоўная істота, што толькі плача ды скардзіцца на свой лес. Выклікаць спачуванне да простага чалавека — адна з задач паэта і далека не галоўная. Герой яго твораў бедна апрануты, неадукаваны, залежны ад багатых, аднак з адчуваннем чалавечай годнасці, сваёй моцы.

У вершы «Не цурайся» мужык звяртаецца да паніча. Ён гаворыць пра мазалі, «што далонь пакрываюць», пра самаробныя сярмягу і кашулю, пра сваю гнілую і крывую хату. Але не сорамна селяніну за ўласны выгляд і жыццё, бо жыве ён з працы сваіх рук, сорамна павінна быць пану. Мужык разумее і іншае, што на ім, на яго працы трымаецца жыццё. З годнасцю ён гаворыць:

Хоць лянівым у свеце слыву,
А магу свет карміць-гадаваць.

Герой верша «Не цурайся» хоча стаць граматным, разумее, што ў кнігах сабрана мудрасць вякоў, вопыт пакаленняў. Ён пытаецца:

А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?
Где ж нам розуму толькі набраць? —
Знаем толькі загон ды саху
I жывём, каб касіць ды араць,
Ды жывём мы ў Божым страху.

Мужык ведае, што кніжкі, навука пакуль у паноў. Таму ён просіць падаць яму, сляпому, руку, давесці да дарогі. Аднак зноў жа, гэта просьба не прыніжага, абмежаванага чалавека. Ён заяўляе: калі б умеў пісаць, то «ксёнжку счыркаў, як папар». Можа, прачытаўшы яе, і пан «да працы набраў бы ахвоты, шанаваў бы мужыцкі мазоль».

У прыродаапісальных вершах Ф. Багушэвіча таксама гучаць сацыяльныя матывы. «Хмаркі цёмныя» ў лірычнага героя верша «Хмаркі» выклікаюць спачуванне, бо іх «вецер гоне... без дарожанькі», бо «нідзе для іх няма хатанькі», яны не маюць радзімы, таго месца, дзе б «тутэйшымі» назывался».

Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні вуголчыка, ні прытулачку.

А тут вецер дзьме горшы раз у раз... «Хмаркі» Ф. Багушэвіча пераклікаюцца з аднайменным вершам М. Лермантава. I адзін і другі паэт гавораць пра беспрытульнасць нябесных вандроўнікаў. Разам з тым рускі паэт называе іх «вечна халоднымі», безуважнымі да чалавечых пакут («Чужды вам страсти и чужды страдания, вечно холодные, вечно свободные»). Беларускі майстра слова бачыць моманты падобнасці ў лесе хмарак і людзей на зямлі, падкрэслівае іх самаахвярнасць:

Лятучы, слязой зямлю росіце,
Аж шумяць лісткі, зелянее лес,
Уміраючы, жыццё носіце,
Усяму жыццё, сабе столькі крэс (смерць. — Т. Г.)
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.