6-10-2016, 20:59

"Брама неўміручасці" Кандрат Крапіва - Кароткі змест, галоўныя героі

Дзеючыя асобы:
Барыс Пятровіч Дабрыян - герантолаг.

Уладзімір Фёдаравіч Абадоўскі - генетык.

Павел Антонавіч Бабровіч - эканаміст.

Клаўдзія Пятроўна Кудрыцкая - медык.

Аляксандр Паўлавіч Варакса - гуманітарнік.

Іван Кірылавіч Змітрук - фізік.

Кузьма Захаравіч Адамейка - пажылы кандыдат навук.

Генка - малодшы навуковы супрацоўнік.

Наташа - малодшы навуковы супрацоўнік.

Марына Сяргееўна - жонка Дабрыяна.

Мякішава - прафсаюзны работнік.

Сідаровіч - рабочы, ударнік камуністычнай працы.

Алена Максімаўна - калгасніца-пенсіянерка.

Дажывалаў - пенсіянер з ваенных.

Караўкін - гаспадарнік.

Васіль Дарафеевіч Торгала - нехта з былых.

Аўдоцця Сцяпанаўна Застрамілава - яго знаёмая.

Антаніна Васільеўна - сакратарка Дабрыяна.

Скараспей.

Гары Болдвін - карэспандэнт.

Шусцік - шафёр-лявак.

Васюк.

Адзін з чаргі.

"Банкір".

Антон Іванавіч.

"Мадам".

"Ён" і "Яна".

Карціна першая
(Лабараторыя Дабрыяна)

Дабрыян паведамляе "добрым людзям", што з-за любові да іх адкрыў закон неўміручасці, пра што чалавецтва марыла на працягу ўсяго свайго існавання. Тлумачыць, што дамогся гэтага, зразумеўшы механізм старэння арганізма.

Вучоныя розных спецыяльнасцей абмяркоўваюць вынікі адкрыцця. Абадоўскі, генетык, лічыць, што чалавечы род перастане абнаўляцца "Будуць жыць старыя малпы са сваімі старымі поглядамі, звычкамі, забабонамі, ды яшчэ будуць пладзіць падобных да сябе". Бабровіч, эканаміст, выказвае трывогу, што вельмі хутка неўміручае грамадства адчуе недахоп ежы, адзення. Гуманітарнік Варакса бачыць праблемы маральна-этычнага плану, бо неўміручымі стануць толькі тыя людзі, у арганізме якіх не пачаўся незваротны працэс. Кудрыцкая гаворыць пра новую грамадскую мараль, да якой звернуцца неўміручыя.

Вучоныя прыходзяць да высновы, што неўміручасці на ўсіх не хопіць, трэба стварыць Камітэт. Дабрыян прызначаецца яго старшынёй, бо "сам заварыў неўміручую кашу".

Карціна другая
(Кватэра Дабрыяна)

Марына Сяргееўна адказвае на бясконцыя званкі. Званкі не давалі спакою і ноччу.

Марына Сяргееўна пытаецца, што будзе, калі надаесць несмяротнасць. Згадвае загінуўшага адзінага сына. Яна ўвесь час жыве з віной, што пабаялася некалі больш раджаць, а цяпер зрабіць гэта позна.

Прыходзіць Наташа і, застаўшыся ўдваіх з Дабрыянам, прапануе сябе ў "якасці вечнага спадарожніка". Яна не спяшаецца: калі наперадзе несмяротнасць, то можна пачакаць, пакуль памрэ Марына Сяргееўна. Дабрыян не згаджаецца. Наташа патрабуе ад вучонага неўміручасці, той адказвае, што не раздае яе па знаёмству.

Марына Сяргееўна паведамляе, што ля пад'езда сабраўся народ.

У кватэру прарываецца Караўкін, трэбліва тлумачыць: тыя, што стаяць, "баяцца, каб не спазніцца. Думаюць, што неўміручасць тут ужо ў пакеціках раздаюць. Па паўкіло на рыла". Караўкін абяцае карміць неўміручае грамадства, бо з'яўляецца загадчыкам базы. Просіць у Дабрыяна неўміручасці для сябе, сваіх родзічаў і знаёмых. Раззлаваны Дабрыян пасылае яго "к чортавай мацеры".

Карціна трэцяя
(Невялікая пляцоўка ў горадзе. Справа - будынак паліклінікі. У чарзе людзі з бутэлечкамі, слоікамі, каробкамі)

Голас з рэпрадуктара паведамляе, якія даведкі і аналізы павінны прадставіць тыя, хто дабіваецца неўміручасці.

Шусцік пазнае ў чарзе знаёмых яму махляроў і злодзеяў, "Банкіра", Антона Іванавіча, тыя вымушаны адыйсці. Васюк прадае мачу для аналізу.

Застрамілава і Торгала дамаўляюцца аб сустрэчы неўміручымі. "Калі і падвядзе якая залоза, дык па старому знаёмству за мяне яшчэ ёсць каму закінуць слова. Запісачку дадуць", - гаворыць Торгала. Торгала купляе ў Васюка мачу, бо ў сваёй колер не той.

Карціна чацвёртая

Антаніна Васільеўна і Генка прыгадваюць знаёмыя пары, якіх падзяліла неўміручасць. Сакратарка гаворыць, што па дарозе на працу Дабрыяна "ўміручыя апанавалі... Прыйшоў засопшыся, гальштук на баку, гузікі ў пінжаку павырываны. Ледзь жывы вырваўся".

Наташа паведамляе Генку, што таксама не трапіла ў неўміручыя. Генка прапануе ёй выйсці за яго замуж. "...Народзім кучу дзяцей, дзеці - кучу ўнукаў, унукі - кучу праўнукаў - вось табе і неўміручасць". Наташа пагражае выпусціць неўміручага пацука, на якім ставіліся доследы. Генка палохаецца: "Герастрат нейкі там храм спаліў, дык і то цэлыя вякі яго праклінаюць, а ты хочаш усё чалавецтва скарміць пацукам".

У кабінеце Дабрыяна Дажывалаў, Караўкін, Торгала, Застрамілава. Хочуць ведаць рашэнне Камітэта. Антаніна Васільеўна прыносіць карткі. Дабрыян чытае ў іх, што Застрамілава паклёпнічала на сумленных людзей, Дажывалаў звольнены за... у Торгалы мача конская. Прэтэндэнты на неўміручасць пакідаюць кабінет незадаволеныя, што "раскапалі ўсю паднаготную". Прапануюць Наташы знішчыць неўміручага пацука: "Калі не мне, дык і нікому".

У кабінет Дабрыяна заходзяць прафсаюзны работнік Мякішава і ўдарнік камуністычнай працы Сідаровіч. Віншуюць вучонага з вялікім адкрыццём і расказваюць, што цудоўных людзей "вымушаны... дзяліць на вартых і нявартых". Сідаровіч адмаўляецца ад неўміручасці: "Жыў я спакойна, працаваў, людзі мяне паважалі, і ніхто на мяне крыва не глядзеў. Буду я лепш зноў такім, як быў. I дзяцей прытулю, як раней, і жонка не будзе глядзець як на марсіяніна".

Успамінае былое сяброўства з Дабрыянам Скараспей, які раней яго не пазнаваў, адварочваўся пры сустрэчы ў другі бок. Страшэнна абражаны словамі Дабрыяна, што яго асабістая справа ўладзіцца ў агульным парадку.

Антаніна Васільеўна безвынікова спрабуе не пусціць у кабінет карэспандэнта Гары Болдвіна. Болдвін прапаноўвае Дабрыяну прадаць сваё адкрыццё. У іх бы ўсё было па Дарвіну: "Натуральны адбор: дужы выжывай, слабы памірай". Дабрыян не прымае прапанову.

Услед за карэспандэнтам прыходзіць калгасніца з просьбай зрабіць несмяротнай яе кароўку, бо "вельмі ўжо ўдалая". Пачуўшы адмову, заяўляе: "Прыйдзецца скардзіцца, заяву пісаць... Правіцельству. Яно разбярэцца, што ў гаспадарцы больш патрэбна - каровы ці пацукі".

Наташа гаворыць Дабрыяну, што хоча яго выратавааць. Зняць усе праблемы. Дабрыян занепакоены.

У кабінет заходзяць вучоныя. Варакса гаворыць, што "быў у розных калектывах і пераканаўся: тое, што мы прапанавалі, - несправядліва, амаральна... Бар'ер гэты прайшоў па гарадах і вёсках, па калектывах і сем'ях, падзяліў бацькоў з дзецьмі, мужоў з жонкамі, парэзаў сувязі сяброўства і кахання". Абадоўскі заклікае не забіваць смерць: "Усё жывое памірае, і ўсё аднаўляецца для новага жыцця... Смерць - гэта неабходная ўмова вечнага абнаўлення... Няхай яна жыве". Усе ўражаны словамі Абадоўскага, не прымаюць іх.

Заходзіць Наташа і кладзе на стол нежывога пацука. Гаворыць, што ўвесь час мяняла пацукоў: адзін здохне, на яго месца садзіла другога.

Вучоныя з палёгкай уздыхаюць, хоць ім крыху шкада "залатой мары". Дабрыян сядзіць, абхапіўшы галаву рукамі.

Калі ўсе пакідаюць кабінет, Наташа паказвае Дабрыяну здаровага, жывога пацука.

Дабрыян. Што людзі скажуць? Невук. Шарлатан. Ёлупень, якога абдурыла нікчэмная дзяўчынка, якой напляваць на навуку і мой аўтарытэт.

Наташа. А навукай мы будзем займацца і далей. Спакойна, без нервознасці. Я гатова прапанаваць сябе... Не бойцеся, не ў якасці вашай вечнай спадарожніцы, а ў якасці аб'екта доследаў... Людзі няхай тым часам падумаюць, што рабіць з неўміручасцю.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.