2-04-2016, 23:50
Вялікая проза Міхася Зарэцкага
Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер", "Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны раман "Крывічы". Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору. Дзве згаданыя акалічнасці не маглі, безумоўна ж, не паўплываць на тэматыку і дух яго твораў. Аповесць "Голы звер" з'яўляецца спробай стварэння псіхалагічнага твора. У ёй расказваецца пра гісторыю ўзаемаадносін дзяўчыны Лідачкі з пыхлівым, эгаістычным, подлым маладым чалавекам — Віктарам Яроцкім. Для яго, як вынікае з далейшага разгортвання падзей, не існуе нічога святога ў жыцці: ён уладкоўваецца на працу ў якасці памочніка бухгалтара, якога ўводзіць у зман абяцаннямі багатага і бесклапотнага жыцця, а потым ускладвае на яго адказнасць за фінансавыя махінацыі. Лідачка, якая шчыра пакахала Яроцкага, не задумваецца, адкуль ён можа мець столькі грошай. Віктар жа, абяцаючы Лідачцы ажаніцца з ёю, на самой справе хоча толькі пазабавіцца, рэалізаваць свае юрлівыя жаданні. Ён прыводзіць Лідачку ў прытон, дамагаецца свайго і выкідвае бедную дзяўчыну, як непатрэбную анучу. Пасля гэтага выпадку ў Лідачкі адкрываюцца вочы на тое, хто ж такі Яроцкі насамрэч. Апісанні вострых душэўных перажыванняў дзяўчыны і ўнутраныя маналогі Яроцкага з'яўляюцца самымі запамінальнымі старонкамі аповесці. Адным з першых беларускіх раманаў, прысвечаных тэме калектывізацыі, справядліва лічыцца раман М. Зарэцкага "Вязьмо". Гэты раман па сваёй сацыяльнай завостранасці пераўзыходзіць усе творы пра калектывізацыю, якія друкаваліся па-беларуску ў даваенны час. М. Мушынскі нават лічыць, што ў рамане "праведзена ідэя немэтазгоднасці суцэльнай калектывізацыі". Аднак гэтая ідэя праводзіцца ў рамане ў скрытай, завуаляванай форме. Неабходна адзначыць, што, ствараючы свой раман на пачатку 30-х гадоў, М. Зарэцкі ўжо бачыў сацыяльна-палітычныя і эканамічныя вынікі калектывізацыі. Таму ён паказвае сапраўдную сутнасць падзей, па-мастацку адкрыта выказвае сваё стаўленне да іх: паказвае, як руйнуюцца лёсы людзей ва ўгоду палітычным інтарэсам, як духоўна нявечацца людзі, ператвараючіхіся ў ахвяр штучна створанай атмасферы страху, падазронасці і варожасці. У першай частцы рамана паказана беларуская вёска пярэдадня калектывізацыі, чытач знаёміцца амаль з усімі героямі, у тым ліку і з Сымонам Карызнам, якога сумненні наконт правільнасці эканамічнай палітыкі партыі даводзяць да дэпрэсіі. У другой частцы распавядаецца аб спробах стварэння ў Сівалапах з беднякоў і сераднякоў калгаса, які павінен засведчыць перавагі новага ладу гаспадарання. Сымону Карызну ўдаецца дамагчыся разбурэння гэтага калгаса і пераводу старшыні Зеленюка ў другую гаспадарку. Трэцяя частка распавядае аб выніках прымусовай калектывізацыі для сялян і для асабістага лёсу Сымона Карызны. Праз лёс галоўнага героя аўтар ставіць і вырашае праблему ўзаемаадносін дзяржавы і асобы. Вязьмо — гэта вынік адсутнасці свабоды дзеянняў, выбару, немагчымасць рэалізацыі сваіх ідэй. Адным з самых цікавых твораў М. Зарэцкага з'яўляецца раман "Сцежкі-дарожкі". Храналагічна ён ахоплівае Лютаўскую рэвалюцыю, грамадзянскую вайну і барацьбу з бандытызмам. Галоўную ўвагу чытача прыцягвае група выдуманых персанажаў — Васіль Лясніцкі, яго сябра Андрэй, анархіст Халіма, Андрэева сястра Ніна і панская дачка-прыгажуня Раіса. Многія з герояў твора моцна рамантызаваныя, вызначаюцца ўнутранай супярэчлівасцю. Свой твор М. Зарэцкі ствараў у той час, калі з'яўляўся шчырым прыхільнікам афіцыйнай ідэалогіі. І таму не дзіўна, што ў выніку сваіх пакутлівых пошукаў галоўны герой твора Васіль Лясніцкі прыходзіць да высновы аб неабходніасці падпарадкавання "дружнай грамадзе, вялікаму калектыву". "Яшчэ больш заканамерным у рэчышчы тагачаснай афіцыйнай прапаганды выглядае аўтарскае вырашэнне ўзаемаадносін паміж Васілём і паненкай Раісай: аўтар усімі магчымымі сродкамі аддаляе іх збліжэнне (Раіса палае страсцю да ўласнага дзядзькі, і яна мае венерычную хваробу), каб абгрунтаваць тэзіс пра выраджэнне паноў як класа. Раман пабудаваны так, што ўсе сюжэтныя лініі завязваюцца вакол вобраза Лясніцкага, праз узаемадзеянне з іншымі героямі твора высвечваюцца розныя аспекты яго характару. Сваёй стылёвай адметнасцю, канфліктнасцю і дынамізмам дзеяння раман выгадна адрозніваецца ад многіх твораў тае эпохі. Напрыканцы неабходна адзначыць, што з-за палітычных рэпрэсій М. Зарэцкі не змог завяршыць шэраг сваіх цікавых задумак. Сведчаннем таму з'яўляецца незавершаны раман "Крывічы", які меўся быць вытрыманы ў здаровым нацыянальным духу. Але творчым планам пісьменніка не суджана было збыцца. Тым не менш, тое, што захавалася, сведчыць аб высокім майстэрстве Зарэцкага-празаіка, аб яго непаўторнай манеры пісьма, аб імкненні да стварэння высокапсіхалагічнага беларускага рамана. Амаль ва ўсіх творах яму ўдалося пазбегнуць заангажаванасці і палітыканства, праўдзіва адлюстраваць складаны і супярэчлівы твар эпохі.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.