17-01-2016, 18:20

Тэма кахання ў творчасці Максіма Багдановіча

Тэма кахання ў творчасці Максіма Багдановіча

Мяне прываблівае ў лірыцы пра каханне чысціня і светласць выказаных пачуццяў. Нават пры ўсім магчымым суме, часовых ростанях і непаразуменнях. Такой яна была ў Пушкіна і Лермантава («Я вас любил так ласково, так нежно»), у Янкі Купалы (прыгадаем паэму «Яна і я», усю расквечаную зіхатлівымі, яркімі фарбамі). А таксаме ў Якуба Коласа — аўтара цудоўнай паэмы «Сымон-музыка». Рыцарская самаахвярнасць уласцівая паэзіі пра каханне Максіма Танка, які нават пасля смерці застаецца з любай сваёй («Стану кладкай — пераходзь на бераг мой» — запрашае ён яе ў тужлівы час расстання). Лірыка Жэні Янішчыц — сучаснай беларускай паэткі — пра непадзеленае, незразумелае з боку юнака, мужчыны каханне. Такое ж яно, афарбаванае гаркотай непарузмення, але з боку прыгажуні-дзяўчыны, і ў Максіма Багдановіча. Ён маркоціцца і нудзіцца, кахаючы. Трагічна перажывае разлад светлай мары з рэчаіснасцю. Гэта нуда можа быць прасветленай, як у вядомым усім «Рамансе». Прасветленай і мігаценнем зоркі Венеры ў небе, і шчырымі згадкамі пра ранейшыя сустрэчы з каханай. Так, як і ў пушкінскім «Пасланні А.Керн»:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Шчырыя згадкі з сабой прынясла.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.

А ў іншым выпадку нудзіцца горка, трагічна, чакае — не дачакаецца канца свайму трывожнаму настрою. Яму здаецца, што ўсё страчана ў жыцці раз і назаўсёды:

I я, нявідны для цябе і бледны,
Не бачачы нічога ўкруг сябе,
Прыпаў бы к ім...
I вось чакаю бедны:
Ці ж хутка з'явіцца канец журбе?

Я прывяла па памяці ўрывак з верша «Маркотна я чакаю. Для чаго ты...». Напісаны ён у 1911 годзе. Паэту было дваццаць гадоў. Ён, відаць, перажываў як радасныя, так і трагічныя сустрэчы. I тыя, і другія пакінулі глыбокі след у яго душы.

I ўсё ж пры ўсёй элегічнасці лірыка і паэтычны эпас (а гэта і вершаванае апавяданне «У вёсцы», і паэма, названая таксама аўтарам «вершаваным апавяданнем», «Вераніка») прасякнутыя гуманістычнымі адносінамі да дзяўчыны, будучай жанчыны — сімвала прыгажосці. Жаночы пачатак, на думку паэта, не менш, як прыродны, гарманізуе свет, надае яму абрысы дасканаласці, завершанасці. У правільнасці такога вываду лёгка пераканацца, калі ўчытаемся ў радкі твора «У вёсцы». Сюжэт яго на дзіва просты, празрысты: усхваляваны думкамі пра «дзявочыя пастаці» і светлыя душы мацярок — увасабленне «вышэйшай красы», паэт прыгадвае, як у бытнасць сваю на Радзіме далёкай сустрэў у пустой вёсцы (шэрыя, струхлелыя хаты, вокны — латы, чорная гнілая салома, вузенькая і крывая вулка), сярод прыкметаў руйнавання, старэння, адмірання, дзяўчынку гадоў васьмі і маленькага хлопчыка, які папоўз на ручках да сваёй і нянькі, і «матулі», а тая нахілілася да яго і пачала ласкава суцішаць, выціраць слёзкі з вачэй. Не ведаю, чыё сэрца застанецца раўнадушным да трапнага вобраза-параўнання, выкарыстанага паэтам для выказвання свайго замілавання прыгажосцю маленькай «маці», запэцканай вясковай дзяўчынкі, Мадонны:

I, як схіляецца ад ветру верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць...

Чаму менавіта такі вобраз-дэталь выкарыстаў паэт, а не іншы? Ды таму, што ён надзвычай дакладны, і сам па сабе пяшчотны: бярозка ж — светлае і добрае дрэва, таксама, як і жанчына, увасабленне хараства, прыгажосці, пяшчоты. А як мякка і ціха схіляецца яе верхавіна пры ветрыку найцішэйшым. Элегантна, высакародна! Лепшыя словы прыдумаць нават цяжка. Багдановіч спыніўся перад цудам, перад гармоніяй усё той жа, якой так захапляўся, якую пастаянна шукаў. I застыў ад здзіўлення. I занатаваў яе праніклівымі, філасофскімі радкамі. Прыгадаў Рафаэлеўскую Мадонну, іканапісную святую Марыю. Абагавіў простае, запэцканае маленькае дзіця, як некалі пазней зробіць гэта ў вершы «Непрыгожая дзяўчынка» Мікалай Забалоцкі. I напіша радкі пра тое, што такое спраўдная прыгажосць — «сасуд, у якім пустата», ці «агонь, што палымнее у сасудзе»? А Багдановічавы радкі таксама не менш важкія і значныя:

А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі.
Стараўся выявіць праз маці божай лікі.

У каханні Багдановіча зліваюцца два пачаткі — палкасць пачуцця да любай, роднай і дарагой істоты і павага да маці, Мадонны. Каханая і Маці стаяць побач і ў паэме «Вераніка», калі гераіня пасля доўгай ростані лечыць сэрца свайго сябра. I яе дзеянні выдаюць у ёй і пяшчотнасць, і цнатлівасць, і мацярынскую клапатлівасць. Не выпадкова паэт піша: «I мела дзеўча выгляд маці», «Схілілася, як да дзіцяці». Думку пра злітнасць прыгажосці і мацярынства як умову сапраўднай прыгажосці, сутнасці самога жыцця Багдановіч выказвае яшчэ адным радком: «Двайной красы аблік ядыны!». I ў адстойванні формулы двухадзінай красы якраз і заключаецца наватарства твораў Багдановіча пра каханне.

Максім Багдановіч любіў цяжка, сумна і ў той жа час светла. Яго творчасць прасякнута промнямі дабрыні і веры ў чароўныя, цудадзейныя сілы сапраўднага кахання і неаддзельнай ад яго прыгажосці. Падобны ідэал стаў традыцыйным для нашай нацыянальнай літаратуры.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.