25-09-2016, 14:03

Уладзіслаў Галубок

Адзін з самых выдатных дзеячаў культуры 20-30-х гадоў XX ст., драматург, паэт, празаік, акцёр, рэжысёр, мастак-жывапісец Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб) нарадзіўся 3 (15) мая 1882 года ў сям’і рабочага-чыгуначніка (станцыя Лясная каля Баранавічаў). У хуткім часе сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька ўладкаваўся на працу ў дэпо. Уладзіслаў скончыў царкоўнапрыходскую школу, вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Рана зазнаў нястачы, калі трагічна загінуў бацька і давялося ісці працаваць, каб дапамагаць сям’і. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у магазіне, слесарам у Мінскім дэпо. У 1917-1920 гадах – акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. 3 1920 да 1922 года – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа Галубка», а ў 1932 годзе атрымаў назву БДТ-3.
Сваю творчую дзейнасць Уладзіслаў Галубок пачаў з вершаў і апавяданняў, якія з 1908 года публікаваліся ў газетах «Наша ніва», «Гоман», часопісе «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь». Выдаў кнігу «Апавяданні» (1913). Пісаў гумарэскі, сатырычныя, жартоўныя замалёўкі. Асноўная сутнасць ранняй прозы Уладзіслава Галубка ў яе народнасці. Каларытнасць яго прозы адзначаў Максім Багдановіч у «Аглядзе беларускай краснай пісьменнасці 1911-1913 гадоў». 3 1917 года выступаў як драматург. Напісаў каля 40 п’ес, якія з 1917 года ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Сярод іх – «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны», «Бязвінная кроў», «Залёты дзяка», «Бязродны», «Суд», «Душагубы», «Ганка», «Пан Сурынта», «Плыташны», «Фанатык», «Пінская мадонна», «Белы вянок», «Ветрашны», «Краб», «Белая зброя», «Ліпавічок» і інш. Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пейзажыст.
У 1937 годзе Уладзіслаў Галубок быў беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС і 28 верасня гэтага ж года расстраляны ва ўзросце 55 гадоў.

Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.