26-08-2020, 07:52

Андрэй Мрый – апавядальнік

Я рада, што ў беларускай літаратуры былі такія смелыя і таленавітыя пісьменнікі, як Андрэй Мрый, Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі і іншыя. Многіх з іх знішчылі сталіністы. Знішчылі за адноадзінае — вернасць Праўдзе, чалавекалюбству. І яшчэ за любоў да сваёй Радзімы — сінявокай Беларусі. Гарэцкага, як мы ведаем, расстралялі на чужыне, Зарэцкага — у Курапатах ці парку Чэлюскінцаў, Андрэя Мрыя бандыты-крыміналісты — на адной з таежных станцый, калі той, выпушчаны нейкім цудам на волю з канцлагера, вяртаўся дадому. Дарэчы, нясоладка склаўся лёс і яго брата — Васіля Шашалевіча (Шашалевічы — сапраўднае прозвішча пісьменнікаў з невялікага гарадка Краснаполле, што на Магілёўшчыне), драматурга, высланага ў Сібір і ўціснутага ў вогнішча зрэзанай бярэзінай. Ніхто, акрамя родных і блізкіх, не шкадаваў братоў у трывожныя 30-я, ды і пазнейшыя гады. Спяшаліся будаваць камунізм, цяпер — разбураем створанае. Няма калі азірнуцца назад, паглядзець на чорныя пракосы за спінай. Адчуць, колькі талентаў згубіла суровая даваенная эпоха. Помню, вычытала ў падручніку, што ў сярэдзіне 20-х гадоў толькі ў пісьменніцкую арганізацыю «Маладняк» уваходзіла больш як 500 чалавек. А перад вайной (паведамляе Барыс Сачанка ў кнізе «Сняцца сны аб Беларусі») іх засталося менш пяцідзесяці. Лічбы ўражваюць. Уражваюць лёсы. Дзіўлюся, пакутую, як такое магло здарыцца! Той жа Уладзімір Хадыка быў разам з тачкай раструшчаны вапнавай глыбай у кар'еры ў Сібіры. Мала таго, сям'ю яго выгналі з мінскай кватэры. Пазней немцы спалілі ў Трасцянцы яго жонку і пяцігадовага сына як родзічаў пісьменніка-камуніста. У галаве не ўкладваецца, колькі мы перажылі і перанеслі! I як жа ты выжыў, народ наш чарнарукі і светласэрцы! Я прывяла словы Генадзя Бураўкіна з паэмы «Ленін думае пра Беларусь», укладзеныя ў вусны нашага Скарыны.
Андрэй Мрый — ахвяра з многіх ахвяраў. Сын свайго часу, ён радаваўся, што савецкая ўлада аднавіла дзяржаўнасць Беларусі. Быў шчаслівы, калі яго раён далучылі да Беларусі. Ухваляў новае. Вёў вялікую краязнаўчую працу і ў сваім рэгіёне, і ў маштабах рэспублікі, калі пераехаў у Мінск. Разам з братам наладжваў спектаклі на беларускай мове ў Краснаполлі. Пісаў і друкаваў нарысы пра выкліканы да новага жыцця край лясоў і балот. Але пазней, у другой палове 20-х гадоў, адбылося празарэнне: мастак убачыў, што ў жыцці многа не толькі чыстага, але і бруднага, што побач з праўдай гняздуецца мана, а дабрачыннасць выцясняе халодны разлік. Заўважыў ён і людзей, якія толькі на словах будуюць гарманічнае грамадства з чалавечым тварам, а на самай справе шукаюць зручнага моманту, каб заняць кіраўнічыя вышыні, як мага больш спажыць, а не стварыць. У сувязі з гэтым уяўляюць цікавасць яго апавяданні перыяду дзейнасці ў аб'яднанні «Узвышша» «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Няпросты чалавек», «Гармонія ў ружовым» і іншыя і раман «Запіскі Самсона Самасуя». Пра раман трэба пісаць асобна — ён гэтага заслугоўвае. Пастараюся падзяліцца думкамі пра апавяданні.
У кожным з іх — нетыповая для літаратуры даваеннай пары аб грамадзянскай вайне і сацыялістычнай рэвалюцыі ў горадзе, вёсцы, чалавечых душах сітуацыя. Нетыповасць сітуацыі і вядзе да таго, што мы прымаем гэтыя творы не як чарговыя гімны будаўніцтву светлага жыцця ці пра ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, а як нешта неардынарнае, нечаканае, павернутае ў іншы бок. Так, з апавядання «Камандзір» відаць, што не ўсе чырвонаармейцы ўсведамлялі сябе на вайне заступнікамі народа, носьбітамі высокіх ідэалаў. Былі сярод іх і звычайныя марадзёры, абсалютна непісьменныя людзі, якія карысталіся выпадкам, каб паказаць сваю сілу, прынізіць іншых, скарыстаць з сваёй часовай улады як мага больш. Камандзір на час атрада чырвоных Вінька на вачах у бацькі-генерала царскай арміі гвалтуе яго дачку, урэшце забівае іх абодвух — буржуйскае семя. Ён, малапісьменны і неадукаваны тып, маніпулюе перад слухачамі-чырвонаармейцамі веданнем замежнай лексікі, тэрміналогіі. I з-за гэтага выглядае яшчэ больш смешна. Спецыфічная (травесційная) лексіка, у многім алагічная гаворка героя, камедыйная сітуацыя, у якой ён хоча паказаць сябе героем, — усё гэта працуе на выкрыццё персанажа, вынясення яму самапрысуду, калі так можна сказаць. «Можа, мяне трэба было тады ліквідаваць. Нарабіў я бясчынства, ой-ёй-ёй! Цэлы кодэкс парушыў, пад касцёл шмат каго падвёў»; «Ну, першым чынам узяліся мы правесці там каналізацыю, бо ў нас коні ўсе былі ануліравны, дык мы задумалі забраць генеральскіх коней»; «зноў у нас кампотны настрой»; «А ты ваўкарэзаў нагнаў на нас, пачаў нас сабатажнічаць» — ці не сапраўдная абракадабра! Які вінегрэт. Якая мешаніна! I такі чалавек кіруе іншымі! I яму даручылі змагацца за народную ўладу!
Не лепшы і герой апавядання «Рабін». Святоша на словах, шчыра закаханы ў жонку, ён ноччу дрэпаецца ў пакой гаспадыні, дзе спыніўся на адпачынак. I ўсе яго прынцыпы аказваюцца фальшывымі, маскай, пад якой хаваецца сапраўдны твар пачвары, двурушніка.
Андрэй Мрый робіць героем сваіх апавяданняў Смех. Смех над нашым перавернутым дагары нагамі побытам, мараллю, народжанай рэвалюцыйнымі зменамі, што прыводзілі да ўседазволенасці, абясцэньвалі чалавечыя жыцці, асабліва тых людзей, што траплялі ў разрад ворагаў. Многія з новых гаспадароў жыцця, як і Вінька на вайне, у мірны час пачалі мячом устанаўліваць правы на сваю перавагу над іншымі, панаваць над усімі астатнімі людзьмі. Вынікі такога панавання Вінькаў ды Самсонаў Самасуяў мы асабліва выразна бачым сёння, калі адкрылася, што кіраваць народам амаль няма каму, бо большасць чыноўнікаў аддалілася ад тых, з каго выйшла, з чыёй працы жыве. А народ цярпліва чакае пераменаў, спадзяецца, што вось-вось наладзіцца эканоміка, павысіцца зарплата, панізяцца цэны. Не павысіцца! Не панізяцца! Людзі, пільнуймася разам прайдзісветаў і двурушнікаў, кар'ерыстаў і дэмагогаў, выкрытых слаўным пісьменнікам Андрэем Мрыем.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Имя:*
E-Mail:
Комментарий:
Полужирный Наклонный текст Подчеркнутый текст Зачеркнутый текст | Выравнивание по левому краю По центру Выравнивание по правому краю | Вставка смайликов Вставка ссылкиВставка защищенной ссылки Выбор цвета | Скрытый текст Вставка цитаты Преобразовать выбранный текст из транслитерации в кириллицу Вставка спойлера
Введите код: *