31-01-2017, 09:20

Сяргей Грахоўскі - Папярэджанне

Непагодныя дні.
Ні прасвету, ні сонца,
Толькі вецер гудзе і гудзе увушшу,
I пякельным туманам нябачаны стронцый
Раз’ядае істоту маю і душу.

Я ніколькі наступнай вайны не баюся,
Не, у атамным пекле Зямля не згарыць,
Не дрыжу перад будучай бойкай у скрусе,
Бо ніхто і нікога не зможа скарыць.

Хоць не будзе вайны, не ўзарвуцца ракеты,
А жыццё не ўратуе ніхто і нідзе:
Смерць ідзе па Зямлі, выбіраючы мэты
У паветры, на сушы, у мёртвай вадзе.

Мы патруцім сябе радыяцыяй, газам,
Выесць вочы і душы настылыя дым.
Смерць нячутна ідзе, каб не згінулі разам,
A знікалі павольна адзін за адным.

У нябыт адыходзяць счарнелыя пушчы,
Самагубствам канчаюць маржы і кіты.
Акіяны і рэкі дзівак невідушчы
Вынішчае ў прыпадку сваёй слепаты.

За мільёны гадоў не здалелі скалечыць
Так Зямлю, як яе пакалечылі мы.
I сябе і яе давялі да галечы,
А яна ўсё маўчыць, як цярплівы нямы.

А каб мела язык, як яна б закрычала:
«Пашкадуйце, няшчасныя, хоць бы сябе.
Ці не бачыце вы, што «вучонасці» джала
I бяздумная пыха ўсё жывое заб’е.

Знікнуць людзі і рэкі, салавей адспявае,
I, магчыма, з галактык убачаць здаля,
Як павольна плыве, у Сусвеце нямая,
У адвечнай жалобе пустая Зямля».

Уратуйце Зямлю, апантаныя людзі.
Можа, шчасце хоць вашым
прапраўнукам будзе!
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.