10-02-2017, 14:17

Міхась Кавыль

Паходзіў Міхась Кавыль (Язэп Казіміравіч Лешчанка, нарадзіўся 1 снежня 1915 г.) з сялян вёскі Покрашаў, што прывольна разбудавалася недалёка ад Слуцка, уздоўж шашы на Мінск. Гаспадарка лічылася сярэдняй, але зусім заняпала, калі засталася без кармільца, які загінуў на фронце Першай сусветнай вайны. Маці, на руках якой было пяцёра дзяцей, выбівалася з апошніх сілаў, каб засеяць поле, выплаціць шматлікія падаткі, даць адукацыю сыну. Вучыўся Язэп спачатку ў Грэскай, потым у Грозаўскай школах. У 1930 годзе паступіў у Белпедтэхнікум, дзе на той час набывалі адукацыю многія будучыя паэты і празаікі. Як сыну сельскагаспадарчых рабочых-пралетарыяў (сям’я на пачатку калектывізацыі запісалася не ў калгас, а працавала ў саўгасе) Язэпу Лешчанку прызначылі стыпендыю, якой ставала на некалькі абедаў. Дапамагалі з дому, і можна было неяк працягваць вучобу, тым больш што юнака вабіла паэзія, якой захапляўся ў школе. Ужо ў 1929 годзе ў газеце «Беларуская вёска» з’явіўся яго першы верш «Гудкі», паводле словаў самога аўтара, «хваласпеў ранню новых дзён».
У Белпедтэхнікуме існаваў літаратурны гурток, на паседжаннях якога часта выступалі студэнты М. Лужанін, С. Ліхадзіеўскі, Лукаш Калюга, У. Сядура, С. Астрэйка, Ф. Гінтаўт, С. Русаковіч, У. Гуцька (Дудзіцкі). Чытаў свае вершы і Язэп Лешчанка, якія рэгулярна публікаваліся ў часопісе «Маладняк», газеце «Піянер Беларусі», дадатку да Бабруйскай газеты «Камуніст» (рэдактар Міхась Лынькоў), які меў сімвалічную назву «Вясна» і дзе спрабавалі свае сілы многія маладыя аўтары. Падпісваў ён свае раннія паэтычныя вопыты псеўданімам «Язэп Маёвы – сябра літаратурнага згуртавання «Маладняк». Усе раннія вершы Язэпа Маёвага сапраўды прасякнутыя вясновым настроем, напоўненыя радасным, піянерскім пафасам адпаведна пафасу эпохі 30-х гадоў, калі творцаў прымушалі апяваць «індустрыі дым», выказваць веру «ў нашы сонечныя дні», сцвярджаць, што «ў грудзёх юнацкіх радасць, спеў, задор...» Паспрабаваў малады паэт напісаць верш крыху іншага накірунку, пра беспрытульнага сына палеглага героя рэвалюцыі, пра яго сённяшнюю цяжкую долю. Але сам Кандрат Крапіва параіў яму не пісаць больш такіх вершаў. Неўзабаве Язэп Лешчанка зразумеў слушнасць гэтай парады. У 1932 годзе яго ўпершыню выклікалі ў ГПУ і прапанавалі расказаць, што думаюць, пра што пішуць яго сябры-паэты. Пазней, у паэме «Непакорныя» Міхась Кавыль вуснамі свайго героя Алеся Лучыны, у лёсе якога шмат аўтабіяграфічнага, выкажа праўдзівую сутнасць гэтага страшнага ведамства, якое ў 30-х гадах распачынала не бачанае ў свеце вынішчэнне ўласнага народа дзеля ўмацавання асабістай улады крывавага дыктатара, гэтага «тварца нявольніцтва і глуму». І найперш вынішчалася працавітае, заможнае сялянства, творчая інтэлігенцыя, адданая нацыянальным ідэям.
Безумоўна, Язэп Маёвы не здрадзіў сваім сябрам, і хоць даў ГПУ падпіску «о неразглашении», не мог не расказаць Русаковічу, Сядуру, Астрэйку, Гуцьку, чаго дамагаліся ад яго следчыя. Так здольная беларуская моладзь трапляла ў спісы «ненадзейных элементаў». «Ворагам народа» Язэп Лешчанка стаў у 1933 годзе, нягледзячы на тое што паэт Маёвы выказваў знешнюю лаяльнасць савецкай уладзе, яго раннія вершы гучалі ва ўнісон ідэалагічным устаноўкам, як і вершы амаль усіх пачынаючых аўтараў, якія не мелі магчымасці цалкам абстрагавацца ад патрабаванняў тагачаснай рэчаіснасці.
Асуджаны па сфабрыкаванай энкавэдыстамі справе «Саюза вызвалення Беларусі» і за «контррэвалюцыйную агітацыю», Язэп Лешчанка апынуўся ў сутарэннях Мінскай турмы «амерыканкі», якая многім беларускім талентам у 30-х гадах замяніла ўніверсітэцкія аўдыторыі і чытальныя залы, а замест класічных твораў ім даводзілася чытаць сфальсіфікаваныя пратаколы служкаў рэжыму. Цэлых паўгода пакутаваў малады паэт у турме, пакуль ішло гэтак званае следства. Разам з ім сядзелі (таксама арыштаваныя 23 лютага 1933 года) Лукаш Калюга, Максім Лужанін, Сяргей Астрэйка, Уладзімір Дудзіцкі, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Сяргей Русаковіч, Уладзімір Сядура, Сяргей Гайка, Юлій Таўбін, Францішак Гінтаўт і шмат іншых здольных студэнтаў апошняга курса Белпедтэхнікума. Разам іх цэлы месяц везлі ў жудасных умовах арыштанцкіх вагонаў да Новасібірска, і не аднойчы Язэпу згадвалася Беларусь, родная вёска, спакутаваная маці, якая пешшу прыйшла ў Мінск, дабілася спаткання з сынам, а ён не мог адказаць на яе нямое пытанне: «За што?»
Адбываў пакаранне Язэп Лешчанка ў Гулагу на Далёкім Усходзе. На Сяданбуд разам з ім трапіў Віталь Калечыц – муж вядомай беларускай паэткі Канстанцыі Буйло. За ўдарную работу ім пашчасціла вярнуцца на радзіму крыху раней трохгадовага тэрміну. Але пакуты не скончыліся. Прыехаўшы зімой 1936 года ў родную вёску, сустрэўшыся з блізкімі, Язэп неўзабаве мусіў пакінуць Беларусь, бо не меў права жыць у прыгранічнай рэспубліцы. Паехаў у Варонеж, знайшоў прытулак на першым часе ў родных былога сябра па Гулагу. Пацяклі трывожныя дні, бо рэпрэсіі набіралі злавесны размах, і «ворагаў народу» ўжо не высылалі, а ў большасці расстрэльвалі. Не пазбег бы паўторнага арышту і Язэп Лешчанка, каб застаўся на радзіме, як гэта здарылася з многімі іншымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, ды й не толькі з беларускімі. У Варонежы былы вязень Гулагу, па магчымасці абыходзячы ў біяграфіі гады зняволення, уладкаваўся рабочым на машынабудаўнічы завод «Камінтэрн» і адначасова на вячэрняе аддзяленне педінстытута. Удалося нават надрукаваць новыя вершы ў мясцовым літаратурным альманаху. Але хутка скончыліся спадзяванні на лепшае. Варонеж ачышчалі ад «ненадзейных элементаў», а «всевидящее око» чэкістаў ведала, хто такі Язэп Лешчанка. Давялося пакінуць Варонеж, і пасля няўдалай спробы застацца ў Арле ён вярнуўся ў Беларусь, дзе таксама быў непажаданым госцем. Адчуваючы небяспеку для сябе і родных, праз некаторы час беспрытульны паэт зноў надумаў паехаць у Варонеж. У аблана расказаў пра сябе ўсю праўду і неспадзявана, відаць, з прычыны недахопу настаўнікаў, атрымаў працу ў адной з вясковых школ блізу горада. З пачаткам вайны быў мабілізаваны ў войска і цэлы год вучыўся ваяваць, дзеля чаго зноў трапіў на Далёкі Усход, цяпер ужо салдатам. Вясной 1942 года яго накіравалі на Украінскі фронт у артылерыйскую разведку. Браў удзел у баях за Харкаў, трапіў у акружэнне, затым у палон. У 1943 годзе пашчасціла вярнуцца ў Мінск дзякуючы прадстаўнікам беларускіх арганізацый, якія з дазволу немцаў вызвалялі сваіх землякоў з палону. Пра гэты перыяд і пра жыццё ў ваенным Мінску Міхась Кавыль пазней, калі ўжо апынуўся ў вольным свеце, напіша аўтабіяграфічны раман «Із агню ды ў полымя», дзе падрабязна раскажа пра цяжкія перыпетыі ўласнага лёсу і лёсу свайго пакалення.
У выгнанне Міхась Кавыль пайшоў у 1944 годзе. Жыў напачатку ў Нямеччыне ў лагерах перамешчаных асобаў, працаваў у вугальных капальнях Бельгіі (пра гэты перыяд напісаў цыкл вершаў, якія друкаваліся ў часопісе «Шыпшына»). У 1948 годзе пераехаў у беларускі лагер Бакнанг, актыўна ўключыўся ў беларускія справы, рэдагаваў газету «Беларускае слова», пазней – «Беларускую трыбуну». У 1947 годзе ў Рэгенсбургу выйшаў яго першы зборнік вершаў «Ростань».
З 1950 года Міхась Кавыль жыве ў ЗША, у горадзе Саўт-Рывер, штат Нью-Джэрсі. Як і многім беларускім выгнанцам, давялося шмат працаваць на самых розных работах, каб забяспечваць сям’ю, атрымаць матэрыяльную незалежнасць. Але самае галоўнае, менавіта ў вольным свеце Язэп Лешчанка, былы савецкі паэт Язэп Маёвы, стаў Міхасём Кавылем, сапраўдным мастаком роднага слова, якім аддана служыў і служыць беларускай справе. Амаль усе яго творы напісаны ў амерыканскі перыяд жыцця, але пабудаваныя на беларускім, часцей за ўсе аўтабіяграфічным, матэрыяле і прысвечаны далёкай, бясконца дарагой Бацькаўшчыне. «Хоць я шмат перацярпеў, – пісаў пазней паэт, – але стаў Міхасём Кавылем. А мог бы застацца Язэпам Маёвым, які праслаўляў бы камуністычнае рабства. Мая выйгрышная карта адчыніла мне дзверы Амэрыкі, дзе мая Муза, як той рыцар Пагоні, узняла меч слова...»


Крыніца: Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа / Савік Л. С. – Мінск: Тэхналогія. – 2001. – 479 с.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.