T1m Project
25-09-2016, 13:54

Янка Сіпакоў - Одзіум

Ойча наш, калі ты ёсць на нябёсах!
Два браты і сястра з нетутэйшымі імёнамі –
Катаклізм, Апакаліпсіс і Катастрофа – нецярпліва, прагна
ўглядаюцца ў тутэйшую зямлю і ласкава гладзяць па
раскудлачаных валасах сваю нашчадніцу, спадкаемніцу,
якая, ці чуеце, мае такое ўжо тутэйшае імя – Бяда.
А цялятка было такое чысценькае.
А траўка, на якой яно падбрыквала, такая зялёненькая.
А сонейка, якое спяліла іх, такое ласкавае.
А ветрык, які гуляў з цяляткам, такі ўжо ахайны.
А кароўка Святоха, ад якой яно нарадзілася, такая здаровенькая.
А яны яго не прымаюць – кажуць, што цялятка бруднае.
«Самі вы брудныя, нячысцікі, – злуецца бабка Параска. –
I душою, і целам брудныя».
Цялятка ж было такое харошае.
I траўка была такая чысценькая.
I сонца было такое шчырае.
Дык што ж тады, людцы, здарылася?!
Хіба чыстая вада можа быць бруднаю/
Хіба чыстая трава можа быць нячыстаю?
Хіба цялятка можа быць забруджаным, калі яно п’е чыстую вадзіцу
і скубе чыстую травіцу?
Чарнобыль.
Чорнае слова, як чорнае сонца, бязлітасна ўскацілася
на беларускі небасхіл.
Яно, нібы чорнае зацьменне, усё пачарніла – і зялёную траву,
і празрыстую ваду, і блакітнае неба.
Трава зелянее, але яна чорная.
Вада свіціцца аж да дна, але яна чорная.
Неба блакітнае, але і яно чорнае.
Здаецца, нават жудаваты ветрык і халадок, як пры зацьменні,
пайшоў па зямлі.
Птушкі, здаецца, змоўклі, куры, каровы і коні пачалі трывожыцца.
I зарыва ад зацьмення ўспыхнула не такое, як звычайна –
яно было чорнае, з чорнымі сполахамі і пратуберанцамі,
хоць само свяцілася і ззяла.
Чорная быль – Чарнобыль.
Чорны баль – Чарнобаль.
Чорная бель – Чарнобель.
Чорны боль – Чарноболь.
Усё, з чым дружыў чалавек і што дружыла з чалавекам,
пасварыў Чарнобыль.
Зараз усё забаронена – сунічка і рамонак, баравічок і шчаўлінка,
яблык і крынічка, хата і расіна, ніва і ялінка забаронены.
Усё з сяброў ператварылася ў ворагаў.
Усё з ласкадаўцаў, абаронцаў, карміцеляў перавярнулася ў забойцаў.
Стаіць дрэва і не ведае, навошта яно стаіць.
Цячэ рэчка і не ведае, навошта яна цячэ.
Узыходзіць рунь і не ведае, навошта яна ўзыходзіць.
Дзеці спрадвек радаваліся яблыку, а зараз яго трэба баяцца:
гэты зманлівы чырванашчокі ласунак, заўсёдная ўцеха малых, –
ужо вораг дзяцей, і яго нельга есці.
I вось гэты беленькі цёпленькі, смачненькі сырадойчык,
які здавён лячыў усе хваробы, – ужо забойца дзяцей,
і яго нельга піць.
I вось гэты вусаценькі шматрадковы каласок – атамная бомба
з трыццаццю боегалоўкамі-зярнятамі, і яго нельга браць у рукі.
Раней мы стыдаліся, стараніліся такіх нязвыклых слоў,
як цэзій, бэр, нукліды, мілірады, празеадым...
Яны абыходзілі нас, а мы абыходзілі іх – думалі,
што нашы лёсы ніколі не перакрыжуюцца.
А зараз усе гэтыя словы папрыклейваліся назаўсёды да нашых вуснаў:
стронцый, кюры, дазіметр, плутоній, ізатопы, рутэній,
мілірэнтгены, радыяцыя...
«Усё лета я хаваўся ад радыяцыі», – хваліцца хлопчык з той страшнай зоны,
бо пакуль яшчэ не ведае, што схавацца ад радыяцыі нельга.
«Доктар сказаў, што ў мяне дужа многа радыяцыі», –
сумуе дзяўчынка з той жа самай зоны, бо ўжо ведае:
тое, што з ёй, з ёй назаўсёды – радыяцыя не прастуда, яна не выводзіцца.
«Бабулечка, родненькая мая, я так хачу да цябе ў вёску, але напішы мне,
калі ж ты выганіш са свае хатачкі радыяцыю?!» –
рыдае малое, бо здагадваецца: не бабулечка выгане радыяцыю,
а радыяцыя выгане бабулечку з хаты.
Бо гаспадыняю ў хаце ўжо не бабулечка, а радыяцыя.
Атамнікі пасварылі чалавека з усёю прыродаю.
З жывою і мёртваю пасварылі.
I нават жывую прыроду зрабілі мёртваю.
Чыстае зрабілі брудным.
I зараз патрабуюць ад нас:
Жыць ля вады і не мець вады.
Спяліць яблыкі і не есці іх.
Бачыць траву і не хадзіць па ёй.
Жыць ля хлеба і быць без хлеба...
На лавачку каля хаты не садзіся.
А дзе сядзець?
Па зямлі не хадзі.
А дзе хадзіць?
Усё мае сваю мяжу, і толькі цярпенне наша, о Божа, бязмежнае!
Хай свяціцца імя Тваё, хай прыйдзе Царства Тваё, хай будзе воля Твая.
Брудная зямля, брудная вада, бруднае паветра, бруднае малако...
Божа наш літасцівы, вярні ранейшае значэнне
гэтым спрадвечным паняццям!
Каб бруднаю зямлёю для нас была толькі раскаўзаная ў гразь дарога.
Каб брудным малаком, як і раней, было толькі малако
з бяскрыўднаю крыхою гною, што знячэўку ўвалілася ў дайніцу.
Была, ці чуеце, вёска, а стала зона адсялення.
Было поле, а стала зона адчужэння.
Быў лес, а стала зона пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Былі грады, а стала зона перыядычнага дазіметрычнага кантролю.
Была пчала – пацешная такая, выпацканая ўся ў жоўты дзьмухаўцовы пылок,
а стала маленька-вялікаю атамнаю бомбаю.
Было семка, якое хацела зазямліцца і прарасці,
ды раптам нечакана для сябе стала неўтаймоўным рэактарам.
Пятая частка зямлі маёй сёння за калючым дротам.
Яна памерла жывая. I жыве мёртвая. У мёртвай зоне.
Высозныя тэрыконы змагіленай зямлі, звезенай з радыяцыйных палёў і вуліц,
зямлі, якая пачала ўжо зарастаць мёртва-зялёнаю травою.
Усюды надпісы:
«Не піць! Забруджана!»
«Не есці! Небяспечна!»
«Не хадзіць! Заражона!»
«Стой! Страляць буду!»
Такога надпісу няма, але ён маецца на ўвазе.
Зона. Агароджаныя калючым дротам нівы і паплавы,
лясы і сцяжынкі, крыніцы і дарогі, хаты і рэчкі.
Ягады і грыбы, промні і слёзы, трава і вераб’і адгароджаныя.
Світанкі і вечаровыя прыцемкі адгароджаныя.
Дажджы і туманы, прарослыя высокай адчужанаю травою,
адгароджаныя.
Ад жыцця адгароджаныя: каб не выпусціць нікога і нічога адсюль.
Каб лугі не выйшлі адсюль, каб палі не выйшлі адсюль,
каб пакінутыя хаты, трактары і калодзежы ніколі не выйшлі
на чыстую зямлю.
Каб пудзілы назаўсёды засталіся тут – гэта ж столькі гадоў
яны ўпарта махаюць сатлелым ашмоццем, адганяючы птушак,
якіх няма, ад градаў, якіх таксама няма...
I як, вы думаеце, усё гэта называецца зараз?
Палескі дзяржаўны экалагічны запаведнік!
Смяюцца з нас, здзекуюцца ці пацяшаюцца
з хворай зямлі, нячысцікі?!
У зямлі такая рана, а яе не відаць.
Так яна рэнтгенаточыць-крывавіць, а бачыць гэта,
выходзіць, не кожны.
Перагукваюцца ў зоне, але не людзі, а вятры.
Шчабечуць у зоне, але не птушкі, а дазіметры.
Ламаецца гук, ламаецца вецер, ламаецца сонечны промень,
ламаецца слова.
Нібы на якую невідомую перашкоду наткнуўшыся, ламаюцца...
Баімся зямлі, баімся вады, баімся паветра...
Як на нябёсах, так і на зямлі.
[related-news] [/related-news]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.