25-09-2016, 13:54

Янка Сіпакоў - Пажар

У апошні час тут жыў адзін толькі Хатнічак.
А кажуць, што хату забрала з сабою бабка Яснея. Прыйшла пасля смерці і забрала.
Дзіўна так...
Усё жалеза, якое было і ў хаце, і на панадворку, вызваліў агонь. Ад дрэва вызваліў — дрэва да гэтага моцна трымала яго ў сабе, каля сябе, пры сабе і змушала працаваць. I здавалася, што гэты прымус вечны: зломіцца ці то згніе ручка ў малатка — новую зробяць. А тут усё тое, за што браліся чалавечыя рукі, што грэлі чалавечыя далоні, што шліфавалі чалавечыя мазалі, згарэла, агаліўшы адно жалеза — вунь колькі гэтага дабра валяецца на папялішчы! Быццам толькі яно адно і было ў жывой хаце.
Лапата, удзяўбнутая ў зямлю, тырчыць — яна і сама ўжо не помніць, навошта яе ўдзяўбнулі, калі яе ўдзяўбнулі, так даўно гэта было,— а цаўя няма: згарэла, як і трава, што колькі ўжо гадоў у рост чалавека падымалася, зелянела, жоўкла і ссыхала на падворышчы.
Сякера ляжыць на попеле — тапарышча згарэла, калода, у якую яна была ўдзяўбнутая, згарэла, а тапор, загартаваны ў агні да чырвані, ляжыць сабе, як і ляжаў да гэтага, і толькі вецер лётае сюды-туды праз вызваленую адтуліну, чапляючыся за жалезны клін, які яшчэ гаспадаром быў убіты ў тапарышча — каб не звальвалася сякера.
Каса ляжыць на вілах — не верыцца, што яе некалі так паклалі. Хутчэй за ўсё яна вісела недзе ў падстрэшшы, а агонь яе скінуў доле. Каса ёсць, банька ёсць, а касільна няма.
Усё адкрыў агонь, усе сялянскія сакрэты і клопаты выдаў, паказаў. Вунь валяюцца чыгункі і каструлі, конаўкі і вёдры, тазы і місы. Лыжкі валяюцца, качэргі і чапёлы валяюцца, клямары, прабоі і крукі валяюцца. Лямпа карасінавая — даўняя-даўняя такая — ляжыць на баку. I цуглі, і падковы ляжаць (як усё роўна і коні тут пагарэлі), нават плуг знайшоў агонь у схованцы,— коней, як бачыце, даўно ўжо няма, а вось гэтыя спадарожнікі іхнія яшчэ беражэ руплівы двор.
А колькі цвікоў падаставаў з дрэва агонь — вунь яны, таксама напаленыя да чырвані, роўныя і пагнутыя, здаецца, поўзаюць па мокрым попеле — акурат дажджавыя чарвякі. Здаецца нават, што яны варушацца. Не, гэта, мусіць, дождж капае на іх і змушае шавяліцца... Які там дождж — зірніце, самі варушацца! Во сіла дык сіла ў агні: бывае, ніяк нельга дастаць нават адзін цвік — пакутуеш, пакутуеш, гнеш, гнеш яго, а тады і кінеш,— а ён у адзін момант усе падаставаў: грудамі ляжаць цвікі на папялішчы.
Абручы ад бочкі ляжаць. Клёпкі згарэлі, а абручы ўсё яшчэ ўпэўнена дыбяцца, быццам і напраўду вераць: яны да гэтага часу трымаюць тое, што некалі было бочкаю і што так не хацелася ім выпускаць са сваіх абдымкаў — сціскаюць пустату, а думаюць, што яшчэ маюць сілу над клёпкамі.
У гэтай бочцы, калі надакучала сумаваць аднаму ў хаце, а на дварэ была непагадзь, любіў хавацца Хатнічак — ляжаў у ёй, свістаў сабе пад нос і плёў з травы нейкія нікому не патрэбныя рэчы...
Клямкі, ручкі, завесы. Дзвярэй няма, а яны як асыпаліся ля самага парога былога, так і ляжаць. I нават замкнёны замок валяецца каля нядаўняга ганка — нібыта ўсё яшчэ сцеражэ дзверы, якіх няма, нібыта і зараз нікога не пускае ў хату, якой таксама няма.
I печ таксама не згарэла, самотна стаіць на папялішчы — толькі высокі цыбаты комін, за якім хаваўся ад людзей Хатнічак,— зараз стала відно, як крыва ён быў складзены,— жаласна і самотна трубіць у хмарнае, мокрае неба.
Дзіўна, печ беленькая, чысценькая, нават не задымленая — што, хата і напраўду гарэла без дыму?
Хутчэй за ўсё без дыму. Бо так згарэць, калі дыміцца, нельга — усё выпалала да попелу і нават ніводнай галавешкі на папялішчы не засталося. А што тут дзіўнага — вясна да травы стаяла сухая, дык хата абветрылася і ўспыхнула, як свечка.
А навокал папялішча буяе трава — дзядоўнік і маліннік, крапіва і асот буяе. Усё навокал зелена, і толькі тры квадраты сярод гэтай зеляніны чорныя — там, дзе стаяла хата, хлеў і лазня. Ды яшчэ абгарэлы куст бэзу, што рос, канечне ж, пад акном, ды дзве абвулленыя яблыні, што стаялі пры самай хаце,— на іх любіў гутацца Хатнічак: зачэпіцца нагамі за сук, павісне галавою ўніз і гутаецца.
Буяе, аж ірве зямлю трава, нібыта ёй не церпіцца хутчэй схаваць У зеляніне гэтыя чорныя плямы. Яна такая высокая, што засланіла сабою нават рослыя касацікі — жоўтыя і белыя кветкі. Здаецца, неўзабаве яе хопіць, каб схаваць нават сам даўгашыі комін.
I вось зацягне ператлелую зямлю трава; завянуць і вырадзяцца вяргіні, якія зараз цвітуць у былым гародчыку, нібыта сіляцца пазначыць, паказаць некаму, дзе стаяла хата; разбурацца ад дажджу і ветру, аплывуць грудаю гліны комін, печ, і тады ніхто, калі не быў раней, не пазнае, не здагадаецца, што тут калісьці радавалася сяліба.
Нават дзве катавіны — дзве каляіны ад колаў — зарастуць, зацягнуцца травою, і па іх не праляскочуць ніводныя калёсы...
Кажуць, што хату забрала з сабою бабка Яснея.
Яе святліца была апошнім жылым домам у некалі гаманкой і люднай вёсцы. Усе хаты — адны раней, другія пазней — паўміралі, бо нейкія нягоднікі прызналі іхнюю найпрыгажэйшую вёску неперспектыўнай. Бабка Яснея бачыла, як паміралі ці з'язджалі адсюль людзі, як паміралі, абвальваліся стрэхамі хаты — і тыя, што былі побач, у суседзях, і тыя, што стаялі далёка, на самых прыканцах вуліцы.
Неўзабаве яны засталіся толькі ўдзвюх: бабка Яснея і яе хата.
I гаравалі ўдзвюх, калі цяжка і невыносна маркотна было восенню і зімою, і радаваліся, святлелі душою, калі на вясну большаў дзень, калі ўспаміналі, як яны абедзве былі маладыя і калі ў іх усё было, як у людзей: у хаце шчабяталі, смяяліся дзеці, каля хаты цвілі касацікі ды вяргіні, а на падворку кляпаў касу ці сек дровы таксама яшчэ малады гаспадар. Потым дзеці павырасталі, параз'ехаліся па свеце, а гаспадара, дзеда Шэраша, забралі ў вар'яцкі дом — ужо колькі гадоў дзед жыве там, даказвае ўсім, што ён плуг, і лаецца з кожным, хто не верыць у гэта. Бабка Яснея, пакуль была жывая, ездзіла да яго, вазіла яму са сваіх градаў гуркі і яйкі з-пад сваіх нясушак, хоць дзед і не пазнаваў яе і лаяўся, як і на ўсіх — маўляў, чаго гэтая сучка прыехала, што, і ёй спатрэбіўся плуг? — напраўду злаваўся, уцякаў ад яе, хаваўся.
Не доўга пасля смерці бабкі Яснеі хата пабыла адна. I сама яна сумілася без гаспадыні і ўсё прасіла забраць яе з сабою, ды і бабка Яснея, пэўна, мучылася там без свае гаротніцы — ні параіцца з кім, ні пагаварыць. Прыйшла аднойчы апоўначы і забрала хату з сабою — згарэла яна дашчэнту і так хутка, што нават у суседніх, жывых яшчэ вёсках ніхто не паспеў убачыць пажару.
Але ж падпаліць хату мог нехта і іншы.
Справа ў тым, што не адна бабка Яснея пасля таго, як забралі ў горад дзеда Шэраша, жыла ў хаце. Жыў яшчэ непрыкметна маленькі, нязграбны і зусім невідомы чалавечак, які быў на адзін твар з гаспадаром — як дзве кроплі вады падобны на яго. Але бабка Яснея, якая бажылася, што бачыла яго, казала, што ён падобны не на яе Шэраша, а на механошу з суседняга млына — такі ж белы, як абсыпаны ўсё роўна мукою. Спаў сабе Хатнічак, як цвыркун, за печчу і асабліва на вочы не паказваўся. А памагаць — памагаў. Чым мог і як толькі мог, памагаў — добрая такая душа ў яго была. А памерла бабка Яснея, і памагаць не стала каму. Праўда, пакуль што памагаў курам, якія асталіся (маніў іх: "села-села-села", і яны садзіліся); катам, якія асталіся (клікаў есці: "кыці-кыці-кыці", і тыя ішлі да яго), але ці намнога хапіла тых курэй і катоў, каб жыць ім адным без гаспадыні?
Вось тады і засуміўся Хатнічак.
Шабуршыць там за печчу, шабуршыць, потым выбежыць, па хаце і ўдзень паходзіць. Чаго ж хавацца, нікога няма, ніхто не
ўбачыць: пуста ў хаце, ціха ў ёй да жудасці. Тады ён з хаты выскачыць — ці праз акно зачыненае, ці праз дзверы замкнёныя. Патупае па падворку, а пасля далонню па сваёй белай няголенай шчэці на шчацэ правядзе, кепку сваю насуне аж на самыя вочы, узбярэцца на куст бэзу, што якраз пад акном расце, пагушкаецца, пагушкаецца на галінках, пасля на яблыню, што таксама ля хаты, пераскочыць, а з яе на суседнюю пераляціць. Вісіць, як кажан, галавою ўніз і думае, і ўспамінае.
Мінуўшчыну ўспамінае.
Успамінае, як гаспадары, калі пабудавалі гэтую новую хату, пераманьвалі яго сюды са старой — спадабаўся ім свой Хатнічак, які так памагаў у гаспадарцы. Чаго толькі яны не рабілі — і хлеб яму пакідалі, і малако ставілі, і латушку з куляшом падсоўвалі, і нават самагонкі гаспадар неяк наліў быў у конаўку, з якой, як ім здавалася, п'е Хатнічак.
I ён згадзіўся, перайшоў у новую хату.
Памагаў карове, лячыў каня, з дзяцей выганяў лякі. А колькі яму давялося паваяваць з Лазеннікам, пакуль, нарэшце, не выгнаў ён гэтага нягодніка з лазні. А то, ці бачылі вы яго, сядзіць на палку і то каменне пачне з печкі скідваць, то венік украдзе, то вадою гарачаю апырскае гаспадара ці малых дзяцей. А то ляшча ўліе голай бабе. Прагнаў ён Лазенніка тады не толькі з лазні, але нават і з вёскі прагнаў. Гаспадары яго пасля гэтага ласкава Дабрахотам, Дабражылам, Суседам, а то і Лагоднікам называць пачалі.
А цяпер во і ваяваць няма з кім. I памагаць няма каму. Не толькі ў хаце, але і ва ўсёй вёсцы, ва ўсёй акрузе няма ані чалавека. Каму ён патрэбен?
Чаго ў суме не наробіш! Кажуць, што Хатнічак з адзіноты нават запіў быў — бачылі, колькі на печы, за комінам, шкла панатрушчана — усё з бутэлек ад "Пшанічнай", "Маскоўскай" ды і ад віна нейкага недарагога.
Нап'ецца, а тады звесіцца з яблыні галавою ўніз, мумліць якую травіну ў бяззубым роце, а сам плача-плача горкімі слязамі.
Хадзіў ён хадзіў, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні шырокіх сваіх штаноў, па сядзібе, тупаў, тупаў без справы і сэнсу, паспрабаваў выкаціць з халоднай печы жарыну, а тады плюнуў на ўсё, узяў з прыкомінка карабок запалак, што засталіся пасля гаспадыні, чыркнуў адну і кінуў яе пад занавескі.
Ці паспеў хоць сам выскачыць? Ці, можа, згарэў? Не, Хатнікі, мусіць, не гараць. Яны абарочваюцца ў каго-небудзь іншага — у сабаку, у кошку ці ў змяю.
А можа, ён вунь глядзіць жабаю з-пад вялікага куста іван-чаю, які немаведама як з'явіўся і ярка зацвіў на папялішчы?
Але ўсё гэта, канечне, прыдумкі. Тыя, хто не вераць ні ў нячысцікаў, ні ў вурдалакаў, ні ў хатнікаў, смяюцца з такіх прыхамацяў. А Шэрашавы дзеці, дык тыя нават сцвярджаюць, што падпаліў хату бацька — уцёк з вар'яцкага дому, прыйшоў на сваю сялібу і чыркнуў запалкаю... Непадалёку, на грушыне, яны, кажуць, знайшлі нават яго торбу, дзе было паўкаравая хлеба і ладны, надкушаны кавалак сала.
А іншыя смяюцца і з гэтага. Кажуць, што пажар зрабілі Шэрашавы дзеці: яны самі падпалілі бацькоўскую хату, каб атрымаць за яе страхоўку.
Нездарма ж усе апошнія гады дзед Шэраш, нягледзячы на сваё бяспамяцтва, рэгулярна, акуратна плаціў грошы за страхаванне хаты — ён і ў вар'яцкім доме ніводнага разу не забыўся пра гэта...
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.