25-08-2020, 12:13

«ВЫБАЧАЙЦЕ, КАЛІ ЛАСКА!» АНДРЭЙ МАКАЁНАК - - САЧЫНЕННЕ

Сатырычная камедыя "Выбачайце, калі ласка!" была напісана аўтарам у 1953 годзе. Гэта быў вельмі складаны і цяжкі час для жыхароў вёскі. Многа вяскоўцаў загінула на вайне, а тым, што засталіся, неабходна было падымаць сельскую гаспадарку. Людзі працавалі з раніцы да вечара, а атрымлівалі за гэта часцей толькі працадні. Нягледзячы на гэта, былі ў той час, як, дарэчы, і сёння, такія людзі, што на цяжкасцях іншых рабілі сабе кар'еру, даслужваліся да высокіх чыноў. Праблемы калгаснікаў такіх кіраўнікоў мала хвалявалі, галоўным для іх была асабістая выгада. Андрэй Макаёнак быў знаёмы з некаторымі такімі кіраўнікамі. Іх праца і паводзіны выклікалі ў аўтара абурэнне. Такіх кіраўнікоў-кар'ерыстаў ён і выкрыў у сваёй камедыі "Выбачайце, калі ласка!"

Галоўны персанаж камедыі - Калібераў. Гэты чалавек узначальвае райвыканкам і валодае ўсёй паўнатой улады ў раёне. Ён любіць казыраць словамі: "У маім раёне я за ўсё адказваю". Метад яго працы - пагрозы і грубае запалохванне падначаленых. Калібераў раней працаваў у Мінску, займаў высокую пасаду, але правініўся, і не адзін раз. За гэта яго адправілі ў раён. І ў раёне Калібераву таксама паспелі зрабіць заўвагу за дрэнныя адносіны да працы. Таму яму спешна трэба было падняць сябе ў вачах начальства. Ён дабіваецца гэтага любой цаной: падманам, махлярствам, і пры гэтым выдае сябе за прынцыповага чалавека. Атрымліваецца гэта ў Каліберава так спрытна, што нават Ганна не можа адразу раскусіць яго.

Можа, Калібераў і не быў бы такім шкодным, каб побач з ім не працаваў Моцкін, хітрун і махінатар, які толькі тым і займаецца, што правакуе ўсіх на падман. Зразумела, не ўсякага чалавека можна справакаваць, аднак і сярод сумленных сустракаюцца слабыя па характары людзі, якім цяжка супрацьстаяць Моцкіну. Так трапіўся на вудачку Моцкіна старшыня калгаса Гарошка.

Шкада Гарошку: яму даводзіцца дагаджаць і Калібераву, і яго хітрай і пранырлівай жонцы, і іншым раённым начальнікам. Гарошка спачувае і калгаснікам, яму шкада і насеннага зерня, але супрацьстаяць пагрозам Каліберава ён не можа. Акрамя таго, лёгка трапляецца на вудачку да Моцкіна.

Станоўчым і вельмі прывабным персанажам у камедыі з'яўляецца Ганна Чыхнюк. Гэта радавая калгасніца, маці дваіх дзяцей, прычым гадуе іх адна. Ганна, як ніхто, клапоціцца пра калгас. За калгасныя справы перажывае, як за свае асабістыя. Бачачы несправядлівасць, Ганна не маўчыць, за збожжа, якое самаручна выгадавала, змагаецца да канца. У вобразе гэтай жанчыны А. Макаёнак паказаў сумленную, працавітую, праўдзівую беларускую жанчыну.

Махінацыя Каліберава і Моцкіна была выкрыта. Аднак колькі такіх махінацый заставалася і застаецца нявыяўленымі, колькі кар'ерыстаў спакойна сядзелі і сядзяць на высокіх пасадах, выкарыстоўваючы чужую працу?..
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.