26-09-2016, 23:07

А. Федарэнка. “Багаты кватарант”.

Героем п'есы андрэя Федарэнкі «Багаты кватарант» (1997) становіцца сучасная гарадская сям'я: Васіль Васільевіч — дацэнт ВНУ, Алена Яўгенаўна — яго другая жонка, медсястра, Наташа — іхняя дачка, студэнтка-першакурсніца.
Першая сцэна раскрывае бядотнае існаванне сям'і сённяшняга навукоўцы, якую душыць хранічнае безграшоўе. Не ад добрага жыцця ўсчыняецна сварка, чуюцца крык і дакоры, і, урэшце, мы даведваемся пра тое, як сям'я вырашала паправіць хоць крыху сваё матэрыяльнае становішча — здаць за «баксы» пакой у кватэры. I тут для сям'і надыходзіць выпрабаванне грашыма, далярамі, якія шчодра плоціць багаты кватарант. Плоціць у пяць, а пасля і сотні разоў больш, чым яны меркавалі атрымаць за пакой у кватэры. Аказаўся гэтым грашовым кватарантам студэнт-пяцікурснік інстытута замежных моваў Алесь Ган, якога на кватараванне прыводзіць сябар сям'і мастак-афармінель Рыгор. Рыгор, праўда, адразу падазрона ставіцца да гэтага багатага хлопца: маўляў, адкуль у яго такія вялікія грошы, чаму ён, пакінуўшы інтэрнат, падаўся на кватэру. Плюс да ўсяго становіцца вядомым і тое, што кватарант можа зрабіцца яшчэ больш багатым, бо ў Швецыі жыве ягоны заможны дзядзька, які з жонкаю не мае дзяцей і трэцюю частку сваёй спадчыны адпісаў яму, Алесю Гану. Гэта ўжо ў фінале твора раскрываецца праўда пра студэнта інстытута замежных моваў і становіцца вядомай менавіта пасля размоў Васіля Васільевіча, Алены Яўгенаўны з Алесем, калі тыя шчыра спавядаліся яму пра сваё жыццё-быццё і пасля таго, як іхняя дачка Наташа закахалася ў кватаранта. Хлопец пайшоў на зман, хлусню. I зрабіў гэта дзеля таго, каб убачыць, вывучыць знутры лёс звычайнай сям'і і напісаць пра яе раман. Алесь Ган — малады пісьменнік, які ўжо надрукаваў свой твор нават у Амерыцы, у амерыканскім часопісе, за што атрымаў ганарар у далярах (іх, дарэчы, і заплаціў за кватараванне). Герою п'есы прыходзіцца апраўдвацца. тлумачыць свой прыход у сям'ю наступным чынам: «Я пісаў пра вас, вывучаў! Гэта быў эксперымент — магчыма, жорсткі і брыдкі з майго боку... Але, людзі, я ж заплаціў вам за яго! Няўжо мой грэх такі вялікі? Не грашыма заплаціў, не далярамі, а тым, што я — чалавек з вуліцы — прыйшоў да вас, чужых людзей, якія жылі бедным, шэрым, беспрасветным жыццём, прыйшоў і адкрыў вам прасвет, падараваў вам трыццаць дзён казкі, надзеі, веры! Няўжо гэта не акупляе маёй хлусні? Паглядзіце, як вы за гэты месяц акрыялі, памаладзелі, як змяніліся адносіны паміж вамі! Хай, урэшце, цяпер усё разбіта; але ж у вас быў цэлы месяц зусім іншага жыцця!» Алесь Ган напісаў раман пра незайздросны лёс і гісторыю сваіх герояў таму, каб сцвердзіць, што гэтыя людзі вартыя лепшай долі, заслугоўваюць іншага стаўлення і адносінаў. Ён нібы стаў тым прынцам-чараўніком, які стварыў прыгожую казку, добра адчуў, як змяняецца чалавек і як яму хочацца жыць, калі разгортваюцца перспектывы іншага жыцця. А мы ж, як разважае мастак Рыгор, «людзі часовыя ў гэтым свеце; а ў гэтай краіне, акрамя ўсяго, мы ўсе — бедныя кватаранты...»
Выпрабаванне далярамі не развяло ў розныя бакі Алеся і Наташу, бо сапраўднае каханне не купляецца за грошы, ды і бацькі Наташы жывуць адзіным — з надзеяй убачыць сваю дачку шчаслівай. Сёння ж, аднак, ужо не сакрэт: думкі пра «баксы», мроі пра казачнае багацце, раскошу ачмурылі галовы многіх маладых людзей, і яны забыліся, што такое прыстойнасць, маральнасць, сумленне. Няпростыя пытанні і праблемы ставіць у сваёй п'есе Андрэй Федарэнка, высвечвае негатыўнае, прыкрае ў грамадстве, выклікае нас да роздуму і разваг. Драматург трывожыцца, што мы можам сёння страціць найвялікшыя багацці — духоўную прыгажосць, маральную чысціню, сапраўднае каханне і талент, самога чалавека і яго жывую душу. П'есу «Багаты кватарант» смела можна паставіць поруч з самымі яркімі і таленавітымі творамі сучаснай драматургіі на маральна-філасофскую праблематыку.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.