6-11-2016, 02:38
Стэфан Цвэйг - Нябачная калекцыя
Эпізод з часу інфляцыі ў Германіі
На другім прыпынку пасля Дрэздэна ў наша купэ ўвайшоў пажылы пан, ветліва прывітаўся, потым, уважліва паглядзеўшы на мяне, яшчэ раз асобна кіўнуў мне, як добраму знаёмаму. У першы момант я не пазнаў яго, але ледзь толькі ён з лёгенькаю ўсмешкаю назваў сваё прозвішча, я адразу ж успомніў: гэта быў адзін з самых знакамітых берлінскіх антыквараў, да якога я да вайны нярэдка заходзіў, каб паглядзець або купіць старыя кніжкі і аўтографы. Мы крыху пагаварылі аб рознай драбязе. Раптам зусім нечакана ён усклікнуў:
— Я абавязкова павінен расказаць вам, адкуль я еду. За ўсе трыццаць сем гадоў працы я, стары антыквар, ніколі не сустракаў нічога падобнага. Вы, мусіць, ведаеце самі, што цяпер робіцца ў антыкварным гандлі, з таго часу, як вартасць грошай пачала выпарацца, быццам лёгкі газ: новыя багацеі раптам загарэліся жаданнем набываць гатычных мадонаў і першадрукі, карціны і гравюры старажытных майстроў; задаволіць іх попыт немагчыма, так і глядзі, каб не абабралі цябе да ніткі. Дай ім волю — яны выцягнуць запінкі з манжэтаў і забяруць лямпу з пісьмовага стала. Вось чаму расстарацца новага тавару ўсё цяжэй і цяжэй. Прабачце, што я тут назваў таварам свяшчэнныя для нас з вамі мастацкія скарбы, — але гэтае злое племя да таго давяло нас, што цудоўныя гравюры старых венецыянскіх майстроў пачынаеш разглядаць як эквівалент пэўнай колькасці даляраў, а малюнак Гверчына як увасабленне некалькіх сотняў франкаў. Ад гэтых ахопленых маніяй набыцця людзей няма ніякага ратунку. І вось аднаго разу я бачу, што мая лаўка зноў спустошана; і мне, мабыць, лепш будзе зачыніць на вокнах аканіцы — так мне было сорамна бачыць у старой лаўцы — яе яшчэ мой тата атрымаў у спадчыну ад дзеда — адны ўбогія крыхі хламу, які раней нават старызнік з паўночнай часткі Берліна не паклаў бы на сваю каляску.
У такім нялёгкім становішчы мне неяк прыйшла ў галаву думка прагледзець старыя канторскія кнігі. Я разлічваў знайсці ў іх каго-небудзь з былых пакупнікоў, у якіх, можа, удалося б выманіць пару дублікатаў. Але спісы старых кліентаў звычайна, а асабліва ў наш час, нагадваюць нешта накшталт могілак, і я даведаўся з іх мала чаго: большасць былых пакупнікоў памерла або даўно вымушана была прадаць сваю маёмасць з малатка, а ад тых нямногіх, хто ўцалеў, нельга было разлічваць што-небудзь атрымаць. Раптам я натыкнуўся на цэлы пачак лістоў нашага, бадай што, самага старога кліента — я толькі таму зусім забыўся пра яго, што з 1914 года, з самага пачатку сусветнай вайны, ён ні разу не звярнуўся да нас з заказам або з запытаннем. Перапіска яго з намі пачалася — я не перабольшу — гадоў шэсцьдзесят таму назад; ён купляў яшчэ ў таты і дзеда, але за трыццаць сем гадоў маёй самастойнай працы, наколькі мне помніцца, ніколі не наведваў нашай лаўкі. Усё сведчыла пра тое, што гэта быў вельмі незвычайны, старамодны дзівак, адзін з тых намаляваных пэндзлем Менцаля і Шпіцвега тыпаў, рэдкія экземпляры якіх і цяпер яшчэ можна дзе-нідзе сустрэць у невялічкіх правінцыяльных нямецкіх гарадах. Яго вельмі акуратныя лісты былі напісаны каліграфічным почыркам, сумы падкрэслены па лінейцы чырвоным чарнілам, і, каб пазбегнуць памылкі, лічбы паўтараліся двойчы; да таго ж ён заўсёды скарыстоўваў вывернутыя навыварат канверты і чыстыя аркушы паперы, якія заставаліся ад чужых лістоў. Усё гэта сведчыла аб выключнай дробязнасці і фанатычнай скупасці безнадзейнага правінцыяла. Падпісаны гэтыя своеасаблівыя дакументы былі заўсёды акрамя яго імя яшчэ і поўным тытулам: «Саветнік ляснога і эканамічнага ведамства ў адстаўцы, лейтэнант у адстаўцы, кавалер ордэна Жалезнага крыжа першай ступені». Адсюль можна было зрабіць вывад, што калі ён яшчэ жывы, то яму, як ветэрану вайны 1870 года, цяпер сама меней восемдзесят гадоў. Але гэты смешны дзівак-скнара праяўляў незвычайны розум, выдатнае веданне матэрыі і самы далікатны густ, калі справа тычылася калекцыяніравання старых гравюр. Калі я адзін за адным падлічыў усе яго набыткі амаль за шэсцьдзесят гадоў — а за першыя з іх ён плаціў яшчэ зільбергрошамі, — то ўбачыў, што гэты маленькі правінцыял за час, калі за талер можна было купіць цэлы стос гравюр выдатнейшых нямецкіх майстроў, памалу сабраў сабе калекцыю эстампаў, якая смела заняла б самае пачэснае месца сярод шумных калекцый нашых новых багацеяў. Бо нават тое, што ён паспеў за паўстагоддзя набыць за маркі і пфенігі толькі ў нас, каштавала цяпер вялізныя грошы, але ж можна было чакаць, што ён не прапускаў выпадку набыць сёе-тое і на аўкцыёнах, і ў другіх антыквараў. Праўда, з 1914 года мы не атрымалі ад яго ніводнага заказу, але я вельмі добра знаёмы з тым, што робіцца ў гандлі мастацкімі творамі, каб міма мяне маглі прайсці продаж на аўкцыёне ці поўны распродаж вось такой калекцыі. Значыцца, або гэты дзівак чалавек яшчэ жывы, або калекцыя ў руках яго спадчыннікаў.
Справа гэтая зацікавіла мяне, і адразу ж на другі дзень, гэта значыць учора ўвечары, я, нядоўга думаючы, выбраўся ў адзін з самых нязносных правінцыяльных саксонскіх гарадкоў. Калі я паволі ішоў з маленькай чыгуначнай станцыі па галоўнай вуліцы, мне здавалася проста неверагодным, каб дзесьці тут, сярод гэтых пошла-аднолькавых дамкоў з іх мяшчанскім хламам, у адным з гэтых пакойчыкаў мог жыць чалавек, які валодаў бездакорна поўнаю калекцыяю цудоўнейшых афортаў Рэмбранта, гравюр Дзюрэра і Мантэньі. На маё здзіўленне, на пошце, дзе я спытаўся, ці жыве тут саветнік ляснога і эканамічнага ведамства такі-та, мне адказалі, што стары жыве, і яшчэ раніцаю я, крыху хвалюючыся, калі гаварыць шчыра, падаўся да яго.
Я без цяжкасці знайшоў яго кватэру. Яна была на другім паверсе аднаго з тых немудрашчых правінцыяльных дамоў, якія ў шасцідзесятых гадах наспех ляпілі архітэктары-спекулянты. На першым паверсе жыў кравец, на другім злева блішчала металічная шыльдачка з прозвішчам паштмайстра, а справа — фарфоравая таблічка з прозвішчам саветніка ляснога і эканамічнага ведамства. На мой нясмелы званок адразу ж адчыніла старэнькая сівенькая жанчына ў чыстым чорным каптуры. Я падаў ёй сваю візітоўку і спытаўся, ці можна пабачыцца з панам саветнікам. Здзіўлена, з відавочным недаверам паглядзела яна спачатку на мяне, потым на картку: у гэтым глухім кутку, у гэтым старамодным доме з'яўленне чужога чалавека было, відаць, вялізнаю падзеяю. Тым не менш яна ветліва папрасіла мяне пачакаць і пайшла з карткаю ў пакоі; спачатку я пачуў адтуль яе шэпт, і раптам загучаў магутны грукатлівы мужчынскі голас: «А-а! Пан Р. з Берліна!.. З вялікай антыкварнай фірмы... Вельмі рады... Хай праходзіць». І адразу ж старэнькая зноў дробненька патупала да дзвярэй і запрасіла мяне зайсці.
Я зняў паліто і пайшоў. Пасярэдзіне сціпла абстаўленага пакоя стаяў на ўвесь рост стары, але даволі моцнага складу мужчына з густымі вусамі, у паўваеннага крою хатняй куртцы са шнурамі і радасна працягваў мне абедзве рукі. Але гэтаму шырокаму жэсту самай шчырай гасціннасці супярэчыла нейкая дзіўная здранцвеласць ягонае паставы. Ён не зрабіў ні кроку мне насустрач, і, каб паціснуць яго працягнутую руку, я, крыху збянтэжаны такім прыёмам, вымушаны быў падысці да яго ўсутыч. І вось калі я ўжо збіраўся дакрануцца да яго рукі, я раптам заўважыў, што яна нерухома застыла ў паветры і не шукае мае рукі, а толькі чакае. І тут жа мне ўсё стала ясна: гэты чалавек быў сляпы.
Я з дзяцінства ўвесь час адчуваў сябе няёмка, калі аказваўся адзін на адзін са сляпым; ніколі я не мог пазбавіцца пачуцця сораму і збянтэжанасці пры думцы, што вось перада мною стаіць жывы чалавек, які, аднак, успрымае мяне не так, як я яго. Гэтак і цяпер, калі я глядзеў на скіраваныя ў пустату нежывыя вочы пад сівымі натапыранымі густымі брывамі, я вымушаны быў зрабіць пэўнае намаганне, каб справіцца з раптоўным страхам. Аднак сляпы не даў мне часу доўга аддавацца дзіўнаму пачуццю; ледзь толькі мая рука дакранулася да ягонай, ён моцна патрос яе і аднавіў свае гучныя бурныя прывітанні.
— Вось хто папраўдзе рэдкі госць, — усміхаючыся на ўвесь рот, грукатаў ён, — ці ж гэта не дзіва, што ў наш бярлог завітаў важны берлінскі пан?.. Але калі хто-небудзь з паноў антыквараў выбіраецца ў дарогу, трэба трымаць вуха востра. У нас кажуць: «Прыйшлі цыганы — дзверы на замок...» Так, так, я здагадваюся, што вас прывяло сюды... У нашай беднай спустошанай Германіі справы цяпер дрэнь і зусім няма пакупнікоў, і вось паны антыквары ўспомнілі пра сваіх старых кліентаў і адправіліся шукаць аблудных авечак. Баюся толькі, што ў мяне вам не пашанцуе; мы, бедныя старыя пенсіянеры, радыя ўжо і кавалку хлеба на стале. Сённяшнія вашыя шалёныя цэны болей нам не па кішэні... Не, наша песенька спета.
Я паспяшаўся запэўніць старога, што ён няправільна зразумеў мяне, што я прыехаў зусім не дзеля таго, каб штосьці прадаць яму, а проста я быў тут паблізу і скарыстаў зручны выпадак, каб засведчыць сваю пашану шматгадоваму кліенту нашай фірмы і аднаму з буйнейшых нямецкіх калекцыянераў. Ледзь я прамовіў словы «аднаму з буйнейшых нямецкіх калекцыянераў», твар старога цудоўна змяніўся. Ён усё гэтак жа нерухома стаяў выпрастаны пасярод пакоя, але ўвесь быў нейкі прасветлены, і на твары адлюстроўвалася вялікая гордасць; ён павярнуўся ў той бок, дзе, як ён думаў, стаяла жонка, быццам хацеў сказаць ёй: «Вось бачыш!» — і мякка, амаль з ласкаю, голасам, у якім не засталося і следу ад грубаватасці старога ваякі, а чуваць была толькі шчырая радасць, звярнуўся да мяне:
— Далібог, вы вельмі, вельмі міла зрабілі... Але вы не пашкадуеце, што зайшлі да мяне. Вы ўбачыце тое, чаго вам не выдараецца бачыць кожны дзень нават у вашым ганарлівым Берліне... пару рэчаў, цудоўней якіх няма ні ў музеі «Альберціна», ні ў гэтым богам праклятым Парыжы... Так, калі цэлых шэсцьдзесят гадоў займаешся калекцыяніраваннем, то абавязкова знойдзеш такое, што не валяецца на вуліцы. Луіза, дай мне ключ ад шафы!
Але тут здарылася нешта нечаканае: старэнькая, якая дагэтуль моўчкі стаяла каля мужа і з дружалюбнаю ўсмешкаю прыслухоўвалася да нашай размовы, раптам умольна працягнула да мяне абедзве рукі і адмоўна заматала галавою; спачатку я не зразумеў, што значылі гэтыя знакі. Потым толькі яна падышла да мужа і, дакрануўшыся да яго плячэй рукамі, сказала:
— Герварт, ты нават не спытаўся ў госця, ці ёсць у яго цяпер час глядзець тваю калекцыю. Ужо ж скора поўдзень. А пасля абеду табе трэба з гадзіну адпачыць, доктар настойвае на гэтым. Можа, лепей ты пакажаш свае гравюры пасля абеду? А потым мы разам вып'ем кавы. Дый Анна-Мары вернецца, а яна ўсё разумее куды лепей за мяне і дапаможа табе.
І зноў, ледзь толькі яна скончыла гаварыць, цераз галаву старога яна паўтарыла свой настойліва ўмольны жэст. Цяпер я зразумеў: старая хацела, каб я ўхіліўся ад неадкладнага агляду, і я тут жа прыдумаў адгаворку, сказаў, што я вельмі ўсцешаны і буду рады паглядзець яго калекцыю, але мяне чакаюць на абед, і я наўрад ці вызвалюся да трох гадзін.
Стары сярдзіта адвярнуўся, як пакрыўджанае дзіця, у якога забралі самую любімую цацку.
— Канечне, — прабурчаў ён, — панам-берлінцам заўсёды няма калі. Але на гэты раз вам прыйдзецца набрацца цярпення, бо гаворка ідзе не пра якія-небудзь тры-пяць гравюр, а пра дваццаць сем папак, і ўсе яны паўнюткія. Добра, хай будзе ў тры гадзіны; ды глядзіце не спазніцеся, бо іначай мы не справімся.
І зноў яго рука выцягнулася ў пустату насустрач маёй.
— Вось пабачыце, — сказаў ён, — вам будзе з чаго радавацца, а можа, нават і на што злавацца. І чым болей вы будзеце злавацца, тым болей буду рады я. Нічога не зробіш, такія ўжо мы, калекцыянеры: усё сабе і нічога другім! — І ён яшчэ раз моцна патрос маю руку.
Старая праводзіла мяне да дзвярэй. Я ўвесь час адчуваў, што ёй не па сабе; на твары ў яе былі страх і нейкая збянтэжанасць. І вось ужо каля самых дзвярэй яна прыгнечана і ледзь чутна пралепятала:
— Можа... можа, вы дазволіце, каб па вас зайшла мая дачка Анна-Мары? Гэта было б лепей, тут ёсць свае прычыны... Вы абедаеце, мусіць, у гатэлі?
— Канечне, я буду рады, з прыемнасцю, — адказаў я.
І, сапраўды, праз гадзіну, ледзь толькі я кончыў абедаць, у маленькую рэстарацыю гатэля на Рыначнай плошчы зайшла, азіраючыся навокал, немаладая, проста апранутая дзяўчына. Я падышоў да яе, прадставіўся і сказаў, што гатовы ісці глядзець калекцыю. Але яна раптам пачырванела і збянтэжылася, як і яе маці, а потым папрасіла мяне спачатку выслухаць яе. Я адразу заўважыў, што ёй цяжка пачаць гаварыць. Кожны раз, калі, спрабуючы пераадолець збянтэжанасць, яна рабіла спробу загаварыць, чырвань яшчэ мацней разлівалася ў яе на твары, аж да самых валасоў, а пальцы нервова перабіралі сукенку. Нарэшце яна ўсё-такі загаварыла, запінаючыся на кожным слове і ўсё болей бянтэжачыся:
— Мяне паслала да вас мама... Яна мне ўсё расказала, і мы... у нас да вас вялікая просьба... Мы хочам расказаць вам усю праўду, перш чым вы пойдзеце да таты. Тата, канечне, захоча паказаць вам сваю калекцыю, а яна... калекцыя... ужо не зусім поўная. Некаторых гравюр ужо няма... на жаль, нават вельмі многіх...
Дзяўчына перавяла дыханне, і раптам зірнуўшы мне ў вочы, выпаліла:
— Я буду гаварыць з вамі зусім адкрыта... Вы ведаеце, які цяпер час, вы ўсё зразумееце... Калі пачалася вайна, тата аслеп. У яго і раней не раз бывала дрэнна з вачамі, а ад хвалявання ён зусім страціў зрок. Бачыце, ён захацеў, нягледзячы на свае семдзесят шэсць гадоў, абавязкова ўдзельнічаць у вайне супраць Францыі, а потым, калі армія пачала рухацца наперад не так хутка, як у 1870 годзе, ён проста з сябе выходзіў, і зрок у яго катастрафічна слабеў, пакуль ён не аслеп. Але так ён яшчэ зусім бадзёры і нядаўна яшчэ мог цэлымі гадзінамі гуляць і нават хадзіў на сваё любімае паляванне. Цяпер з прагулкамі раз і назаўсёды кончана, і калекцыя — адзіная яго радасць. Ён штодня праглядае яе... гэта значыць ён яе не бачыць, канечне — ён ужо нічога не бачыць, — але кожны дзень пасля абеду дастае ўсе папкі і адзін за другім абмацвае эстампы ў адным і тым жа нязменным парадку, які ён ведае дзесяцігоддзямі на памяць... Нічога болей яго цяпер не цікавіць, я павінна яму чытаць услых пра ўсе аўкцыёны, і чым вышэй цэны, тым болей ён рады... бо... і гэта, бачыце, самае жахлівае... тата не разумее зусім, які цяпер час і якія цяпер цэны... ён не ведае, што мы страцілі ўсё і што на яго пенсію можна пражыць не болей двух дзён у месяц... а тут яшчэ на фронце загінуў муж мае сястры, і яна засталася з чатырма малымі дзецьмі... Але тата нічога не ведае аб нашых матэрыяльных цяжкасцях. Спачатку мы эканомілі на ўсім, эканомілі яшчэ болей, чым раней, але нічога не памагала. Потым пачалі прадаваць рэчы — яго калекцыю мы, зразумела, не чапалі... Прадавалі свае каштоўнасці; але, божухна, колькі іх там было — бо цэлых шэсцьдзесят гадоў тата кожны зберажоны пфеніг выдаткоўваў толькі на гравюры. І вось настаў дзень, калі прадаваць болей не было чаго... Мы проста не ведалі, што нам рабіць далей... І тады... мы з мамаю вырашылі прадаць адну гравюру. Тата ніколі б не дазволіў гэтага, ён жа не ведае, як цяжка жыць, ён і не здагадваецца, як цяпер цяжка дастаць з-пад крыса хоць крыху прадуктаў, ён не ведае і таго, што мы прайгралі вайну і аддалі Эльзас і Латарынгію; мы болей не чытаем яму ў газетах пра гэта, каб ён не хваляваўся.
Мы прадалі вельмі каштоўную рэч — адну гравюру Рэмбранта. Гандляр даў нам за яе шмат, вельмі шмат тысяч марак; мы думалі, што гэтых грошай нам хопіць на некалькі гадоў. Але вы ведаеце, як растаюць сёння грошы... Грошы мы занеслі ў банк, але праз два месяцы ад іх нічога не засталося. Прыйшлося прадаць яшчэ адну гравюру, а потым яшчэ адну; і кожны раз гандляр пасылаў нам грошы толькі тады, калі яны трацілі сваю вартасць. Тады мы паспрабавалі прадаць іх на аўкцыёне, але і тут, нягледзячы на мільённыя цэны, нас ухітраліся ашукваць... Пакуль гэтыя мільёны даходзілі да нас, яны ператвараліся ў нічога не вартыя паперкі. Так адна за адною зніклі лепшыя гравюры з яго калекцыі, засталося ўсяго некалькі штук — і ўсё дзеля таго, каб не памерці з голаду. А тата і не здагадваецца.
Таму мама і спалохалася так, калі вы сёння зайшлі да нас... бо каб тата паказаў вам свае папкі, усё адразу выявілася б... У старыя паспарты — ён іх усе пазнае навобмацак — мы паклалі замест прададзеных гравюр копіі ці падобныя на іх па форме аркушы паперы, і таму тата, дакранаючыся да іх, ні аб чым не здагадваецца. І калі ён іх толькі абмацвае і пералічвае (а ён добра запомніў іх паслядоўнасць), то гэта прыносіць яму такую радасць, як і раней, калі ён бачыў іх відушчымі вачамі. Да таго ж у нашым маленькім гарадку няма ніводнага чалавека, якога б тата лічыў вартым бачыць ягоныя скарбы... І ён так фанатычна любіць кожную гравюру, што ў яго, мусіць, сэрца разарвалася б ад гора, даведайся ён, што ўсе яны даўным-даўно сплылі з яго рук. З таго часу як памёр загадчык аддзела гравюр на медзі Дрэздэнскай галерэі, вы — першы, каму ён пажадаў паказаць сваю калекцыю. І я прашу вас...
Яна раптам працягнула да мяне рукі, і вочы яе напоўніліся слязамі.
— Мы просім вас... не рабіце яго няшчасным... не рабіце нас няшчаснымі... не разбурыце апошнюю ілюзію, памажыце нам зберагчы яго веру, што ўсе гравюры, якія ён вам будзе апісваць, ёсць яшчэ ў наяўнасці... адно падазрэнне, што іх болей няма, адправіла б яго на той свет. Можа, мы несправядліва абышліся з ім, але мы не маглі паводзіць сябе іначай. Трэба ж было неяк жыць... а ці ж чалавечае жыццё, ці ж чатыры сястрыны сіроты не даражэй, чым гэтыя гравюры?.. Да таго ж дагэтуль мы нічым не азмрочылі яго радасці; ён шчаслівы, што кожны дзень пасля абеду можа цэлых тры гадзіны перагортваць свае папкі, размаўляючы з кожнаю гравюраю, як з чалавекам. А сёння... сённяшні дзень мог бы стаць найшчаслівейшым днём у яго жыцці, бо ён ужо столькі гадоў чакае выпадку паказаць свае скарбы чалавеку, які можа ацаніць іх; прашу... малю вас, не пазбаўляйце яго гэтай радасці!
Я проста не магу перадаць вам, з якою праніклівасцю гэта было сказана. Божухна, колькі ўжо разоў даводзілася мне, антыквару, сустракацца з самым бессаромным падманам, калі, подла карыстаючыся інфляцыяй, у няшчасных літаральна за кавалак хлеба забіралі фамільныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў сям'і стагоддзі, але тут лёс зладзіў вельмі ўжо незвычайную штуку, і ўсё гэта моцна ўзрушыла мяне. Канечне, я паабяцаў маўчаць і зрабіць усё, што можна, каб выканаць іх просьбу.
Далей мы пайшлі разам; па дарозе я з горыччу слухаў яе расказ, з дапамогаю якіх хітрыкаў абдурвалі бедных прастадушных жанчын, і гэта яшчэ болей умацавала мяне ў намеры дапамагчы ім як мага. Мы падняліся па лесвіцы і ледзь толькі ўзяліся за ручку дзвярэй, як з пакоя пачуўся радасны грукатлівы голас старога: «Заходзьце, заходзьце?» Мабыць, з уласціваю сляпым вастрынёю слыху ён улавіў гук нашых крокаў, калі мы яшчэ толькі падымаліся па лесвіцы.
— Герварт нават не мог сёння задрамаць, гэтак яму карціць паказаць вам свае скарбы, — з усмешкаю сказала старэнькая. Аднаго толькі даччынога позірку было даволі, каб супакоіць яе наконт маіх паводзін. На стале ўжо ляжалі стосы папак. Ледзь адчуўшы дотык мае рукі, сляпы без лішніх цырымоній узяў мяне за локаць і пасадзіў у крэсла.
— Вось так, пачнём без прадмоў — прагледзець нам трэба шмат чаго, а ў паноў-берлінцаў заўсёды няма часу. У гэтай першай папцы ў мяне Дзюрэр, даволі поўны, як вы зараз пераканаецеся, і адна гравюра лепшая за другую. Між іншым, вы гэта самі зможаце ацаніць, паглядзіце сюды! — І ён разгарнуў першую папку. — Вось яго «Вялікі конь».
Асцярожна, ласкава, кончыкамі пальцаў, як звычайна бяруць вельмі крохкія рэчы, ён дастаў з папкі паспарту, у якое быў устаўлены чысты пажаўцелы аркуш паперы, і трымаў гэтую нічога не вартую рэч з захапленнем у выцягнутай руцэ. З хвіліну ён глядзеў на яе, канечне, нічога не бачачы; але ў нейкім экстазе ён трымаў чысты аркуш у выцягнутай руцэ на ўзроўні вачэй. Як па ўзмаху чараўнічай палачкі, яго напружаны твар раптам прыняў выгляд чалавека, які бачыць. А яго вочы, толькі што зусім нежывыя з нерухомымі зрэнкамі, раптам прасвятлелі, у іх прамільгнула думка. Быў гэта проста водбліск паперы ці бляск ішоў знутры?
— Ну як, — горда папытаўся ён, — вы калі-небудзь бачылі больш цудоўны адбітак? Глядзіце, як тонка і выразна вылучаецца кожны штрых. Я параўнаў свой экземпляр з дрэздэнскім, і той здаўся мне нейкім расплывістым, цьмяным. І якая радаслоўная! Вось! — Ён перавярнуў аркуш і пазногцем так упэўнена пачаў вадзіць па чыстай паперы, адзначаючы месцы, дзе павінны былі быць паметкі былых уладальнікаў, што я міжволі зірнуў, ці няма іх там на самай справе. — Гэта пячатка калекцыянера Нагдера, а тут Рэмі і Эсдайля; ці ж маглі мае славутыя папярэднікі думаць, што іх скарб калі-небудзь трапіць сюды, у гэты пакойчык!
Мароз прабягаў у мяне па скуры, калі стары, які нічога не ведаў аб сваёй страце, захапляўся зусім чыстым аркушам паперы, і жудасна было глядзець, як ён з абсалютнай дакладнасцю вадзіў на нябачаных, існуючых толькі ў яго ўяўленні паметках былых уладальнікаў гравюр. Ад жаху ў мяне сціснула ў горле, і я не мог ні слова прамовіць яму ў адказ; але, паглядзеўшы разгублена на абедзвюх жанчын, я ўбачыў баязліва працягнутыя да мяне рукі старэнькай жанчыны, якая дрыжала ад страху. Тут я сабраўся з сілаю і зноў пачаў іграць сваю ролю.
— Цудоўна, — нарэшце прамармытаў я. — Выдатны адбітак.
І зноў твар старога заззяў ад гордасці.
— Гэта яшчэ што, — узрадаваўся ён. — А вы б паглядзелі на яго «Меланхолію» або на «Пакуту» ў фарбах — другога такога экземпляра няма на свеце. Ды вы паглядзіце толькі, — і зноў яго пальцы з любасцю забегалі па ўяўным відарысе, — які мяккі сакавіты тон, якая свежасць! Увесь Берлін з усімі сваімі панамі антыкварамі і мастацтвазнаўцамі перавярнуўся б дагары нагамі, пабачыўшы яе!
Бурныя трыумфальныя патокі слоў ліліся цэлыя дзве гадзіны. Не, я не змагу перадаць вам той папраўдзе містычны жах, які валодаў мною, калі я праглядаў разам з ім сотню ці дзве чыстых паперак і ўбогіх рэпрадукцый. Нябачная, даўным-даўно раскіданая на ўсе чатыры бакі калекцыя працягвала з такою дзіўнаю рэальнасцю жыць ва ўяўленні старога, што ён беспамылкова, у строгай паслядоўнасці і дэтальна апісваў адну за другою гравюры; для гэтага сляпога, падманутага і вартага жалю ў сваім няведанні чалавека яна аставалася нязменнаю, і страсная сіла яго бачання была настолькі вялікая, што нават я пачаў міжволі паддавацца гэтай ілюзіі. Адзін толькі раз жахлівая небяспека прабуджэння парушыла самнамбулічную ўпэўненасць яго натхнёнага бачання. Калі ён расхвальваў рэльефнасць адбітку рэмбрантаўскай «Антыёпы» (а пробны адбітак сапраўды быў бясцэнны) і з любасцю вадзіў сваім нервова-празорлівым пальцам па ўяўных лініях, ён не знайшоў на гладкім чужым аркушы паперы добра вядомых яму паглыбленняў. Твар старога раптам азмрочыўся, голас зрабіўся няўпэўнены.
— Ці ж... «Антыёпа» гэта? — прамармытаў ён збянтэжана.
Я адразу ж умяшаўся, выхапіў у яго з рук паспарту з чыстым аркушам і пачаў з запалам і як мага падрабязней апісваць і мне добра вядомую гравюру. Рысы твару сляпога зноў разгладзіліся. Чым болей я хваліў гравюру, тым болей твар старога грубаватага чалавека расцвітаў шчыраю прастадушнаю радасцю.
— Нарэшце знайшоўся чалавек, які нешта разумее, — не мог нарадавацца ён, з пераможным выглядам павярнуўшыся ў бок жанчын. — Нарэшце, нарэшце вы можаце пераканацца, як многа каштуюць мае гравюры. Вы мне не верылі, увесь час бурчалі, што я ўбухаў на сваю калекцыю ўсе грошы. Гэта праўда, што я шэсцьдзесят гадоў не ведаў ні піва, ні віна, ні тытуню, ні тэатра, ні кніжак, а толькі ўсё збіраў і збіраў грошы, каб набыць гэтыя гравюры. Але пачакайце, вы яшчэ разбагацееце, калі мяне не будзе сярод жывых, — тады вы будзеце багатыя, багацей за ўсіх у горадзе, такія багатыя, як самыя вялікія багацеі ў Дрэздэне, і тады вы будзеце радыя, што я калісьці быў вось такі дзівак. Але пакуль я жывы, ніводная гравюра не пакіне гэты дом — перш хай вынесуць мяне, а ўжо потым маю калекцыю.
І ён ласкава, быццам жывую істоту, пагладзіў апарожненыя даўно папкі. Мне было жудасна, але разам з тым і ўцешна, бо за ўсе гады вайны я ні разу не бачыў на твары немца выразу такога поўнага, такога чыстага шчасця. Побач з ім стаялі жонка і дачка, і было таямнічае падабенства паміж імі і фігурамі жанчын на гравюры выдатнага нямецкага майстра, якія, прыйшоўшы да труны збавіцеля і ўбачыўшы, што камень адсунуты ўбок і магіла пустая, у радасным экстазе, з выразам набожнага жаху на тварах застылі каля ўвахода, уражаныя гэтым цудам. І як там, на гравюры, паслядоўніцы Хрыста ўсміхаюцца праз слёзы, прадчуваючы з'яўленне збавіцеля, вось так і гэтая няшчасная, раздаўленая жыццём старая і яе састарэлая дачка ўсміхаліся, асветленыя чыстаю дзіцячаю радасцю сляпога старога, — гэта была ашаламляльная карціна, якой мне не даводзілася бачыць ніколі ў жыцці. Але стары ніяк не мог здаволіцца, слухаючы маю пахвалу, зноў і зноў ён раскрываў і закрываў папкі, прагна лавіў кожнае маё слова; і таму я з палёгкаю ўздыхнуў, калі нарэшце яму прыйшлося адсунуць са стала лжэкалекцыю і супраць волі ачысціць месца пад каву. Але які нікчэмны быў мой вінаваты ўздых у параўнанні з бязмежнаю радасцю і задорам гэтага нібы на трыццаць гадоў памаладзелага старога! Ён быццам захмялеў і асмялеў ад віна: расказваў мноства анекдотаў пра свае набыткі і ўдалыя знаходкі, штохвіліны ўскокваў з месца, каб вобмацкам, адмаўляючыся ад дапамогі, дабрацца да сваіх папак і дастаць адтуль яшчэ раз якую-небудзь гравюру. А калі я нарэшце сказаў, што мне пара развітвацца, ён проста-такі спалохаўся і надзьмуўся: тупнуўшы, як упартае дзіця, нагою, ён заявіў, што гэта нікуды не гадзіцца, што я не прагледзеў яшчэ і паловы ўсіх гравюр. Жанчынам прыйшлося вельмі пастарацца, каб пераканаць яго не затрымліваць мяне болей, бо інакш, казалі яны, я спазнюся на цягнік.
Але калі пасля роспачнага супраціўлення ўпарты стары вымушаны быў нарэшце згадзіцца і настала хвіліна развітання, ён зусім расчуліўся. Узяўшы мяне за рукі, ён ласкава, з усім красамоўствам, на якое здольныя пальцы старога, правёў імі да самага запясця, як бы спрабуючы такім чынам даведацца пра мяне болей і выказаць сваю любоў мацней, чым гэта маглі б зрабіць усе яго словы.
— Вы прынеслі мне вялікую радасць, — сказаў ён з моцным, глыбінна-душэўным хваляваннем, якое я ніколі не забуду. — Бо для мяне гэта сапраўднае шчасце, што нарэшце пасля такога доўгага чакання я зноў змог прагледзець са знаўцам дарагія мне гравюры. Але ведайце, што вы недарэмна наведвалі сляпога старога. Абяцаю вам, жонка хай будзе сведка, што я дадам да свайго завяшчання яшчэ адзін пункт, згодна з якім права на распродаж маёй калекцыі будзе належаць вашай шаноўнай фірме. На вашу долю выпадзе гонар быць хавальнікам гэтага нікому не вядомага скарбу, — стары з любасцю пагладзіў свае апарожненыя папкі, — да таго часу, пакуль ён не разыдзецца па ўсім свеце. Абяцайце мне толькі скласці для гэтай калекцыі добры каталог: хай ён будзе маім магільным помнікам — лепшага мне не трэба.
Я паглядзеў на жонку і на дачку, яны стаялі цесна адна ля аднае, і часам па іх целе прабягалі нервовыя дрыжыкі, быццам абедзве былі адзінаю, непадзельнаю істотаю, узрушанаю аднымі і тымі ж пачуццямі. Дый у мяне самога было неяк незвычайна ўрачыста на душы, калі гэты мілы ў сваім няведанні чалавек уручыў маёй апецы як вялізную каштоўнасць сваю нябачную і даўным-даўно ўжо не існуючую калекцыю. Я ўсхвалявана абяцаў яму тое, чаго выканаць ніяк не мог, і зноў у нежывых яго зрэнках бліснула жыццё, і я адчуў, як страсна жадае ён увачавідкі ўбачыць маё аблічча: адчуваў гэта па ласкавым, амаль што любоўным поціску пальцаў, калі рука яго сціснула маю ў знак развітання і ўдзячнасці.
Абедзве жанчыны праводзілі мяне да дзвярэй. Асцерагаючыся тонкага слыху сляпога, яны не адважыліся сказаць што-небудзь, але затое якою гарачаю ўдзячнасцю ззялі іх поўныя слёз вочы! Як у сне, трымаючыся за парэнчы, спусціўся я ўніз па лесвіцы. Шчыра кажучы, мне было сорамна: я аказаўся раптам як бы анёлам з казкі і, увайшоўшы ва ўбогае бядняцкае жыллё, вярнуў на гадзіну зрок сляпому, вярнуў толькі тым, што, памагаючы выратавальнаму падману, увесь час бессаромна маніў сам, у той час як я, нікчэмны гандляр, на самай справе прыйшоў у гэты дом, каб выманіць у старога некалькі каштоўных гравюр. Але я нёс з сабою нешта значна больш каштоўнае: у наш неспакойны бязрадасны час ува мне зноў прабліснула жывая іскра чыстага натхнення, таго светлага духоўнага экстазу навекі адданай мастацтву душы, да якога мае сучаснікі даўно ўжо страцілі здольнасць. Я адчуў глыбокую пашану — інакш нельга назваць гэтае пачуццё, — і ў той жа час мне было чагосьці сорамна, а чаго менавіта, я не ведаў і сам.
Калі я быў ужо на вуліцы, наверсе рыпнула акно і нехта паклікаў мяне. Гэта быў стары, сваімі невідушчымі вачамі ён глядзеў туды, дзе, як яму здавалася, павінен быў быць я. Ён высунуўся з акна, і жанчынам прыйшлося беражліва падтрымліваць яго з абодвух бакоў, памахаў мне насоўкаю і бадзёрым, па-юнацку звонкім голасам крыкнуў: «Шчаслівай дарогі!» Ніколі не забуду я гэтай карціны: там, высока ў акне, радасны твар сівага старога, які быццам лунаў над панурымі, заклапочанымі, вечна мітуслівымі людзьмі на вуліцы, твар чалавека, які ўзнёсся на светлым воблачку сваёй цудоўнай мары над нашаю сумнаю рэчаіснасцю. І мне прыйшло ў галаву мудрае старое выслоўе — здаецца, гэта сказаў Гётэ: «Збіральнікі — самыя шчаслівыя людзі».

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.