"Пад замак слуцкі" збіраецца народ. Там "над мужыком і шляхтай суд па людску" правіць ваявода. Праз гурт людзей, не слухаючы варты, праціскаецца старац:
...Іскрацца дзіка вочы... Павісла белае валоссе клоччам, Касцісты твар, пагорбленыя плечы...
Аддыхаўшыся, сабраўшы сілы, пачынае споведзь, выносіць на суд свой страшны лёс. Трыццаць год, як ён хаваецца ў лесе.
Лоўчы загадаў Хадыку асачыць мядзведзя, бо на паляванне меўся прыехаць сам гетман. Хадыка тры дні прагуляў у карчме, спадзеючыся, што ўсё паспее зрабіць да прыезду паноў у апошні дзень. Паляванне не адбылося, гетман "словам адборным злаяў лоўчага". Той, калі з'ехалі паны, "спагнаў злосць у ахвоту" на асочніку:
Падхапілі мяне, прывязалі да дрэва, лупцавалі гарапнікам з тоўстага дроту, Падплываў я крывёю ад панскага гневу. Марна бацька.да ног прыпадае з адчаем, плача жонка...
У парыве гневу Хадыка забіў лоўчага і ўцёк у пушчу. Цэлую ноч блукаў па лесе, згадваючы мёртвага пана і яго маладую жонку, уласную сям'ю. Ад людзей ён схаваўся, ад сумлення схавацца немагчыма.
Усю зіму змагаўся з холадам, голадам, сумленнем і д'яблам, які спакушаў выйсці на дарогу і разбоем здабыць ежу, апратку.
Рэдка паварочвалася да Хадыкі паляўнічае шчасце вясной. А к лету ён зусім "падупаў душой, галадоўля ды скруха, тапара не трымаюць аслабшыя рукі". З'явіліся думкі пра самагубства. Шукаючы патрэбную галіну, убачыў пчаліны рой. Вырашыў спачатку зрабіць пчолам дамоўку. Праца адвяла думкі пра смерць.
Хадыка навучыўся "ашукваць і птушку і звера". Наставіў у пушчы шмат пчаліных борцяў, бо "што чалавек варты без працы".
Ішлі гады, "пашчарбіўся тапор, і сярмяга сатлела". Прыйшла старасць, з ёй нядужасць. Хадыка вырашыў ісці да людзей ужо не баючыся зняволення і суда. Ды ўсе, каго ён сустракаў па дарозе і ў вёсцы, "з жахлівым крыкам уцякалі". Толькі адзін чалавек запрасіў на ноч, накарміў гарачай стравай, падараваў старую апранаху, а выслухаўшы Хадыку, падказаў, што "ў места князь прыехаў, судзіць за ўчынкі..."
Хадыка просіць князя прызначыць яму суровае пакаранне, а за гэта абяцае аддаць сваю пчаліную гаспадарку.
Князя вельмі ўразіў аповед старога. Ён перанёс суд на заўтрашні дзень. Хадыка да яго не дажыў, памёр у кляштары.