17-01-2016, 18:20
Драма Васіля Дзятла (па "Палескай хроніцы" Iвана Мележа)
Драма Васіля Дзятла (па "Палескай хроніцы" Iвана Мележа)
Васіль Дзяцел — цэнтральны герой "Палескай хронікі" I. Мележа. Знаёмства з ім адбываецца ўжо на першых старонках рамана "Людзі на балоце". Ён жыве ў беднай сям'і з маці, старым дзедам і малодшым братам Валодзькам (бацька загінуў на імперыялістычнай вайне). Таму на худыя плечы хлапчука (адзінага работніка ў сям'і) кладуцца клопаты па гаспадарцы. У партрэтнай замалёўцы Васіля падкрэсліваецца яго панурасць, засцярожанасць, супярэчлівасць характару. Нават вочы яго былі рознымі: адно, "як вада, светлае, а другое, як жалудок". З дзяцінства ў характары Васіля выспяваюць рысы сапраўднага гаспадара, які не толькі не баіцца цяжкай працы, але і знаходзіць у ёй сапраўднае задавальненне і асалоду. У працы, якая з'яўлялася маральна-філасофскай асновай вобраза Васіля, раскрываецца прыгажосць душы, характару героя.