10-02-2017, 14:14

Лукаш Калюга - Трахім з Пагулянкі

Трахім толькі дзеля прыклёпу, бывае, што пытае, зайшоўшы ў хату:
– А дзе ж вашы болей? Дзе ж мужчыны?
Яму ўсё роўна, хто б там ні быў у хаце: мужчыны ці жанкі. Абы было з кім забавіцца. Не хоча слухаць Трахім жаночага адказу. Прыслухаўся ўжо ён. Аднакія словы – як бы заўчылі ў кожнай хаце:
– Хто іх ведае! Недзе сышлі з дому.
Трахім дастане з-за пазухі капшук з тытуном. Начэрпае карашкоў паўнюсеньку люльку ды, нікому нічога не кажучы, пойдзе к ямцы прыкурыць. Там лучынкаю, ці так трэскаю якою, разгорне жар, набок адкоціць адзін, каторы спрытнейшы, вугольчык. Голымі рукамі возьме яго і паложыць у люльку. Пэхкае і маўчыць. Калі ж у каторай гаспадыні жар у ямку не выграбены, тады Трахім хваліць даўнейшы свет. Такая то-бо тады выгада была: ніколі свой агонь дома не зводзіўся, і на запалкі не трэ было траціцца. Выпаліць сабе гаспадыня печ. Выгарне жар у ямку. Зверху яго попелам засыпле, каб не разгарваўся. Так ён і тлее памаленьку, пакуль назаўтрае не раздзьмухае, лучынак не запаліць, каб дровы імі падпаліць. Толькі й помніць Трахім, што даўней у іх хаце ўсяго адзін раз з гасцей ўначы прыехалі ды заспалі траха не да паўдня – усяго тады й давялося бегчы са збаночкам к суседзям жару пазычыць.
Запалкі Трахім нашчэнт зганіў.
– Прыцісні, – кажа, – яе добра каторую, дык і паляціць на дзве палавінкі. Церплівосці трэба, пакуль ёю што падпаліш. От вугольчык! Ад таго ўраз полам’ем хваціць. Хоць пападзьмухаеш, калі не спрыцен, але ж потым затое цацкацца не трэба.
Гэта ў некага ломяцца запалкі, а не ў Трахіма. Яму дадуць карабок, дык спаважне дастане, шмаргане, ціханька прыкурыць. Ён заўважыў, адкуль бралі – цяпер сам на сваё месца паложыць карабок.
А тое Трахімава пытанне было толькі прычапка, каб гаворку пачаць, у хату зайшоўшы.
Няма чаго яму дома рабіць. Ужо ўсеяўся. Картоплю пакапаў. Зазябліў на зіму свой нешырокі шнурок. З малацьбою ён не надта хоча другіх людзеп выперадзіць. Абабіў цэпам капы са тры сяго-таго, каб на месяц стала на свой абыходак. А болей куды там спяшацца? Не ўцячэ работа. Пакуль тая вясна прыйдзе ды старану трэ будзе спаражніць. Прачакаешся шчэ. Толькі й клопату ў старога каб дзе забавіцца.
Надоечы з раніцы лёг зазімак. Змяшаўся з гразёю. Яе крыху пабяліў і сам укуцаўся. Пад вечар шчэ больш падкінула снегу. Сцежка стала цяпер белая, мяккая. Не нацякае вады ў Трахімавы лапці. (У яго ёсць боты толькі на кірмаш хадзіць.) I ад гразі цяпер – асвяціся.
Узыдзе сабе Трахім к каму на ганак. Стукне аднэю ды другою нагою разы два – і ад снегу мала чаго знаку астаецца. Выгада! Усё не так людзі крывяцца, як у хату зойдзе.
З канца ў канец ходзіць ён па хатах, як саб’ецца з пільнай работы. Ад адных што пачуе. У другой хаце сам раскажа навіны. Як доўга ні гаворыць, але другі раз таго самага ад яго не пачуеш у адзін дзень.
Уночы праспіцца, шмат чаго забудзецца. Назаўтра зноў гатоў з таго самага канца сваю мову пачаць. Слухаеш і не здагадаешся, што ўчарашняя навіна магла гэтакаю быць. Што праўда, а што даложана, і не падумаецца шукаць. У Трахіма ўсякае здарэнне штораз блутаецца, больш хітрым робіцца, харашэе. Яго паслухаць – лепш як самому на тое дзіва паглядзець.
Валачашчай натуры гэты чалавек. Некалі шаўцом быў. Па людзях з калейкі хадзіў. А цяперашняму свету нешта не ўпадабаўся. Кажуць – ніякай хормы ў яго боце няма: на цэгліну роблены. Выйдзі ў людзі ў такім абутку, дык засмяюць, усе будуць на твае ногі ўглядацца. А што мацунак умеў Трахім даць сваёй рабоце, дык за гэта й цяпер яго старыя хваляць і маладыя не смяюцца.
Як не сталі яму людзі работы даваць, дык ад тых дат прыстанішча дома не мае. Усё на сяло валачэцца. Бывае, абыдзе ў вёсцы ўсе хаты, з кім у злагадзе жыве, дый вернецца на сваю Пагулянку*, дзе адны дзесяціннікі жывуць. Стане на сцежцы проці свае хаты, што ад хаты на дарогу выходзіць, зірне ў адзін канец Пагулянкі, зірне у другі. На свой двор і на сваё гумно гляне. От так пастаіць, паглядзіць. Задзярэ ўверх галаву – сонца пад поўдня ўжо бярэцца. Шчэ раз на вёску азірнецца ды памаленьку й пойдзе к каму на Пагулянку. Тут суседская справа. Так і паміне свой дом.
Другі, як саб’ецца з пільнай работы, будзе ток падмятаць, раўнаваць гной у загарадках. Ды ці мала можна работы знайсці няробленай, калі добра пашукаць. Некаторыя жыць без яе не могуць. Самі робяць і другім раяць. Кажуць: ратунак ад шкодных думак людзям работа дае. Гэты самы Трахім гаворыць, што знаў на засценку аднаго смешнага шляхціца.
Перад вайною гэта было. Тады ніхто шчэ не знаў прафсаюзаў і абрэзкі. Меў сабе шляхціц тады пяць валок зямлі. Трымаў парабкоў і дзве наймічкі. Ды надта ж ён баяўся, каб служобныя лішне не думалі. Усё так меркаваў, каб у іх часу не было на гэты занятак.
«Што ж? – сабе думаў.– Будзе час – пачнуць думаць, надумаюцца красці. Тады сцеражыся. Прымай з-пад іх рук усё, што валяецца напашэве, альбо вартаўніка наймай на іх. Наймі вартаўніка – яны красці пабаяцца. Як не памкнецца ніводзін, каб украсці, дык вартаўніку ўжо не будзе чаго рабіць. Сам ён стане думаць і да таго самага пераканання гатоў дайсці. Шчэ лепей!»
Усё хадзіў шляхціц за наймітамі ды загадваў:
– Пабяжы тое зрабі!
– Чаго рассеўся, як капуста ў гародзе? Вазьмі онь гэта сюды паднясі!
А бывае й так, што ніяк не дадумаецца, каб у кожнага з іх была свая работа ў руках. Тады адзернецца на хвілінку. Сходзіць на дрывотню абурыць касцёр дроў. От аднаму ўжо й занятак на ўвесь дзень.
– Ды глядзі ж, – кажа, – каб на сонцы другі канец быў, а не той, што ўжо добра парудзеў і дагэтуль. Тады гараць лепш, як роўна з усіх канцоў усыхаюць.
Гэтага шляхціца любіць Трахім успамінаць, калі хто перад ім бедаваць вельмі стане, што работы многа, ці выхваляцца пачне, які сам дасужы. Плюне тады Трахім. Люльку ў зубах паправіць.
– Гэта, – кажа, – дрэнь! От дзе быў чалавек працавіты, любіў работу!
Калі ж сам па сабе ўпляцецца ў гаворку гэны шляхціц ды ў гуморы будзе наш стары – смяецца тады, расказваючы:
– Вар’яцеўся чалавек!
Сам ён блізка ля шляхціца не стаяў. У яго работа трэба каб кіпела ў руках. Сюды-туды павярнуўся – дзе граблямі сцягнуў, а дзе вілкамі закінуў, рукамі падаткнуў – гатова! Калі месці, дык з усяго пляча. Калі падграбаць, дык збольшага. Не любіць Трахім надта кешкацца з работаю, цацкацца з усякаю драбязою, калі й без яе ўрон у гаспадарцы не вялікі. Калі ж гэтак трэба што рабіць, дык – зарэз! Яму абы барджджэй з рук работу, а з галавы клопат збыць. Тады волен свет чалавеку. Зняў сабе на сцяне з крука свой зашмальцованы ў падоле палатаны кажух. Апрануўся ў рукавы, крыссе закінуў, прыпёрся жыватом дзе да ложка ці да стала – падперазаўся ды й на любы свет ідзе вочы прахаладаць.
У памяць тутэйшым людзям Трахімаў кажух. Зіму-лета не сыходзіць ён у яго з плячэй. Ад трох метраў у год не надта напаліш хату. Не так ужо ў ёй, каб зубы ляскалі, але пара відаць, як хукнеш. Людзі, бывае, і падборкі прыстараюцца, ды й то ў хаце ваўкоў ганяць ільга, дык што гаварыць пра Трахіма – ён з падборкаю не знаецца. Затое ў іх хаце ніводзін селянін не распратваецца. Бывае, як залянуецца Трахім на сяло йсці, дык на ложак, падпяразаны сырамятнаю папружкаю, што некалі паскам звалася й каня ёю падпіналі, – у чым стаяў, у тым і кладзецца. Задрамаць яму захацелася ці то так на баку паляжаць, заплюшчыўшы вочы, – пацешыць старыя косці.
Якому чалавеку дык Трахімаў кажух быў бы толькі па калені, а то й вышай, а яму самому – шчупленькаму, нізенькаму, крыху сівенькаму чалавечку – па самыя костачкі займае. Цераз гразь ідзе – крыссе ўгору падымае, каб не замачыць.
Яшчэ вось па чом Трахіма пазнаць ільга: ніколі ён верхніх штаноў і кашулі не носіць, як цёпла. Толькі сыдзе снег і аж покуль мароз зямлю не пачне сціскаць – ён у ісподнім ходзіць. Дый чаго там надта строіцца – усё адно з-пад кажуха не відаць. Скідае ж ён яго толькі як косіць ці завіхаецца сена ў копы ставіць перад дажджом. Тады ў белым лепш як так у якім – халадок. I не надта цяжка Трахіму гэтакая зімовая апранаха. Ужо выцерлася (каторы год носіцца!), дык як пярцо ляжыць на плячах.
Зімы толькі Трахім баіцца. Тады не абы-якія шарачковыя штаны, а порткі суконныя адзяе, а на плечы куртку на кудзелі ўздзябурыць. Цёпла й добра! Шчэ кажух наверх апране, дык зусім як на печы.
За адно толькі дрэнны ён чалавек, што кожан дзень у яго новае на языку. Памяць курыная: забываецца, што й як учора гаварыў. Але хай сабе й з цэбар будзе галава, ды й то ўсяго не спомніць, што ён за адзін толькі вечар намеле языком. Баржджэй збрыдае слухаць каму, хто не паспаў, можа, ночы са дзве, як Трахіму дадзене гаварыць.
Аж злосею я на яго за такую няспраўную памяць. Разоў са тры прабаваў угаварыць, што брыдка рабіць гэтак, што людзі ўсё роўна запамецяць ды смяяцца Будуць.
– А вы ж у суботу зусім іначай гэта самае казалі, – выкіну, бывае, яму на вока.
Думаецца, што паправіцца чалавек ад гэтага, будзе ў адно слова патрапляць гаварыць. Але дзе там! I слухаць не хоча маіх парадаў. Крыўдуе. Раптам суніме сваю мову, насупіцца:
– Дык раскажы сам, калі лгуна знайшоў!
От я ўжо й папаўся ў бэту. Маўчу сціхатою. Добра шчэ, што ўсяго на адну хвілінку спракудзіцца Трахім, а далей не бярэ ўвагі на мае глупасныя словы.
А сама лепш яго ўлавіць, калі распачне гаворку пра сала й млека – што з іх лепей нашаму вясковаму чалавеку. Тут ужо ўсякі дурань розніцу запамеціць, калі толькі два разы чуў гэту мову – узімку і ўлетку. Можа, загэтым і кажуць у нас:
– Ілгун ты! Трахім з Пагулянкі!
Гэта ж пад весну стануць у людзей каровы цяліцца. А «чарна» Трахімава ўсё значыць. Не помніць ён добра, калі жонка яе к бугаю вадзіла, дык і тэрміну не можа сказаць.
Нагледзіцца ён, па сяле ходзячы, як малодзіва міску каторыя дастануць з печы, паставяць на стол. Пара з яе аж да столі слупам верне. А яны ўспадуць на міску ўсёю сям’ёю. Хваліць не хваляць, моўча, але па тым, як іх раты ходзяць, здагадваецца Трахім, што смачная гэта ежа. Ды ці толькі адно малодзіва й ядуць людзі? Гэтаксама добра, калі к сняданню й юшка забеленая гатова. Ды й так, кварту млека заліўшы, добра з хлебам з’есці.
Нагледзіцца Трахім на людзей ды давай іх выгаду ганіць. Млека й на сабаку не варт у яго.
– Ніякага, – кажа – наядку няма. Усё адно што вада. Напіўся – троху пачакаўшы, выбегла яно з цябе, ды йзноў далівай. Ані не трывалае: не тое, што сала. Нябось, касы па млеку не пацягнеш.
Хто першы раз чуе, дык і падумае – праўда.
З месяц пачакаўшы, ацеліцца Трахімава «чарна». А зараз згоніць снег, пачне падсыхаць зямля. Выйдуць людзі на поле. I Трахім услед за імі. Ад ранку да змроку калі папаходзіць за бараною – вымерхаецца добра. Другі б цяпер скварку як мага тлусцейшую, у кулак згробшы, апетаваў бы, а ён – не, яму й не хочацца. Гуляшчы кубелец цяпер у Трахіма ў каморы стаіць – і толькі бяды! Зусім малую цану Трахім салу ў сяўбу дае.
– Я яго, – кажа, – не ўважаю. Каб хаця любовае, а то тлустасць адна. Ясі яго, а назад з цябе верне, як здыхліна якая. Капусту ці картоплю-смажанку ім затаўчы шчэ як-ось-як, а каб адно яго з хлебам перці, дык я, дальбог, гатоў казлы падраць.
I гэтак у яго мова змяняецца штогоду ў адну пару. Дык дзіва, што лгуном завуць?!
А так варта Трахіма паслухаць. Усякіх людзей ведае ён: і паноў, і цыганоў, і шляхтаў, і так сабе майстроў усякіх, усіх гаспадароў на паўмілі кругом у сваёй ваколіцы. Мабыць, як шаўцом яго звалі ды ездзіў шыць з калейкі, тады многа чаго нагледзеўся дый дагэтуль яшчэ не забыўся ўсяго. Усякім спосабам яго знаёмыя цяпер на звяглівым языку выкручваюцца. Дзіўнымі выходзяць – людзям напаказ.
А гора якое на Трахіма ўспадзе ці засмуціцца па чым дужа, тады ўсё ў яго кепска. Увесь свет у яго, выходзіць, на глупстве стаіць. Паслухаеш Трахіма, падумаеш: «Такі ж праўда».
Тады Трахім ані люлькі з зубоў не пушчае. Сваёй работы яна ў яго, з крывога вішнёвага сука выкручана. I цыбук суцэльны з люлькаю, у кузні жыгалам прапечаны. Папяросаў Трахім не ўважае. Часу, кажа, многа на іх ідзе – пакуль ты яе скруціш. Дый папера дорага, каб купіць. Газеты і так бы расстараўся, але смярдзіць у ёй. А з люлькаю хутка: выгарала ўсё, дык попел аб ногаць выбіў, новага падсыпаў тытуну ды зноў пэхкай сабе. Шчэ наш стары як у горы, дык на адным месцы не ўстоіць, гаворачы. Усё бліжэй да таго, хто слухае, падыходзіць. Маль не за кожным словам вымае люльку з зубоў і плёвае на падлогу, як няўмелы курэц. Так што пасля яго бяры венік ды расцірай па хаце харкачы, каб не гразка было. А яму самому ад такой гаворкі лягчэй на сэрцы робіцца.
Весел сам – тады ўсё хваліць. Паслухаеш яго, і здаецца, добрыя, толькі што крыху смешныя людзі на свеце жывуць. Пасмяешся з іх з Трахімам разам. «Праўду кажа», – сабе падумаеш.
Ці то бяду, ці вясёласць – усё Трахім на людзі нясе. К усякаму з сваім горам чэпіцца, хоча той слухаць ці не.
А самая большая прычына яго смутку і радасці – печ, што добра не напальваецца. Многа ў ёй гаршкоў ды яшчэ калі ў іх гусцей скалкі плаваюць – спакайней на душы. Мала – тады й галава ад засмучоных думак свярбіць, і кашуля кусаецца, дый язык гатоў ляпнуць чортведама што, добра не падумаўшы.
Вось чаму бывае неразбяры-бяры з гэтым чалавекам.
Я й сам люблю паслухаць гаваркіх людзей, а з Трахімам сварыўся б, здэцца. Злосны я на яго. Як гэта можна ў адно слова два разы сказаць не патрапіць? Шчэ й жыць на свеце Трахім ані не ўмее. Не так, як другія сквапныя людзі.
У нямецкую вайну ўзялі былі й яго ў запас. Стаяў перш у Уладзімірскай губерні. А як цара скінулі – у Віцебск перагналі. Дасціпныя людзі шынялі тады цягалі, гунькі, гімнасцёркі, таўстыя чаравікі. Трахім ж як стаіць дамоў вярнуўся. Смяюцца, накпіваюць з яго людзі – пакпіла й машына: на дзве станцыі не давезла. Нешта ёй зрабілася – стала, й ні з месца. Мусіў Трахім злазіць ды пяхотам джгаць больш як пяцьдзесят вёрст. Гэта добра, што дадому, а каб з дому хто б яго зайшоў так далёка. Пасля таго толькі аднаго разу ў абоз з’ездзіў аж пад самую Буграку, а больш нідзе не быў, апроч свае Пагулянкі ды нашай вёскі, што помежня з ёю. Ну, бывае, у мястэчка да торгу з ездзі. альбо ў млын ці зімою ў лес. А з таго часу, як на свеце пабыў, ён яшчэ больш ілгаць, ці то многа праўды гладзей казаць, налажыўся.
Але патом боязна Трахіма ілгуном абзываць. Шчэ вочы чалавек захаркае за такую знявагу, як дачуецца.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.