1. Галоўная гераіня твора — дзяўчынка Верачка. Аўтар гаворыць, што ў яе "бледны, нібы на іконе, тварык, які светлым німбам абрамляюць агніста-рыжыя валасы". Апранута Верачка ў сінюю крэпдэшынавую сукенку. Пры знаёмстве з дзяўчынкай адразу звяртае на сябе ўвагу яе клопат пра сям'ю. Уражвае, што ў хвіліны небяспекі яна не думае пра сябе, а кідаецца ратаваць родных. Яшчэ наша гераіня вельмі далікатная, уражлівая.
2. У бальніцы Верачка была "як зачараваная. Пульс, дыханне — нармальныя, а знешне не выяўлялася ніякіх прыкмет жыцця. Збялелы, без адзінай крывінкі твар, на якім найбольш выразна выясніліся вяснушкі, заплюшчаныя вочы, моцна сціснутыя вусны". Урачы, каб дапамагчы дзяўчынцы, правялі кансіліум на чале з вопытным прафесарам. Але. зразумець захворванне і паставіць дыягназ урачы не змаглі.
3. Планета ластавак сонечная і маляўнічая. На ёй жывуць адной вялікай сям'ёй, сябруюць, не злоснічаюць, няма там ворагаў, ніхто нікога не пакрыўдзіць.
4. Першай сустрэла Верачку, якая ператварылася ў ластаўку, незнаёмка-ластаўка шчырымі і ветлівымі словамі. I ўсе птушкі на гэтай планеце былі рады Верачцы, віталі яе, выгуквалі: "Будзем сябраваць", "Мы рады сустрэчы".

Быў светлы дзень, дзень арэхавага Спаса. Жоўценькія лушчакі ўжо ледзьве трымаліся на галінках, гатовыя ў любое імгненне выслізнуць са сваіх утульных гнёздаў. I варта гайдануць ляшчыну туды-сюды, як самыя спелыя арэхі ляцяць на зямлю: бяры, ласуйся, смачнымі зярнятамі.
Вось Пецька з Янкам і выбраліся апоўдні за вёску, у густы арэшнік, што разросся на ўзгорку ўзбоч дарогі.
Спыніліся ля высокага куста і пачалі мышкаваць пад ім, разграбаючы сухое, шархоткае лісце. Потым трэслі гонкія ляшчыны, радаваліся кожнай сваёй удачы.
Шукалі, мышкавалі, і раптам Янкавы пальцы шкрабанулі па чымсьці цвёрдым. Непрыемна так, нават балюча. Узлаваўся Янка, хацеў гэты камень (а што ж яшчэ?) шпурнуць куды-небудзь, каб болей не трапляўся пад рукі. Разгарнуў ён струхлелае лісце і аж зніякавеў. Хіба ж бывае камень з такой рабрыстай паверхняй? Ды вунь яшчэ нейкі куртаты хвост. Здагадка апякла нябачным полымем.
— Пеця, глянь, што я знайшоў,— амаль шэптам вымавіў Янка.
— Спарыш? — Пеця не выказаў асаблівай цікавасці да Янкавай узрушанасці.
— Не-е, хутчэй сюды! — не сказаў, а выкрыкнуў Янка.

"Ляжаць ніжэй травы, цішэй вады",— такі быў загад Жоржыка Цыгана.
Жоржыкава прозвішча Казлоўскі, а Цыганом мы яго празвалі. Можа, што ў яго былі чорныя вочы і цёмны, нібы падвэнджаны, прышчаваты твар.
Нас пяцёра, Жоржык — шосты, і ўсе мы на ляту ловім кожнае слова нашага важака. Ніхто, вядома, не асмельваецца назваць Жоржыка Цыганом проста ў вочы. Ён у нас аўтарытэт — ого!
Мы стаіліся ў засадзе, ляжым "ніжэй травы, цішэй вады" ўжо з паўгадзіны, чакаем. Метраў за пяцьсот ад месца засады — выспа, парослая густым бярэзнікам, дзе мы зладзілі сабе будан — "церамок", і цяпер не ўяўляем свой вольны час без нашай патаемнай схованкі. Скажу па сакрэту, Цыган наведваецца сюды і ў час заняткаў. Ён жыве ў цёткі Аўдулі і сам сабе гаспадар. Хачу іду ў школу, хачу гуляю... Цыган два разы заставаўся на другі год і летась апынуўся ў нашым пятым класе. I ўсе хлопцы прызналі яго за важака.
Звычайна мы збіраліся да нашага церамка ў нядзелю з самай раніцы. Ішлі не з пустымі рукамі — запасаліся хто чым можа. Разводзілі касцёр, пяклі бульбу і бавілі час гульнёй у шашкі.
Мы гулялі на высадку, але гэтую "высадку" лепш за ўсё назваць паказальнымі выступленнямі нашага чэмпіёна Жоржыка Цыгана. Цыган умеў праводзіць хітрыя камбінацыі з прарывам у дамкі, і мы толькі дзіву даваліся: адкуль такая кемлівасць? Потым ён прапанаваў гуляць у паддаўкі. Тут выйграваў той, хто першы аддаваў усе свае шашкі.

П'еса «Звар'яцелы Альберт, або Прароцтва шляхціца Завальні» (1991) – рымейк фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага. Асноўны канфлікт п'есы – гэта канфлікт паміж светлымі і цёмнымі сіламі, паміж Дабром і Злом за чалавека, яго душу, яго лёс. У цэнтры твора – жыццёвы лёс пана Альберта, уладальніка маёнтка, які ў пагоні за нажывай фактычна прадаў душу д'яблу, ролю якога ў п'есе выконвае Чарнакніжнік. Жыццё Альберта цяпер падпарадкавана розным пачварным і агідным істотам, якія падштурхоўваюць яго на самыя нягодныя ўчынкі. Ён становіцца чалавекам без радзімы, выракаецца Бацькаўшчыны. Ён гатовы за ўласны дабрабыт прадаць чалавечую годнасць, грэбуе гісторыяй і культурай свайго народа, гандлюе памяццю продкаў. Аўтарскія ідэалы Дабра, маральнай чысціні ў творы ўвасабляюць мудры шляхціц Завальня і шчырая ў сваіх пачуццях Амелія. Імкнучыся пераканаць Альберта ў неабходнасці жыць па маральна-этычных законах продкаў, Завальня асуджае тых паноў, хто гатовы на здраду Радзіме, на ганьбаванне яе народа, на ашуканства і падман, якія «толькі і дбаюць, каб застацца пры багацці і раскошы...»
Вельмі сімвалічна, што аўтар завяршае свой твор «Малітвай за Беларусь», у якой просіць Бога не караць «нас бяспамяцтвам», каб не забыліся мы «святое мовы беларускае, гісторыі і традыцый нашых...»

У п’есе Сяргея Кавалёва «Драўляны Рыцар» малюецца ідэалізаваны вобраз – узор прадстаўніка рыцарскай культуры. Носьбіт найлепшых якасцей – звычайная драўляная цацка, якая характарызуецца недасягальнай для большасці людзей ступенню чалавечнасці.
Адначасова ў канву твора ўключаюцца міфы пра фей, міфалагічныя істоты Зморы, Скныра, Здані, Цмока, Дамавічка.
З аднаго боку дзеянне адбываецца ў рэальным свеце, у «старым драўляным доме на ўскрайку лесу», дзе «недарэчны замок на дзвярах вартуе цішу, пустэчу і змрок», дзе «некалі жылі людзі, гарэў агонь у печы, спяваліся песні». З другога – казачны свет, Каралеўства Сноў, дзе ёсць месца фантастычным персанажам і незвычайным учынкам. Такім чынам ствараецца асобы каларыт блізкасці дзеяння твора да рэальнасці.
Полюс святла – гэта маленькі Драўляны Рыцар, які здольны на вялікі ўчынак. Ён падобны на герояў фальклорных чарадзейных казак, якія выконваюць сакральны рытуал ініцыяцыі, і адначасова гэты персанаж уяўляецца шукальнікам унутранай гармоніі, таму ад самага пачатку з’яўляецца адзінокім. Драўляны Рыцар блізкі да рамантычных герояў, якім уласціва трагічнае падваенне ўнутранага свету, ён дзейнічае ў адпаведнасці з ідэальнымі рыцарскімі законамі ахвярнасці, чым здзіўляе ўсіх. Драўляны Рыцар не можа здрадзіць сваім ідэалам і тады, калі даведваецца, што ён будзе нікому не патрэбны праз пяць гадоў, і тады, калі будзе ведаць, што загіне.

У апавяданні «Трэскі на хвалях» пісьменнік заўважыў і стварыў праўдзівую і палемічна завостраную сітуацыю з жыцця местачковай інтэлігенцыі ў першыя пасляваенныя гады — першыя гады мірнага будаўніцтва. У апавяданні добра перададзены суровы подых часу: мітынгі і сходы ў халодных і пракураных памяшканнях, вострыя дыскусіі і спрэчкі ў вузкім коле сяброў. Гэта быў складаны і цяжкі для некаторых перыяд ломкі старых поглядаў, станаўлення новых перакананняў, класавага размежавання інтэлігенцыі.
Галоўны герой апавядання — былы настаўнік Сідор Браварка, які яшчэ да рэвалюцыі «выбіўся» ў людзі і трапіў у вышэйшае, як ён думае, «кола грамадскага жыцця». Пра той час у яго засталіся ружовыя ўспаміны: «Гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балы, вечарыны. Прамільгнулі палкія летуценні, жаданні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем». Але рэвалюцыя разбурыла гэты «рай», і Сідор Гарасімыч страціў колішні спакой і раўнавагу. Усё гэта зрабіла яго лютым ворагам Савецкай улады, ненавіснікам усяго новага ў жыцці. У пошуках сяброў і аднадумцаў прыехаў ён у сваё роднае глухое мястэчка Вікуры, спадзеючыся адпачыць тут ад мітынгаў і дэманстрацый. Але новае жыццё прыйшло і ў мястэчка. Яго былы сябра Андрэй Камель, цяпер загадчык аддзела асветы, у брудным пакойчыку з разбітымі вокнамі і пашарпанымі шпалерамі займаецца школьнымі справамі. Нават звычайная вечарынка, на якую Сідор ішоў з надзеяй адвесці душу, ператварылася ў вострую дыскусію пра ролю інтэлігенцыі ў грамадскім жыцці.
Вуснамі настаўніка Андрэя Камля пісьменнік выносіць прысуд мяшчанскаму свету, тым людзям, якія сталі нікчэмнымі трэскамі на бурлівых хвалях новага жыцця: «Сідор астаўся тым, які і восем гадоў таму назад пяяў на клірасе «Спасі, госпадзі», а ў станавога «Божа, цара храні!»... Ён, пэўна, думаў, што гэты матыў шуміць і над усімі Вікурамі. Дзеля таго і трапіў сюды, але памыліўся. Мы выйшлі з-пад гэтага матыву. Нам звіняць новыя песні». Сімвалічны сэнс мае канцоўка апавядання «Трэскі на хвалях»: Сідор, як «нацкованы воўк, безаглядна бег у цемнату вуліцы».

Эпічны твор «Сокі цаліны» — першы беларускі раман, які складаецца з чатырох квадраў-кніг: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжавыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы».
«Сокі цаліны» — гэта раман пра вялікія працэсы абуджэння чалавека, пра выспяванне рэвалюцыйнай свядомасці, пра той час напярэдадні Кастрычніка, калі «багатая сокамі цаліна агромністай краіны расціла маладыя пасынкі» — стойкіх і мужных барацьбітоў за новы грамадскі лад. Пісьменнік прасачыў не толькі шляхі рэвалюцыйнага пралетарыя, ён разгарнуў шырокія малюнкі завадскіх будняў, местачковага побыту, закрануў многія праблемы грамадскага і палітычнага жыцця Расіі, што было новым для беларускай прозы.
У цэнтры рамана «Сокі цаліны» вобраз Рыгора Нязвычнага, які выйшаў з местачковага сялянскага асяроддзя і стаў рабочым — прафесійным рэвалюцыянерам. У асобе Нязвычнага Цішка Гартны паказаў кіруючую ролю партыі ў збіранні і гартаванні рэвалюцыйных сіл, самаахвярную адданасць яе лепшых сыноў вялікай справе вызвалення працоўных. Рыгор — натура валявая, арганізатар народных мас, чалавек, поўны бурлівай энергіі; ён заўсёды наперадзе, у самым віры падзей, там, дзе найбольш цяжкі і адказны ўчастак барацьбы.
Рыгор Нязвычны — гэта чалавек з непахіснай верай у перамогу народа, верай, якая акрыляе яго, памагае пераносіць цяжкасці, адольваць перашкоды: «Хто спаў — прачынаецца, а хто маўчаў — пачынае гаварыць: хто цярпеў — пратэстуе, хто паддаваўся — змагаецца, песні жалю змяняюцца песнямі перамогі... Наперад да боек!». Дзе б ні быў ён — сярод сілцоўскіх сяброў, рыжскіх ці пецярбургскіх рабочых, у турме ці ў высылцы,— рэвалюцыйны аптымізм не пакідае Рыгора, які сваім асабістым прыкладам уздымае «новыя парасткі» на змаганне.

Я стаяў на вузкай-вузкай мяжы, абросшай рэдкай высокай травой; а абапал яе, крышку шырэйшыя за мяжу, цягнуцца мужыцкія шнуркі жыта. Круг-кругам – зялёнае, пекнае, як дарагі аксаміт, – мора зелені. Пахне нечым свежым, лёгкім!..
Пад самым недзе небам, чыстым, ясным, пяе-заліваецца рэзвы звонкі жаваранак, верціцца, як лёгкае пёрка ў паветры, і быццам весяліцца. Унізе ж над жытам цэлыя мільёны мошак, жучкоў, матылькоў!
Якая свабода, як лёгка!..
Чаму ж, нягледзячы на ўсё гэтае хараство, агарнулі мяне вялікія, цяжкія, вострыя думкі, каторыя разам заўладалі маю душу і сэрца? Я бязвольна схапіўся за галаву, апусціў яе к зямлі, прыплюшчыў вочы і пачаў думаць...
«Вось гэтыя палоскі, гэныя вузкія шнурочкі – гэта багацце мужыка; яны кормяць і гадуюць яго, сям'ю, даюць хлеб усяму свету. Гэта ж тая самая зямелька, палітая крывёй і гарачым потам мужыцкім, на каторай бачыў я сам, як леташняй восенню, хмурным, сумным днём, – калі сыпаў малюсенькі, дробненькі дожджык, што прамочваў суконную світку мужыка-хлебароба, наскрозь дабіраўся да яго потнага худога цела, пускаў па ім дрыготку, – калі к яго шырокім патрэсканым, апэцканым нагам прыліпала цяжкая, ліпкая зямля, – ён, гэны цёмны, гаротны мужык, цягнуўся разорай за плугам, каторы цягнула яго худая, змардаваная Буланка, – сцёбаў свайго супрацоўніка вернага канаплянай пужкай, панукаў яго і пяяў сабе пад нос нудную, жаласлівую песню, поўную слёз і гора!

Пасвячаю Януку Купалу

Цяжка жыць без долі,
Што рабіць — не знаю;
Хіба на свет выйду,
Долі пашукаю.
Выйду пад гаёчак,
Крыкну на ўсё поле:
Гдзе так запрапала
Ты без сэрца, доля?!.
Можа, ты, зялёны,
Родненькі гаёчак,
Схаваў маю долю
Ў цёмны вугалочак?
Эй, скажы, мой мілы,
Пашкадуй дзяціну,
Памажы ты гору,
Паймі сіраціну!
Дарма я пытаю:
Шуміць лес няміла...
Не пачула доля,
Эх, пачуй, магіла!..

Капыль, 1909

Чырвонаармеец з апавядання «Панкел Ліпа» вытрымаў многа выпрабаванняў. Ён восьмы год знаходзіцца на фронце, пяць разоў быў паранены і ўвесь гэты час не бачыў ні жонкі, ні дзяцей. Чарговы раз вярнуўшыся пасля шпіталя ў сваю часць, герой перажывае душэўную скруху, бо, паводле яго слоў, «чалавек не сталь – не можа трываць бясконца». Панкелу здаецца, што калі б толькі ён даведаўся, дзе яго сям'я, угледзеў жонку, дзяцей, то «больш нічога не трэба», тады б ён зноў «гадзіўся на справу». Але вярнуўшыся са шпіталя, перад чарговай адпраўкай на фронт ён каторы раз чуе ад сваіх камандзіраў пра «святую павіннасць кожнага з чырвонаармейцаў забыць ўсё, што злучана з прыватным жыццём», пра самаахвярнасць у імя рэвалюцыі.
Другі галоўны персанаж апавядання Проў знаходзіцца ў Чырвонай Арміі з мэтай агітацыі чырвонаармейцаў перайсці змагацца ў стан казацтва. Адчуўшы настрой Панкела Ліпы, ён распальвае ў яго свядомасці незадавальненне сваім становішчам, уладай бальшавікоў. На супрацьстаянні гэтых герояў і пабудавана апавяданне.
Цішка Гартны псіхалагічна тонка і дакладна перадае ўнутраную барацьбу, што адбываецца ў душы Панкела. 3 аднаго боку, герою агідна сама думка аб здрадніцтве, ён разумее, што гэта «брыдка, непачэсна» і нічым такі ўчынак не апраўдаць. Разам з тым Панкел ловіць сябе на тым, што на першым плане ў яго «неадчэпная думка – думка аб доме, аб родных, і толькі за ёю ўкрадкаю, нічога супольнага не маючы, ганялася балючая непрыемная другая думка – ужо аб фронце».


Наверх