6-11-2016, 02:38
Стэфан Цвэйг - Нябачная калекцыя
На другім прыпынку пасля Дрэздэна ў наша купэ ўвайшоў пажылы пан, ветліва прывітаўся, потым, уважліва паглядзеўшы на мяне, яшчэ раз асобна кіўнуў мне, як добраму знаёмаму. У першы момант я не пазнаў яго, але ледзь толькі ён з лёгенькаю ўсмешкаю назваў сваё прозвішча, я адразу ж успомніў: гэта быў адзін з самых знакамітых берлінскіх антыквараў, да якога я да вайны нярэдка заходзіў, каб паглядзець або купіць старыя кніжкі і аўтографы. Мы крыху пагаварылі аб рознай драбязе. Раптам зусім нечакана ён усклікнуў:
— Я абавязкова павінен расказаць вам, адкуль я еду. За ўсе трыццаць сем гадоў працы я, стары антыквар, ніколі не сустракаў нічога падобнага. Вы, мусіць, ведаеце самі, што цяпер робіцца ў антыкварным гандлі, з таго часу, як вартасць грошай пачала выпарацца, быццам лёгкі газ: новыя багацеі раптам загарэліся жаданнем набываць гатычных мадонаў і першадрукі, карціны і гравюры старажытных майстроў; задаволіць іх попыт немагчыма, так і глядзі, каб не абабралі цябе да ніткі. Дай ім волю — яны выцягнуць запінкі з манжэтаў і забяруць лямпу з пісьмовага стала. Вось чаму расстарацца новага тавару ўсё цяжэй і цяжэй. Прабачце, што я тут назваў таварам свяшчэнныя для нас з вамі мастацкія скарбы, — але гэтае злое племя да таго давяло нас, што цудоўныя гравюры старых венецыянскіх майстроў пачынаеш разглядаць як эквівалент пэўнай колькасці даляраў, а малюнак Гверчына як увасабленне некалькіх сотняў франкаў. Ад гэтых ахопленых маніяй набыцця людзей няма ніякага ратунку. І вось аднаго разу я бачу, што мая лаўка зноў спустошана; і мне, мабыць, лепш будзе зачыніць на вокнах аканіцы — так мне было сорамна бачыць у старой лаўцы — яе яшчэ мой тата атрымаў у спадчыну ад дзеда — адны ўбогія крыхі хламу, які раней нават старызнік з паўночнай часткі Берліна не паклаў бы на сваю каляску.