Я вельмі баяўся, што аднойчы наступіць момант, калі адно з усіх маіх касмічных падарожжаў стане
апошнім. Зразумела, гэтага моманту не ўдалося пазбегнуць. I вось я, поўны смутку, вяртаюся ў чарговы
раз на Зямлю і ведаю, што ўжо ніколі яе не пакіну.
Гэта ведаюць і ўсе астатнія члены нашага экіпажа: я саступлю месца маладому і больш дужаму
беларусу. Камандзір, як ніхто іншы, да мяне асабліва ўважлівы. Па ягоным твары блукае нейкая
загадкавасць. I вось ён мне кажа:
— Я, напэўна, упершыню парушу вызначаны на Зямлі маршрут. Ведаю, што табе аднойчы вельмі
хацелася трапіць на тую маленечкую планету, што знаходзіцца на самым краі нашай Галактыкі, амаль
ужо ў другой... Мы заляцім туды. Гэта мой табе падарунак!

"Дзевятнаццатага лістапада ў дваццаць гадзін чатырнаццаць хвілін дзяжурны раённага аддзялення міліцыі прыняў паведамленне ад участковага міліцыянера Жоглы з далёкае вёсачкі Альховыя Крыніцы пра тое, што ім на полі знойдзены цяжка паранены Сцяпан Дзямідчык. Тыя, хто страляў, уцяклі на машыне... Дзесяткі людзей не спалі ў гэтую ноч... з-за двух стрэлаў у далёкай палявой вёсачцы... на полі ля Чортавых Жорнаў."

І
Сцяпан паставіў пры ганку вядро вады, выглянуў на вуліцу. Яго заўсёды турбавала часіна, калі пачынае насоўвацца прыцемак, здавалася, што ён чуе голас Апошняга Жураўля, пра якога калісьці расказваў дзед.
Раптам далёка ў полі Дзямідчык убачыў "два па-ваўчынаму роўныя агеньчыкі", зразумеў, што гэта зноў з'явіліся на машыне паляваць на руні зайцоў. Сцяпан узяў стрэльбу і скорым ходам падаўся ў поле. Машына ў паласе святла гнала звярка. Той з "адчаем высільваўся, аж слаўся ўвесь — каб толькі ўцячы туды... да лазняку абапал палявой дарогі". Уцячы зайцу не далі. Калі машына павярнула да выхаду на дарогу, Дзямідчык стрэліў у пярэдняе кола, разагнуўся ў сваім сховішчы за камнем. "I ў гэты час на яго, як на звярка, пырснуў люты сноп святла... пеканула збоку шыю".
Аднавясковец Дзямідчыка Жогла бачыў агеньчыкі двух сустрэчных стрэлаў, чуў, як уцякае падбітая машына. На матацыкле ён паімчаў у поле, здагадваючыся, што там адбылося.

1. Падзеі ў творы адбываюцца адразу пасля вайны ў самым пачатку восені. Галодны час быў тады, галадалі не толькі людзі ("на вячэру вараць толькі заціркі"), галадалі і алені.
2. Галоўная гераіня твора Ірка "малая яшчэ, ёй пайшоў дванаццаты, мала, што яна рослая, падцягнулася за вайну, затое тонкая". Яна любіць лес, умее заўважыць кожную травінку і лісток. Ёй, "увогуле, уласціва ўлюбёнасць у свет прыроды.
3. Ірка палюбіла аленяў за тое, што яны былі прыгожыя і даверлівыя. Рагаты нават пасябраваў з ёй. Калі гераіня гладзіла яго "па гарбатым носе, па халодных рагах, нават па шыі — ён стаяў і слухаў". Ірка дапамагала сям'і рагатага ратавацца ад голаду: прыносіла буракі, частавала хлебам, "які і сама бачыла рэдка".
Дзяўчынкай кіруе спагада да ўсяго жывога, таму што ў яе душы жыве дабрыня і спачуванне да ўсіх, каму патрэбна дапамога.

1. Тонік, як і ўсе вясковыя дзеці, дапамагаў маці па гаспадарцы, пасціў кароў, а ў вольны час, "прыгнаўшы на дзень" быдла, гуляў ля рэчкі, купаўся, лавіў ракаў, "катаў па вуліцы рэхву", нават спрабаваў лазіць у чужы сад па яблыкі.
2. Паліцаі прыйшлі сярод ночы, разбудзілі грукатам і напалохалі хлопца, прымусілі сярод ночы ісці з імі і паказваць, у каго ёсць коні. Тонік разгубіўся, бо паліцыянтаў было багата, яны ўсе былі ў чорным, "з аўтаматамі на грудзях, з нейкімі малаватымі на булаватых галавах пілоткамі" і ліхтарыкам свяцілі яму ў вочы. Тоніку ў тую хвіліну ўзгадаўся і Піліпаў Васька, якога ледзь не застрэлілі немцы толькі за тое, што скоса глянуў на іх. Ён паказаў на хату Мокуця, назваў іншых, у каго былі коні. Але пра партызанаў ён не сказаў нічога, хоць і ведаў пра Верчынага Сярожу.
3. Калі ў вёсцы з’явіўся Мокуцеў конь, а самога гаспадара не было, Тоніка апанаваў страх: "А што будзе, калі не вярнуўся? Гэта ж усе ведаюць, што я быў за старасту, і адразу падумаюць — удаў Мокуця". I гэта думка ўжо не пакідала хлопца. А калі прыйшла звестка, што застрэлілі Мокуця, пабаяўся выходзіць на вуліцу. Тонік спрабаваў расказаць Арсеніку пра тое, што гэта ён расказаў паліцыянтам, што ў іх ёсць конь, але не змог.

Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Нямала нашчадкаў Чарадзея увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю Полацкую». Як слушна сцвярджае Д. Бічэль-Загнетава, «свет нас прымаў як народ па адной палачанцы».
Пра дзейнасць асветніцы Еўфрасінні Полацкай, пра яе заслугі перад нашай нацыяй і ўздзеянне на нашы душы лепш, чым напісана ў «Жыціі Еўфрасінні Полацкай», сказаць нельга: «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім».
Кампазіцыя гэтага твора, як і большасці жыцій, такая: рытарычны ўступ; аповед пра нараджэнне святога дзіцяці, дабрачыннасць бацькоў яго; дзяцінства і юнацтва, пострыг, апісанне подзвігу; пахвала святой. «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» — таленавіты твор невядомага аўтара, напісаны прыкладна праз паўстагоддзя пасля смерці асветніцы. Вобразнасць — адметная асаблівасць гэтага твора: «Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як прамень сонечны прасвятліў зямлю Полацкую».

Крывічы — адно з самых шматлікіх славянскіх плямён — пабудавалі свой галоўны горад на рэчцы Палата, якая і дала гораду назву — Полацк.
Першым полацкім князем, пра якога захаваліся летапісныя звесткі, быў Рагвалод.

На той час на поўнач ад Полацка ўжо існаваў славянскі горад Ноўгарад. А на поўдзень ад Полацка на Дняпры ляжаў старажытны славянскі горад Кіеў.

На прастоле1 ў Кіеве сядзеў Яраполк, а ў Ноўгарадзе княжыў яго малодшы брат Уладзімір. Хутка паміж братамі пачалася вайна за тое, каму стаць галоўным князем. Полацк ляжаў на шляху абодвух братоў, што вось-вось павінны былі пачаць бойку. I Яраполк, і Уладзімір хацелі перацягнуць полацкага князя на свой бок і спадзява-ліся на яго дапамогу.

У Рагвалода былі два сыны і дачка. Дачку звалі Рагнеда. Слава пра яе прыгажосць дайшла і да Ноўгарада, і да Кіева. Уладзімір паслаў у Полацк сватоў. Кіеўскі Яраполк таксама хацеў узяць яе за жонку. Рагвалод не стаў прымушаць Рагнеду і дазволіў ёй самой выбраць мужа. Гордая палачанка адмовіла паслам Уладзіміра.

Добра летам было Валодзьку. Добра ўсюды, але, можа, нікуды не вабіла яго так, як у хмызняк за сялом. Ён прыходзіў сюды ледзь не кожны вольны дзень, часам і не адзін раз. У іншыя дні, здаралася, забываўся пра дом, пра маці, пра яе наказы, пра ўсё на свеце, толькі змрок, што ўпаўзаў між кустоў і рабіў хмызняк незразумела страшным, выганяў яго дахаты.
Чаго толькі не было ў гэтым хмызняку, што цягнуўся за Куранямі, здавалася Валодзьку, без канца-краю. У нізкіх з клейкім лісцем алешынах таіліся птушыныя гнёзды, між алешын нярэдка трапляліся стройныя тонкія крушыны, з якіх добра было рабіць кавенькі. Патрымаеш дручок над агнём, так, каб ён прапацеў, прапрэў, і бяры, гні з яго палазок-кавеньку! Можна такую кавеньку выгнуць, што, калі выйдзеш з ёю, як дзед, на вуліцу, усе хлопцы пазайздросцяць.
А колькі тут усялякай расліны, і горкай-прагоркай, такой, што калі возьмеш у рот, куснеш, дык язык нібы агнём апячэ, потым увесь дзень будзе гарэць, і пахучай валяр'янаўкі, за якую ў кааперацыі нават грошы даюць. Трава ў хмызняку такая высокая і густая, што праз яе церабіцца цяжка, як праз каноплі. Але самае цікавае ўсё ж зараснікі. Алешыны, крушына, лаза тут амаль усюды так густа пераплецены, што лезці ў іх мала хто і наважыцца. Дарослыя, ды і Валодзькавы сябры, тыя звычайна стараюцца ісці сцежкамі.

Урыўкі з аповесці

... Насця, ці як пасля ўсе ў школе яе пачалі зваць, Насцечка, была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсцяной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі, а калі стала халадней,— пачала адзяваць на кофтачку чорнае ватовае паліто з простым бобрыкавым каўнярком і вузенькім суконным паяском.
Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць па двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды,— ці то ў карыдоры, ці то на дварэ. Яна мела прывычку часта гаварыць: «ой, дзевачкі!» Часамі, бегучы, спатыкнецца і ўпадзе, і тады закрычыць:
— Ой, дзевачкі, я так далася каленам.
Вучылася яна вельмі добра. Яна старалася вучыцца...

... Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам, але бывала так, што бацька адным якім-небудзь учынкам у адзін момант разбураў усё тое, чаго дамагалася маці. Сержу часамі ўздумаецца тыя дзвесце крокаў, якія аддзялялі яго кватэру ад школы, не прайсці пяшком так, як усе дзеці, а праехаць у бацькавай машыне. Маці скажа, што гэтага не трэба, што ніхто з дзяцей у школу не едзе ў машыне. А Серж пачынае плакаць і крычаць. Тады бацька, каб адчапіцца, скажа шафёру завезці яго. I Серж тады гаворыць, што бацька лепшы за маці, што бацька добры, а маці злая, і з выглядам гордага начальніка над усімі людзьмі вылазіць з машыны каля школы, тады, калі ўсе дзеці стаяць навакол і глядзяць на яго. I Серж думае, што ён лепшы за ўсіх, за ўсіх разумнейшы і мае права мець ва ўсім над усімі перавагу. I пакрысе ў ім укаранілася ўпэўненасць, што ён нейкая выдатная асоба, а ўсе перад ім нічога не варты. I калі часамі ў яго была якая-небудзь няўдача, ён злаваў і стараўся спагнаць злосць на кім-небудзь, замест таго, каб самому, сваімі сіламі, паправіць справу.
Ён хацеў, каб кожнае яго слова было законам для ўсіх, а калі хто пярэчыў яму, ён аж кіпеў ад злосці і пагражаў, што паскардзіцца свайму бацьку. А бацька яго, як ён думаў, мае права і павінен зрабіць усё, што яму, Сержу, заманецца...

Лёня Саўчанка і Грыша Міхневіч вучыліся ў адным класе, сядзелі на адной парце і жылі на адной кватэры. У школе ўсе казалі, што іх і вадой не разальеш. I гэта сапраўды было так. Калі на вуліцы, гуляючы ў снежкі, Грыша адчуваў сябе пераможаным, то на дапамогу ён клікаў Лёню. I, наадварот, Лёня, які вучыўся слабей за Грышу, за дапамогай звяртаўся таксама толькі да сябра. Грыша ніколі не адмаўляўся, а толькі трос Лёню за чуб і прыгаворваў:
— Эх ты, галава — два вухі!
Лёня вырываўся з сябравых рук і нязлосна пагражаў:
— Пусці, а то як трэсну!..
— Ану, давай паспрабуем, хто каго адолее...— зухавата падстаўляў плячук Грыша.
Лёню не хацелася паддавацца.
Хлопцы браліся дужацца і, падскокваючы, нібы два пеўні, намагаліся адзін аднаго перахітрыць, падставіць ножку і пакласці, як сапраўдныя барцы, на абедзве лапаткі. Нязлосныя тумакі, вядома, не ішлі ў разлік. Іх хапала і пераможцу і пераможанаму.
Сварка, тая сварка, якая звычайна так прыніжае ў нашых вачах людзей, адбылася паміж імі зусім нечакана.

Даўно-даўно, не за нашу памяць было гэта.
Шчаслівы то быў куточак белага свету.
Вольна жылося людзям у той краіне. Ніхто іх не гнаў, ніхто іх не крыўдзіў, нікому яны не належалі. Багатая, урадлівая была іх зямля. Шырока раскінуліся іх палі, зялёныя травы сенажацей калыхаліся на ветры. Ціха і весела смяяліся кветкі, пазіраючы сваімі пахучымі галоўкамі ў раку, якая паіла ўвесь той кут і тых, хто жыў і рос там, і давала яму жыццё. Усё жыло каля ракі, гэту раку людзі называлі Жывою Вадою. Усё жывое і нежывое любіла яе, і песні волі разліваліся па ўсіх кутках шчаслівай старонкі.
Але не доўга астаецца шчасце на адным месцы. Пакінула яно і той слаўны куточак.
Нешта страшнае і незразумелае для чалавека зрабілася там. Нейкая цёмная сіла пазайздросціла шчасцю людзей.
У тым месцы, адкуль выцякала Жывая Вада, зямля стала ўспучвацца. Борзда, як грыб, вырастала гара. А Жывая Вада пачала павольна мялець і хутка зусім згінула дзесьці ў зямлі. Толькі след, дзе цякла яна, надоўга астаўся на зямлі і гаварыў людзям пра даўнейшае жыццё.
Гара ўсё расла. Праходзіў час, пусцела зямля, з гары сыпаўся жоўты пясок і засцілаў ураджайны грунт. Людзі збяднелі, птушкі разляцеліся. Не чутно ўжо было там вясёлых песень. Толькі арлы ды каршуны вілі свае гнёзды на высокай гары, што ўсмактала ў сябе Жывую Ваду.


Наверх