26-09-2016, 23:20
Міхась Стральцоў. На чацвертым годзе вайны
Малы не заплакаў, толькі не сваім голасам войкнуў, калі, уцякаючы ад матузоў, хацеў падшыцца пад ложак, - на хаду перадумаў нечага, разгубіўся, і тут яго дагнала, апошні раз балюча сцебанула старая.
Маці таўкла ў хаце проса; яна ўсё бачыла, і калі сын, разгубіўшыся, зыркаў па хаце здзічэлымі, спалоханымі вачамі, ёй здалося, што ён глядзіць на яе, моліць спагады, літасці, моліць заступіцца, і ў яе тады перавярнулася ўсё нутро, і яна падумала, што і сама часам гэтак жа сцябала малога, і цяпер пашкадавала, што рабіла гэтак.
Сын жа кінуўся ад ложка да дзвярэй, з усяе сілы ціснуў рукамі на клямку, біў у дзверы нагамі: маці бачыла, як дрыжаў у яго збялелы падбародак, як захліпаўся сын ад першых, крыўдлівых і роспачных слёз.
Моцна заплакаў ён ужо на двары.
І ёй тады, калі яна пачула гэты ягоны плач, чамусьці стала лягчэй, нібыта яна сама заплакала і ёй прыйшла са слязьмі палёгка.
Яна глянула на хату, на старую, што нечага мітусілася ў хаце, і больш за ўсё яе ўразіў свякроўчын твар - спустошаны і нейкі пакутліва нямы. І яна зразумела, што старая цяпер таксама шкадуе малога і што мітусіцца яна можа таму, што не ведае, куды ёй цяпер дзець матузы і што рабіць са сваімі рукамі.