Мне ішоў семнаццаты год. Мая семнаццатая вясна была вельмі багатай на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу.
Даўно ўжо з усіх кветак я найбольш палюбіў бэз. Бэз расцвітаў якраз у час нашых школьных экзаменаў. Букет ружова-сініх кветак заўсёды стаяў на стале, засланым чырвоным абрусам. За сталом сядзелі строгія экзаменатары, а на стале былі акуратна раскладзены білеты. Зверху білеты былі ўсе аднолькавыя. Які выбраць?
Падыходзячы да стала, я заўсёды хваляваўся. У такія хвіліны я, вядома, не звяртаў увагі на бэз, хоць стаяў ён у мяне пад самым носам. Затое пасля экзамену пах бэзу да самага вечара п'яніў мне галаву...
Ніколі яшчэ бэз не расцвітаў так, як сёлета. Ён сінеў цэлымі азяркамі па садах, палісадніках, у нашым станцыйным скверыку.
Але бэз у гэтую вясну на першым часе не хваляваў мяне і не радаваў зусім. Упершыню за многія гады і мне, і маім сябрам не трэба было здаваць экзаменаў. Не было і настаўнікаў, якія вучылі нас у школе. Адны з іх пайшлі на фронт і ваявалі пад Ржэвам, а можа, пад Севастопалем, а другія таксама не задавалі нам урокаў, бо на фасадзе нашай школы трапятаў чужы сцяг з чорнай свастыкай.

Анатоль Казлоў - Незламаная свечка
Адкуль жа бярэцца зло, ліха, шматлікія трагедыі на зямлі? На гэтае пытанне Анатоль Казлоў спрабуе знайсці адказ у аповесці «Незламаная свечка».
Яшчэ ад прапрадзедаў варагуюць два роды — Смалякоў і Барташэвічаў. Адзін на аднаго напусцілі яны порчу-пракляцце. I Барташэвічаў, і Смалякоў у вёсцы староняцца, баяцца, бо з імі «жартаваць, што з агнём у сене гуляць. Не ведаеш: добра абыдзецца ці попелам праз пальцы пасыплецца. То ўжо лепш змоўчаць, вочы адвесці ды пра што-небудзь старонняе, звычайнае пагаманіць.

Генрых Далідовіч - Заходнікі
Раман «Заходнікі» Генрыха Далідовіча — твор гістарычны. У ім адлюстравана рэчаіснасць першых пасляваенных гадоў у былой Заходняй Беларусі. Час гэты, як паказвае пісьменнік, быў суровы, жорсткі, поўны сацыяльных і чалавечых драм. На вёсцы бальшавікі ўсталёўвалі сталінскія парадкі, пазбаўлялі чалавека права быць гаспадаром на сваёй зямлі, разбуралі яго спрадвечную сістэму поглядаў і каштоўнасцяў.

Іван Пташнікаў - Тартак
Аповеспь "Тартак" — адна з першых спроб у беларускай прозе асэнсаваць трагедыю беларускіх Хатыняў. У цэнтры аповесці — трагічны лёс вёскі Дальва, якая была спалена за сувязь яе жыхароў з партызанамі. Падзеі ўбачаны вачыма некалькіх герояў, у свядомасці якіх прама ці ўскосна адлюстроўваецца страшная драма аднавяскоўцаў. Кожны герой дапаўняе астатніх, а ў выніку ўзнікае праўдзівы малюнак вайны, пакуты людзей, што апынуліся паміж двух агнёў. Пісьменнік падрабязна прасочвае жыццёвыя лёсы кожнага з герояў — Мірона Махоркі, Уладзіміра Панка, дзеда Янука, Івана Боганчыка, Насты, Тані, Алёшы. Кожны з іх праз успаміны нібы зноў перажывае найбольш запамінальныя моманты свайго жыцця, асэнсоўвае яго. Праз аднаўленне перадгісторыі падзей вызначаюцца і паводзіны кожнага з іх у час смяротнай небяспекі, калі немцы паставяць падводы з людзьмі наперадзе свайго атрада, ратуючыся ад партызанскага агню.

Васіль Быкаў - У тумане
Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі даследуецца пісьменнікам ў аповесці "У тумане" (1989). Пасля аварыі на чыгунцы немцы арыштавалі пуцейцаў, якія развінцілі рэйкі. Траіх пакаралі смерцю, а Сушчэню, які не захацеў супрацоўнічаць з ворагам, адпусцілі. Адпусцілі, узвёўшы паклёп, быццам той выдаў сваіх сяброў.

Віктар Карамазаў - Бярозавыя венікі
Адной з надзённых тэм, якую распрацоўвае сучасная літаратура, з'яўляецца тэма горада і вёскі, бацькоў і дзяцей. Сярод твораў на гэту тэму вылучаецца аповесць Віктара Карамазава "Бярозавыя венікі". Сцяпан, адзін з герояў твора, які працуе і жыве ў Мінску, каб атрымаць трохпакаёвую кватэру, забірае да сябе бацькоў, прадаўшы хату, дзе яны жылі.

Раіса Баравікова - Барбара Радзівіл
У аснову твора ляглі летапісныя падзеі Вялікага княства Літоўскага, пераказаныя ў "Беларуска-літоўскіх летапісах", а таксама народныя паданні пра каханне Жыгімонта II Аўгуста і найпрыгажэйшай жанчыны сваёй эпохі Барбары Радзівіл. Варта звярнуць увагу на разыходжанне тагачаснай і цяперашняй ацэнак паводзін персанажаў.
Летапісец расцэньвае каханне Жыгімонта як пажадлівасць, згубную страсць, і ў апісанні падзей відавочна асуджае будучага караля: "Потым кароль Аўгуст, пахаваўшы цела жонкі сваёй і, будучы чалавекам маладым, не мог стрымаць прыроджанае хцівасці да белых галоваў (да жанчын) і пачаў мілаваць паню Барбару Радзівіл, якая стала ўдавою пасля смерці пана Станіслава Ольбрахтавіча Гаштольта, ваяводы троцкага... І кароль пачаў хадзіць да Барбары па начах з палаца аж да яе дома і там, у яе, бываў часта. Пачулі пра тое на ўсёй зямлі Польскай і Літоўскай, і браты Барбары прасілі караля, каб так рабіць перастаў, і да сястры іхняе не хадзіў, і няславы дому іхняму не чыніў. Кароль абяцаў да яе не хадзіць і не хадзіў доўгі час, але потым моцы прыроджанае далей трываць не мог і зноў пайшоў да яе ўночы.

Кабінет міністра ўзгадненняў, у ім некалькі дзесяткаў тэлефонаў. Дзве тэлефаністкі ўвесь час здымаюць трубкі і ціха адказваюць. Час ад часу просяць міністра зняць трубку тэлефона-"дублёра" ("дублёры" знаходзяцца на стале начальніка).

Вяршыла рознакаляровымі ручкамі падпісвае паперы, якія яму падае Нюра. Перад міністрам дзве папяровыя гары - падпісаныя і непадпісаныя. Сакратарка прапануе начальніку заказаць факсіміле.

Вяршыла. Нельга, Нюра...Факсіміле можа кожны паставіць... А мы ж маем справу з людзьмі... Убачыць чалавек маю рэзалюцыю ў арыгінале "Ад-мо-віць!" і будзе задаволены... Таму што зразумее... Яго паперу чыталі! Над ёй думалі!.. А не проста ўзялі і адмахнуліся.

Алесь Петрашкевіч - Прарок для Айчыны
Дзве гістарычныя драмы Алеся Петрашкевіча — "Напісанае застаецца" (1978) і "Прарок для Айчыны" (1990) — прысвечаныя асобе беларускага першадрукара, асветніка і гуманіста Ф. Скарыны. Як прызнаваўся драматург, постаць Скарыны захапляе яго больш, чым іншыя гістарычныя асобы. У гістарычнай драме "Прарок для Айчыны", якая была напісана да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны, падзеі разгортваюцца вакол гістарычнай гіпотэзы, што Скарына меў дачыненне да выдання Статута 1529 года Вялікага княства Літоўскага. Сюжэт твора ўключае ў сябе невялікую колькасць падзей, якія разгортваюцца ў турме г. Познані, дзе сядзіць Францыск Скарына, асуджаны за тое, што нібыта забраў сабе маёмасць памерлага свайго брата Івана. Іван жа быў даўжніком вялікай сумы грошай, якія браў на будаўніцтва друкарні для Францыска. Даўгі пасля смерці Івана перайшлі да Скарыны. Падзеі ў творы падаюцца ў двух планах: 1) падзеі, калі Францыск знаходзіцца ў турме, і 2) успаміны Скарыны пра яго сустрэчы з каралём Жыгімонтам Старым, канцлерам Гештольдам, прускім герцагам Альбрахтам; успаміны друкара пра яго працу над раздзеламі Статута. Плынь сюжэта перапыняюць сцэны размоў Чорнага чалавека і каралевы Боны, якія чыняць перашкоды Ф. Скарыне ў працы над Статутам, плятуць інтрыгі, у выніку якіх першадрукар і кінуты ў турму. Аднак несправядлівае зняволенне яшчэ больш умацавала друкара ў намеры прадоўжыць справу выдання Статута. У фінале твора каралеўскім указам Скарына вызвалены з турмы, але гэта не прыносіць яму поўнай радасці: "Позна... Спалены не толькі кнігі і друкарня, спалены і масты. Нарадзіўся я, відаць, зарана на сваёй шматпакутнай зямлі. Паспяшаўся стаць прарокам у сваёй Айчыне".

Уладзімір Бутрамееў - Страсці па Аўдзею

Аўдзей і яго сям'я становяцца ахвярамі генацыду, які прынесла на Беларусь сталінская калектывізацыя. Таму фінал п'есы гучыць мінорна, драматычна. У лёсе Аўдзея, па сутнасці, увасоблена трагічная доля нашай вёскі і сялянства ў 30-я гг. Малады драматург стварыў яркі, тыповы характар беларуса-працаўніка, на плячах якога трымаецца сялянскі мацярык, спрадвечны, традыцыйны ўклад жыцця. Па сваёй псіхалогіі, маральных асновах характару Аўдзей блізкі да Міхала з «Новай зямлі» Якуба Коласа, чорнаўскіх Леапольда Гушкі з «Бацькаўшчыны» і Міхала з «Трэцяга пакалення», сялян з «Мядзведзічаў» Кандрата Крапівы і «Палескай хронікі» Iвана Мележа.